Начальнік РАНС Эдуард Санюковіч адказаў на «100 пытанняў даросламу»
Героі мірных дзён. Такое вызначэнне прафесіі выратавальніка далі навучэнцы Дзятлавіцкай СШ пасля адкрытага дыялогу з начальнікам РАНС Эдуардам Санюковічам, які адбыўся ў рамках маладзёжнага праекта БРСМ «100 пытанняў даросламу».
Эдуард Васільевіч пачаў размову са сваёй біяграфіі.
– Мая кар’ера дала старт у 1996 годзе. Спрабаваў сябе на розных пасадах: быў інжынерам, старшым інспектарам, першым намеснікам начальніка. Сёлета прыступіў да абавязкаў начальніка РАНС. Аб выбары не шкадую. Калі б зараз прадаставілі магчымасць зноў вызначацца з прафесіяй, не раздумваючы, пайшоў бы па гэтай жа сцежцы. Заўсёды кіраваўся перакананнямі, маральнымі каштоўнасцямі, імкненнем прыходзіць на дапамогу тым, каму цяжка, хто трапіў у бяду, прымаў чужы боль як свой — гэта мая жыццёвая пазіцыя.
Пытанні кіраўніку сыпаліся адно за другім: “Ці падабаецца цяперашняя работа начальніка?”, “Колькі зарабляеце?”, “Ці бываюць бязвыхадныя сітуацыі?”. Зразумелымі адказамі, гісторыямі з прафесійнага вопыту Эдуард Васільевіч прыцягнуў увагу юнакоў і дзяўчат.
– З інтэрнэту даведаўся, што на сённяшні дзень дакументы пасля 11 класаў прымае толькі ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, што ў Мінску. Гэта так?
– Сапраўды, з мінулага года тры інстытуты, якія займаліся навучаннем, падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай спецыялістаў, былі рэарганізаваны ва ўніверсітэт з філіяламі ў Гомелі і Барысаве. У сталіцы вучацца курсанты для атрымання вышэйшай адукацыі, функцыянуюць магістратура, ад’юнктура, дактарантура. У філіяле ў Гомелі ажыццяўляецца падрыхтоўка па рабочых прафесіях: выратавальнікаў-пажарных, вадзіцеляў, дыспетчараў і іншых. А вось у пасёлак Светлая Рошча, што пад Барысавам, работнікі едуць для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Для тых, хто закончыў 6 класаў, ёсць магчымасць адправіцца ў спецыялізаваны ліцэй у Гомельскім раёне. Тут вывучаюцца прадметы на паглыбленым узроўні, накіраваныя на падрыхтоўку навучэнцаў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і іншых органаў дзяржаўнага кіравання.
– Каб стаць курсантам, дастаткова здаць ЦТ?
– Не толькі. Па-першае, да 1 лютага патрэбна звярнуцца з заявай аб жаданні паступіць у ВНУ МНС у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Да 19 мая прайсці медыцынскі агляд ваенна-ўрачэбнай камісіі і прафадбор, які ўключае ў сябе здачу залікаў па фізкультуры: для юнакоў – бег 100 і 1000 метраў, падцягванне на перакладзіне; для дзяўчат – бег 100 і 500 метраў, комплексна-сілавое практыкаванне. Падрыхтоўка павінна быць не толькі фізічная, але і псіхалагічная. Моцныя нервы ў нашай службе не менш важныя, чым моцныя мышцы. Камандаваць людзьмі і правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях здольны далёка не кожны… Толькі калі ўсе этапы будуць паспяхова пройдзены, можна здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, якое ўключае ў сябе такія прадметы, як матэматыка, фізіка, беларуская або руская мова. Дадатковую інфармацыю пра паступленне можна атрымаць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях па тэлефоне 2-67-30.
– Ці можаце назваць плюсы, дзеля якіх варта паступаць?
– Ва ўніверсітэце забяспечваюць харчаваннем, абмундзіраваннем і інтэрнатам. Стыпендыя складае каля 200 рублёў у месяц. Практыка праходзіць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях па месцы жыхарства. Створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, творчасцю, навуковай дзейнасцю. Тэрмін навучання – 4 гады. Пасля заканчэння ВНУ прысвойваецца званне лейтэнанта, атрымліваеце гарантаванае першае месца працы, стабільны заробак. Да таго ж, выхад на пенсію прадугледжаны ў 48 гадоў. Аднак, калі думаеце толькі пра матэрыяльны бок, тады прафесія выратавальніка не для вас. Супрацоўнікі МНС штогод удзельнічаюць у ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый, ратуюць жыцці людзей і, мабыць, як ніхто іншы, ведаюць цану імгнення… Тут чакаюць тых, хто неабыякавы да людской бяды і для каго дэвіз «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар», не проста словы.
– Які заробак маладога спецыяліста?
– Зараз лейтэнант атрымлівае 700 рублёў. Згадзіцеся, сума немаленькая для ўчарашняга студэнта… Дарэчы, скардзіцца не давядзецца і жонкам: абмундзіраваннем мужоў забяспечваюць на працягу ўсёй службы, таму яны не будуць штодня прасаваць кашулі і падбіраць гальштукі. А перад дзяўчатамі, якія выберуць прафесію выратавальніка, не паўстане кожнай раніцай пытання: што апрануць?..
– Памятаеце свой першы выклік?
– Так. Магчыма, калі б ён быў радавым, то і не запомніўся б. Аднак тады не абышлося, на жаль, без чалавечых ахвяр… І як бы ні стараўся потым эмацыянальна адхіліцца ад убачанага – не атрымлівалася. Патрэбныя словы падтрымкі знайшоў тагачасны начальнік Віктар Шаўчук. Самае жудаснае ў нашай прафесіі – смерць чалавека. Асабліва цяжка, калі гінуць дзеці…
– Якая самая распаўсюджаная прычына пажару ў раёне?
– Схільнасць да шкодных звычак. Па банальным сцэнарыі “выпіў-закурыў-заснуў” развіваецца большасць вогненных трагедый. Менавіта з-за такіх небарак гінуць і блізкія, якія, не паспеўшы прачнуцца, задыхаюцца ад чаднага газу.
– Аднойчы давялося назіраць за работай выратавальнікаў, якія тушылі дом. Усё, што адбывалася, падобна было на “поле бою”. Незразумела, як яны не блытаюцца, што і каму рабіць?
– Выезд на пажар арганізаваны так, каб ні адной хвіліны не прайшло дарэмна. Калі на пульт упраўлення паступае сігнал трывогі, у байцоў ёсць 20 секунд, каб выехаць на месца здарэння. У сярэднім машыны прыбываюць за пяць хвілін, па дарозе выратавальнікі атрымліваюць першыя звесткі аб тым, што гарыць і ці ёсць у будынку людзі. Прыехаўшы, атрад прыступае да эвакуацыі і разгортвае пажарныя рукавы, накіроўвае ствалы (брандспойты) на агонь. Начальнік варты ацэньвае складанасць узгарання і вызначае тактыку тушэння. Вырашае, ці патрэбны дадатковыя экіпажы (атрады) і абсталяванне, з чаго пачаць тушэнне агню, куды паставіць пад’ёмны механізм. Асобныя выратавальнікі накіроўваюцца для разведкі і эвакуацыі людзей. Звычайна яны ідуць групай у некалькі чалавек, счэпленыя адным тросам. У дыме лёгка страціць адзін аднаго і збіцца са шляху, таму першы і апошні – вопытныя байцы. Гэта сапраўды нагадвае “поле бою”, дзе кожны ведае свой манеўр і абавязкі, але пры гэтым заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу таварышам і сам можа разлічваць на іх падтрымку.
– Дзяўчаты таксама тушаць пажары?
– Прадстаўніцы цудоўнай паловы заступаюць на пасаду інспектараў, у абавязак якіх уваходзіць папярэджванне ўзнікнення пажараў. Яны правяраюць бяспеку на прадпрыемствах, у дамах, праводзяць інфармацыйныя гутаркі з працоўнымі калектывамі і навучэнцамі. Апошняе не раз ратавала людзей ад смерці, бо папярэджаны – значыць узброены. Таксама яны нясуць дзяжурствы, падчас якіх выязджаюць на месца пажару і высвятляюць прычыну ўзгарання.
– Як адносіцеся да выказвання: “Пажарны спіць – краіна багацее?”
– На маю думку, няхай лепш працоўныя будні байцоў і сапраўды будуць ціхімі і спакойнымі. Няма пажараў, значыць, праведзена годная работа інспектараў, якія своечасова арганізавалі прафілактычную дзейнасць з насельніцтвам.
– Люблю спорт, разглядаю варыянты навучальных устаноў, у якіх змагу займацца любімай справай, але і прафесія выратавальніка таксама прываблівае. Ці праводзяцца якія-небудзь спартыўныя спаборніцтвы і мерапрыемствы сярод пажарных?
– Калі твая работа штодня сутыкацца з агнём твар у твар, ты павінен быць гатовы, таму, паверце, фізічных нагрузак нашым супрацоўнікам хапае. Толькі само абсталяванне, якім карыстаюцца байцы, важыць каля 50 кілаграмаў, а перасоўвацца з ім трэба хутка. Паспрабуйце забегчы на дзявяты паверх без ліфта з брандспойтам, у поўным абмундзіраванні – гэта выпрабаванне не для слабых. Кожны месяц байцы здаюць нарматывы па бегу, падцягванню, удзельнічаюць у спартакіядах па плаванні, гіравым спорце, мнагабор’ю, валейболе, міні-футболе, лёгкай атлетыцы. Праводзяцца спаборніцтвы на лепшага маладога спецыяліста, начальніка варты, дзяжурнай змены. Цікавым і захапляльным стане пажарны спорт. Дарэчы, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ёсць магчымасць атрымаць разрад. Многія з выпускнікоў становяцца кандыдатамі і майстрамі спорту, чэмпіёнамі Еўропы і свету.
– Якімі якасцямі павінен валодаць вогнеборца?
– Прафесія пажарнага прадугледжвае адвагу, узаемадапамогу, жаданне дапамагаць, моцную нервовую сістэму, фізічную сілу і спрыт, добрую рэакцыю, кемлівасць, дысцыпліну, здольнасць браць на сябе адказнасць.
Натхнёныя цікавай размовай, падлеткі падзякавалі за візіт і адзначылі, што будуць рады новым сустрэчам. Эдуард Васільевіч, у сваю чаргу, запрасіў школьнікаў наведаць пажарна-аварыйную выратавальную часць Лунінца, каб на свае вочы паназіраць за работай выратавальнікаў і адчуць усю значнасць і цікавасць прафесіі.