Общество

20 год разам

20 год разамВосенню 1993-га Лунінеччыну ўпершыню наведалі прадстаўнікі дабрачыннага камітэта “Сябры дзяцей Чарнобыля” з Ірландыі.

З таго часу кожнае лета юныя жыхары нашага раёна аздараўліваюцца ў “зялёнай краіне”. Многія школы атрымалі з замежжа істотную матэрыяльную і арганізацыйную падтрымку, што садзейнічала ўладкаванню шэрагу ўстаноў адукацыі. На працягу ўсіх 20-ці год ірландскія дабрачынцы дапамагалі і педыятрычнай службе цэнтральнай бальніцы. Устанаўленню культурных сувязей паміж Лунінцам і гарадамі далёкага вострава спрыялі выступленні нашых самадзейных артыстаў у Ірландыі ў 10-годдзе двухбаковага супрацоўніцтва.

Такія стасункі “народнай дыпламатыі” могуць мець працяг. Аб гэтым сведчылі кіраўнікі камітэта Мэры Фінеган і Мойра Морысі, якія ў чарговы раз наведалі наш раён. Яны пабывалі на рэпетыцыі народнага аркестра народных інструментаў у дзіцячай школе мастацтваў і захапіліся музыкантамі і салістамі. Замежныя госці ўручылі кіраўніку калектыву Наталлі Юрцэвіч сувенір – у Ірландыі гербам краіны стаў нацыянальны музычны інструмент, які нагадвае арфу.

Па-ранейшаму дабрачынцаў цікавілі аб’екты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – аддзяленні кругласутачнага знахо-джання старых і дзённага знаходжання інвалідаў. Падчас сустрэчы ў органах мясцовай улады разам з начальнікам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванам Раковічам ірландцы абмяркоўвалі далейшыя напрамкі гуманітарных праектаў. Дарэчы, адзін з іх, можна лічыць, ужо пачаўся. Мэры Фінеган і Мойра Морысі далі майстар-клас па англійскай мове ліцэістам (настаўніца Ірына Грушэўская), а адна з лепшых вучаніц – 11-класніца Вольга Коваль, удасканальваючы свае веды, суправаджала замежных гасцей у якасці перакладчыцы.

Гасцінна прыняў ірландцаў старшыня райсавета Віталь Адзішчаў, які ўзначальвае раённае аддзяленне Беларускага фонду міру. Сустрэча была вельмі знамянальнай, таму што 20 год таму менавіта БФМ спрыяў знаёмству замежнікаў з нашым раёнам. Госці паведамілі, што запланаваны разнастайныя мерапрыемствы ў гонар 20-годдзя сяброўства. Для годнага адзначэння яго і на беларускай зямлі ў кастрычніку Лунінец наведае чарговая дэлегацыя з Ірландыі. Свой жа візіт Мэры Фінеган і Мойра Морысі завяршылі наведваннем храма іконы Багародзіцы “Взыскание погибших”, дзе настаяцель іерэй Сергій Крышталь уручыў ім абразкі, быццам благаславіўшы на далейшыя справы дабрыні і міласэрнасці.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть