Дрэва, якое нараджае добрыя плады
Такое параўнанне прагучала са сцэны політэхнічнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа ў дзень яго 35-годдзя.
Павіншаваць калектыў навучальнай установы сабралася шмат гасцей. Увазе сабраўшыхся прапанавалі два фільмы, падрыхтаваныя спецыяльна да юбілею. Паўжартоўны сцэнарый настроіў на добры лад, падарыў светлыя ўсмешкі, а яшчэ пераканаў, што працуюць у каледжы пасапраўднаму творчыя аднадумцы.
Адкрыў свята дырэктар навучальнай установы Андрэй Баўкуновіч. Кароткі экскурс у мінулае быў аздоблены шчырай удзячнасцю калегам, а таксама ветэранам педагагічнай працы, якіх шмат было ў зале.
Віншавальную эстафету прыняў намеснік начальніка упраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Жук, які падкрэсліў, што ў каледжы пануе творчы дух, ёсць шмат зайздросных ідэй, якія калектыў удала ператварае ў жыццё. Гэта яскрава бачна па шматлікіх конкурсах, асабліва — па рацыяналізатарству, дзе лунінецкім навучэнцам практычна не бывае роўных. Аляксандр Фёдаравіч уручыў узнагароды рэспубліканскага і абласнога ўзроўню шэрагу работнікаў каледжа.
Работнікаў каледжа віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч і намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч. “Мы не будзем вам перашкаджаць. Больш таго, мы будзем вам дапамагаць, — запэўніў Віктар Анатольевіч. — Той факт, што паміж лунінецкімі політэхнічным і сельскагаспадарчым каледжамі існуе здаровая канкурэнцыя, дае надзею, што ўстановы не проста захаваюць сваю жыццядзейнасць, а будуць паступальна рухацца наперад”.
Упэўнены ў гэтым і начальна абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Анатоль Макаранка. А былы начальнік абласнога аддзела сярэдне-спецыяльнай і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі Міхаіл Хашымаў задаволена адзначыў, што і сёння калектыў навучальнай установы — у творчым пошуку.
Цёплыя віншавальныя словы прагучалі з вуснаў начальніка раённага аддзела адукацыі Івана Раковіча і галоўнага рэдактара “Лунінецкіх навін” Таццяны Вайцяхоўскай.
Успамінамі хвалявалі выступленні былых дырэктараў Аляксандра Гнедзькі, Яўгена Богдана і Мікалая Якубовіча. Падзяліць радасць юбілею прыехалі кіраўнікі-калегі з Ганцавіч, Баранавіч, Століна, Брэста, Пінска і вядома ж, суседзі-лунінчане…
Былі ў гэты дзень святочны загад аб прэміі лепшым работнікам, падарункі ветэранам, якія ўручыла старшыня прафкама Валянціна Баўкуновіч. А яшчэ — цудоўны канцэрт з мілагучнымі песнямі народнага хору “Палессе” і тымі, што па-майстэрску выконвалі выкладчыкі і навучэнцы каледжа. Свята яшчэ раз пераканаўча прадэманстравала, якія добрыя ўсходы дае сімбіёз стараннай работы і творчасці. І насамрэч: моцнае дрэва дае добрыя плады.
Таццяна ПЯТРОВА