Жыхара Лунінецкага раёна будуць судзіць за угон «Аудзі»
Новости районаОбществоПроисшествия

Жыхара Лунінецкага раёна будуць судзіць за угон «Аудзі»

Чужое ніколі не стане сваім – менавіта такую простую ісціну забыў 20-гадовы ўраджэнец аднаго з аграгарадкоў Лунінеччыны, хаця пераканацца ў гэтым даводзілася не аднойчы.

Пракуратура раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванню маладога чалавека ва ўгоне транспартнага сродку. Было ўстаноўлена, што ў сакавіку гэтага года юнак, які ніколі не меў вадзіцельскага пасведчання, неправамерна завалодаў аўтамабілем маркі “Audi 100” і ажыццявіў паездку па райцэнтры без мэты крадзяжу.

Як расказала «Лунінецкім навінам» памочнік пракурора Лунінецкага раёна Кацярына Ярашэвіч, падчас допытаў мужчына расказаў, што той ноччу святкаваў дзень нараджэння знаёмай дзяўчыны. Вяртаючыся з клуба дамоў, яго ўвагу прыцягнула прыпаркаваная ў дварах шматпавярховак машына. Адчыніўшы дзверы, убачыў у замку ключы запальвання. Рашэнне “пакатацца” закончылася сумна: разварочваючыся, зачапіў правым бокам аўтамабіля металічную агароджу, ды і на месца транспарт не вярнуў, таму што “Audi” элементарна заглохла. Ужо на наступны дзень аўтааматар даваў тлумачэнні праваахоўнікам.

Пасля вывучэння матэрыялаў справы пракуратура прыйшла да высновы абгрунтаванасці абвінавачвання і аб’ектыўным даследаванні абставін злачынства, кваліфікаванага па артыкуле 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яго санкцыі прадугледжваюць штраф, выпраўленчыя работы, арышт, абмежаванне ці пазбаўленне волі да 5 год. Улічваючы, што раней у маладога чалавека ўжо былі канфлікты з законам, і на момант учынення гэтага наўмыснага злачынства ён меў непагашаную судзімасць, можна не сумнявацца, што новае пакаранне для рэцыдывіста будзе строгім.

Застаецца дадаць, што перадумовамі падобных выпадкаў становіцца бестурботнасць з боку пацярпелых, якія не прымаюць належных мер па захаванні сваёй маёмасці: забываюць зачыніць машыну, пакідаюць у ёй ключы запальвання і г.д. Заклікаем землякоў быць абачлівымі і праяўляць максімум увагі да зберажэння ўласнасці.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть