Благотворительность

Галоўная дзіцячая мара

detskij-dom-veluta

На карце Лунінеччыны дзіцячы дом сямейнага тыпу  ў Велуце паявіўся чатыры гады таму. За гэты час тут здолелі адагрэць пяць маленькіх сэрцайкаў, засланіць ад жыццёвай сцюжы пяць лёсаў.

Сёння Ніну Іванаўну і Анатоля Васільевіча Арэхваў ласкавымі словамі “мама” і “тата” называюць трэцякласнік Кірыл Конараў, браты: чацвёртакласнік Ігар і дзесяцікласнік Максім Марза, а таксама дзевяцікласніцы Вікторыя Ільіч і Ганна Свірская.

Актывісты жаночага руху ўпершыню пабывалі тут летась. У сям’і дагэтуль з асаблівай цеплынёй успамінаюць гэты візіт, а таксама члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мінулага склікання Таццяну Удавенка.

– Нас не асабліва песцілі ўвагай, – расказвае Анатоль Васільевіч. – Мы жылі, як самая звычайная сям’я: разам клапаціліся пра дабрабыт, дабудоўвалі дом, рабілі ўтульнымі пакоі… Іншы раз было няпроста, але мы не сумавалі, бо верылі, што з Божай дапамогай усё атрымаецца. Радаваліся любой падтрымцы, таму мінулагодні прыезд нечаканых гасцей быў вельмі прыемным сюрпрызам, асабліва для дзетвары. Нашы сыны і дочкі хоць і не зусім маленькія, але вераць у казку…

Гэтую казку выхаванцам дзіцячага дома мы пастараліся падарыць і сёлета. Да актывістаў раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” далучыліся калегі з раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Невар са сваім памочнікам Марынай Карлюк.

Падчас нашага прыезду, а гэта былі канікулы,  дома не засталі толькі Аню: дзяўчынка паехала ў Брэст на ёлку, праводзімую пад патранажам старшыні аблвыканкама. Затое астатнія захоплена прымалі салодкія ласункі ад актывістаў “Белай Русі”, канцылярскія і развіваючыя прыналежнасці – ад Саюза жанчын, вялікі пакет з фруктамі – ад парламентарыя. Ігар Леанідавіч, перакананы прыхільнік здаровага ладу жыцця, упэўнены, што вітаміны ўзімку дзецям патрэбны асабліва.

А потым адбылася размова – шчырая, цёплая і вельмі сямейная, калі з лёгкасцю  і нават трошкі жартаўліва можна расказаць аб праблемах (яны ў дзіцячым доме, вядома ж, ёсць), падзяліцца марамі. У кожнага з дзяцей яны – свае. Максім апантаны музыкай, асвойвае гітару і марыць пра невялікі клавішны інструмент. Ён быў бы дарэчы і астатнім дзеткам, бо і хлопчыкі, і дзяўчынкі да музыкі цягнуцца, балазе, у школе ёсць спецыяліст і адпаведны гурток, які вучні ахвотна наведваюць. Дзяўчынкі ўпотайкі захапляюцца шыкоўнымі ўбраннямі, а ўсе разам абмяркоўваюць магчымасць разам адпачыць у якім-небудзь з санаторыяў.

Пра тое, што збылася галоўная светлая мара кожнага з дзяцей, і іх сіроцтва сагрэта цяплом і пяшчотай бацькоў-выхавальнікаў, тут гаварыць не прынята, бо гэта бачна і так – па адкрытых поглядах, сардэчных усмешках і сонечных марах, якія абавязкова спраўдзяцца.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть