Этот день мы приближали, как могли…
Цэнтрам святкавання Дня Перамогі ў Лунінцы па традыцыі стала плошча імя Леніна. Сюды з раніцы з усіх канцоў горада пачалі сходзіцца святочна ўпрыгожаныя калоны працоўных калектываў. Ганаровыя месцы – для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Роўна ў 10.00 над плошчай раздаліся ўрачыстыя гукі гімна. Пачаўся мітынг, прысвечаны 68-ай гадавіне Перамогі. Да сабраўшыхся звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Агіевіч.
– Для беларускага народа Дзень Перамогі мае лёсавызначальнае значэнне, бо наша краіна, як ніхто, пацярпела ў гады ваеннага ліхалецця, страціўшы кожнага трэцяга жыхара, – падкрэсліў Васіль Міхайлавіч. – Незагойнай ранай застаецца ў нашых сэрцах трагедыя Лахвенскага гета, знішчаныя разам з жыхарамі вёскі Сітніцкі Двор, Лугі, Обруб, Малыя Чучавічы, Мелясніца, Баравікі, Кормуж…
У памяць пра больш як 20 тысяч загінуўшых у гады вайны жыхароў раёна аб’яўлена хвіліна маўчання.
– Жывіце доўга, застаючыся для нас прыкладам высакароднасці і мужнасці, – сказаў кіраўнік раёна, звяртаючыся да ветэранаў. Яго словы падтрымала і вучаніца СШ №4 Святлана Жыгар. Ад імя былых франтавікоў і партызан на мітынгу выступіў Павел Дабрынец. Павел Акімавіч не хаваў хвалявання, узгадваючы партызанскае мінулае і загінуўшых сяброў.
Яшчэ адным сонечным праменьчыкам у гэты веснавы дзень стала прывітанне, падрыхтаванае выхаванцамі Цэнтра дзіцячай творчасці. Іх звонкія галасы ўпэўнена абвясцілі: па Лунінеччыне радасна крочыць 68-ая мірная вясна.
Гулкім пошчакам абвясціў пра яе і ваенны салют, што прагучаў падчас ускладання вянкоў і кветак да помнікаў загінуўшым.
Святочны настрой не пакідаў лунінчан на працягу ўсяго дня. Гэтаму спрыяла канцэртная праграма, удзел у якой бралі самадзейныя калектывы раёна. Цёплыя апладысменты гучалі ў адрас хору ветэранаў вайны і працы “Спадчына”, ансамбляў “Весніца”, “Маленькія шляхцічы”, “Залатое птушаня”, “Кросны” і танцавальнага калектыву “Абіссаль”, салістаў Надзеі Дубініч, Людмілы Давыдчык, Максіма Перапёлкіна, Гена-дзя Шэўчыка, Аляксандра Мірошкіна, Сяргея Місікава і іншых.
Цікавасць выклікалі выставы краязнаўчага музея, цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк, ДШМ і раённага метадычнага цэнтра. Лунінчане і госці горада захапляліся вышыванкамі, вырабамі з дрэва, паперы. Выкарыстаўшы ўнікальную магчымасць, культработнікі пастараліся годна прадставіць брэнд “Лунінецкія клубніцы”. На невялікай выставе-продажы ўмомант разыходзіліся вырабы з выявай сакавітай ягады.
Вуліца Савецкая ператварылася ў вялікае “летняе кафэ”. Работнікі гандлю і грамадскага харчавання паклапаціліся пра тое, каб задаволіць густы самых капрызных наведвальнікаў. Па традыцыі папулярнасцю карысталіся шашлыкі, кандытарскія і кулінарныя вырабы. Дзяцей больш прываблівала катанне на надзіманых горках.
На стадыёне “Палессе” сабраліся прыхільнікі здаровага ладу жыцця. У дартсе перамог Андрэй Дударга, у армрэстлінгу – Вячаслаў Грабовіч, у гіры – Аляксандр Калянковіч. У практыкаванні на скакалцы не было роўных Аляксандру Дударгу. Лепшым у жангліраванні футбольным мячом стаў Дзмітрый Курадавец. Самы далёкі кідок набіўнога мяча атрымаўся ў Аляксандра Цімашэя і Мікалая Мелюха.
Вечарам цэнтрам гуляння стала плошча Леніна, дзе лунінчане спявалі, віншавалі адзін аднаго са святам Перамогі і танчылі пад сучасныя рытмы.