Начальнік РАНС Эдуард Санюковіч адказаў на «100 пытанняў даросламу»
МолодежьПроисшествия

Начальнік РАНС Эдуард Санюковіч адказаў на «100 пытанняў даросламу»

Героі мірных дзён. Такое вызначэнне прафесіі выратавальніка далі навучэнцы Дзятлавіцкай СШ пасля адкрытага дыялогу з начальнікам РАНС Эдуардам Санюковічам, які адбыўся ў рамках маладзёжнага праекта БРСМ «100 пытанняў даросламу».

Эдуард Васільевіч пачаў размову са сваёй біяграфіі.

– Мая кар’ера дала старт у 1996 годзе. Спрабаваў сябе на розных пасадах: быў інжынерам, старшым інспектарам, першым намеснікам начальніка. Сёлета прыступіў  да абавязкаў начальніка РАНС. Аб выбары не шкадую. Калі б зараз прадаставілі магчымасць зноў вызначацца з прафесіяй, не раздумваючы, пайшоў бы па гэтай жа сцежцы. Заўсёды кіраваўся перакананнямі, маральнымі каштоўнасцямі, імкненнем прыходзіць на дапамогу тым, каму цяжка, хто трапіў у бяду, прымаў чужы боль як свой — гэта мая жыццёвая пазіцыя.

Пытанні кіраўніку сыпаліся адно за другім:  “Ці падабаецца цяперашняя работа начальніка?”, “Колькі зарабляеце?”, “Ці бываюць бязвыхадныя сітуацыі?”. Зразумелымі адказамі, гісторыямі з прафесійнага вопыту Эдуард Васільевіч прыцягнуў увагу юнакоў і дзяўчат.

– З інтэрнэту даведаўся, што на сённяшні дзень дакументы пасля 11 класаў прымае толькі ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, што ў Мінску. Гэта так?

– Сапраўды, з мінулага года тры інстытуты, якія займаліся навучаннем, падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай спецыялістаў, былі  рэарганізаваны ва ўніверсітэт з філіяламі ў Гомелі і Барысаве. У сталіцы вучацца курсанты для атрымання вышэйшай адукацыі, функцыянуюць магістратура, ад’юнктура, дактарантура. У філіяле ў Гомелі ажыццяўляецца падрыхтоўка па рабочых прафесіях: выратавальнікаў-пажарных, вадзіцеляў, дыспетчараў і іншых. А вось у пасёлак Светлая Рошча, што пад Барысавам, работнікі едуць для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Для тых, хто закончыў 6 класаў, ёсць магчымасць адправіцца ў спецыялізаваны ліцэй у Гомельскім раёне. Тут вывучаюцца прадметы на паглыбленым узроўні, накіраваныя на падрыхтоўку навучэнцаў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і іншых органаў дзяржаўнага кіравання.

– Каб  стаць курсантам, дастаткова здаць ЦТ?

– Не толькі. Па-першае, да 1 лютага патрэбна звярнуцца з заявай аб жаданні паступіць у ВНУ МНС у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Да 19 мая прайсці медыцынскі агляд ваенна-ўрачэбнай камісіі і прафадбор, які ўключае ў сябе здачу залікаў па фізкультуры: для юнакоў – бег 100 і 1000 метраў, падцягванне на перакладзіне; для дзяўчат – бег 100 і 500 метраў, комплексна-сілавое практыкаванне. Падрыхтоўка павінна быць не толькі фізічная, але і псіхалагічная. Моцныя нервы ў нашай службе не менш важныя, чым моцныя мышцы. Камандаваць людзьмі і правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях здольны далёка не кожны… Толькі  калі ўсе этапы будуць паспяхова пройдзены, можна здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, якое ўключае ў сябе такія прадметы, як матэматыка, фізіка, беларуская або руская мова. Дадатковую інфармацыю пра паступленне можна атрымаць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях па тэлефоне 2-67-30.

– Ці можаце назваць плюсы, дзеля якіх варта паступаць?

– Ва ўніверсітэце забяспечваюць харчаваннем, абмундзіраваннем і інтэрнатам. Стыпендыя складае каля 200 рублёў у месяц. Практыка праходзіць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях па месцы жыхарства. Створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, творчасцю, навуковай дзейнасцю. Тэрмін навучання – 4 гады. Пасля заканчэння ВНУ прысвойваецца званне лейтэнанта,  атрымліваеце гарантаванае першае месца працы, стабільны заробак. Да таго ж, выхад на пенсію прадугледжаны ў 48 гадоў. Аднак, калі думаеце толькі пра матэрыяльны бок, тады прафесія выратавальніка не для вас. Супрацоўнікі МНС штогод удзельнічаюць у ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый, ратуюць жыцці людзей і, мабыць, як ніхто іншы, ведаюць цану імгнення… Тут чакаюць тых, хто неабыякавы да людской бяды і  для каго дэвіз «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар», не проста словы.

– Які заробак маладога спецыяліста?

– Зараз лейтэнант атрымлівае 700 рублёў. Згадзіцеся, сума немаленькая для ўчарашняга студэнта… Дарэчы, скардзіцца не давядзецца і жонкам: абмундзіраваннем мужоў забяспечваюць на працягу ўсёй службы, таму яны не будуць штодня прасаваць кашулі і падбіраць гальштукі. А перад дзяўчатамі, якія выберуць прафесію выратавальніка, не паўстане кожнай раніцай пытання: што апрануць?..

– Памятаеце свой першы выклік?

– Так. Магчыма, калі б ён быў радавым, то і не запомніўся б. Аднак тады не абышлося, на жаль, без чалавечых ахвяр… І як бы ні стараўся потым эмацыянальна адхіліцца ад убачанага – не атрымлівалася. Патрэбныя словы падтрымкі знайшоў тагачасны начальнік Віктар Шаўчук. Самае жудаснае ў нашай прафесіі – смерць чалавека. Асабліва цяжка, калі гінуць дзеці…

– Якая самая распаўсюджаная прычына пажару ў раёне?

– Схільнасць да шкодных звычак. Па банальным сцэнарыі “выпіў-закурыў-заснуў” развіваецца большасць вогненных трагедый. Менавіта з-за такіх небарак гінуць і блізкія, якія, не паспеўшы прачнуцца, задыхаюцца ад чаднага газу. 

– Аднойчы давялося назіраць за работай выратавальнікаў, якія тушылі дом. Усё, што адбывалася, падобна было на “поле бою”. Незразумела, як яны не блытаюцца, што і каму рабіць?

– Выезд на пажар арганізаваны так, каб ні адной хвіліны не прайшло дарэмна. Калі на пульт упраўлення паступае сігнал трывогі, у байцоў ёсць 20 секунд, каб выехаць на месца здарэння. У сярэднім машыны прыбываюць за пяць хвілін, па дарозе выратавальнікі атрымліваюць першыя звесткі аб тым, што гарыць і ці ёсць у будынку людзі. Прыехаўшы, атрад прыступае да эвакуацыі і разгортвае пажарныя рукавы, накіроўвае ствалы (брандспойты) на агонь. Начальнік варты ацэньвае складанасць узгарання і вызначае тактыку тушэння. Вырашае, ці патрэбны дадатковыя экіпажы (атрады) і абсталяванне, з чаго пачаць тушэнне агню, куды паставіць пад’ёмны механізм. Асобныя выратавальнікі накіроўваюцца  для разведкі і эвакуацыі людзей. Звычайна яны ідуць групай у некалькі чалавек, счэпленыя адным тросам. У дыме лёгка страціць адзін аднаго і збіцца са шляху, таму першы і апошні – вопытныя байцы. Гэта сапраўды нагадвае “поле бою”, дзе кожны ведае свой манеўр і абавязкі, але пры гэтым заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу таварышам і сам можа разлічваць на іх падтрымку.

– Дзяўчаты таксама тушаць пажары?

– Прадстаўніцы цудоўнай паловы заступаюць на пасаду інспектараў, у абавязак якіх уваходзіць папярэджванне ўзнікнення пажараў. Яны правяраюць бяспеку на прадпрыемствах, у дамах, праводзяць інфармацыйныя гутаркі з працоўнымі калектывамі і навучэнцамі. Апошняе не раз ратавала людзей ад смерці, бо папярэджаны – значыць узброены. Таксама яны нясуць дзяжурствы, падчас якіх выязджаюць на месца пажару і высвятляюць прычыну ўзгарання.

– Як адносіцеся да выказвання: “Пажарны спіць – краіна багацее?”

– На маю думку, няхай лепш працоўныя будні  байцоў і сапраўды будуць ціхімі і спакойнымі. Няма пажараў, значыць, праведзена годная работа інспектараў, якія своечасова арганізавалі прафілактычную дзейнасць з насельніцтвам.

– Люблю спорт, разглядаю варыянты навучальных устаноў, у якіх змагу займацца любімай справай, але і прафесія выратавальніка таксама прываблівае. Ці праводзяцца якія-небудзь спартыўныя спаборніцтвы і мерапрыемствы сярод пажарных?

– Калі твая работа  штодня сутыкацца з агнём твар у твар, ты павінен быць гатовы, таму, паверце, фізічных нагрузак нашым супрацоўнікам хапае. Толькі само абсталяванне, якім карыстаюцца байцы, важыць каля 50 кілаграмаў,  а перасоўвацца з ім трэба хутка. Паспрабуйце забегчы на дзявяты паверх без ліфта з брандспойтам, у поўным абмундзіраванні – гэта выпрабаванне не для слабых. Кожны месяц байцы здаюць нарматывы па бегу, падцягванню, удзельнічаюць у спартакіядах па плаванні, гіравым спорце, мнагабор’ю, валейболе, міні-футболе, лёгкай атлетыцы. Праводзяцца спаборніцтвы на лепшага маладога спецыяліста, начальніка варты, дзяжурнай змены. Цікавым і захапляльным стане пажарны спорт. Дарэчы, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ёсць магчымасць атрымаць разрад. Многія з выпускнікоў становяцца кандыдатамі і майстрамі спорту, чэмпіёнамі Еўропы і свету.

– Якімі якасцямі павінен валодаць вогнеборца?

– Прафесія пажарнага прадугледжвае адвагу, узаемадапамогу, жаданне дапамагаць, моцную нервовую сістэму, фізічную сілу і спрыт, добрую рэакцыю, кемлівасць, дысцыпліну, здольнасць браць на сябе адказнасць.

Натхнёныя цікавай размовай, падлеткі падзякавалі за візіт і адзначылі, што будуць рады новым сустрэчам. Эдуард Васільевіч, у сваю чаргу, запрасіў школьнікаў наведаць пажарна-аварыйную выратавальную часць Лунінца, каб на свае вочы паназіраць за работай выратавальнікаў і адчуць усю значнасць і цікавасць прафесіі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть