Прафесія ў радасць хормайстру Дзятлавіцкага СДК Аксане Кукса
Якое шчасце, калі прафесія супадае з тым, што з’яўляецца сэнсам твайго жыцця! Тады кожны дзень прыносіць сапраўдную радасць ад занятку з любімай справай, і ўсе нягоды здаюцца неістотнымі. Гэтыя словы можна цалкам адрасаваць хормайстару Аксане Кукса – выпускніцы Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А.С. Пушкіна, якая сёлета пачала працаваць у Дзятлавіцкім сельскім Доме культуры.
Аксана хоць і нарадзілася ў Гомелі, сваёй малой радзімай лічыць упадабаны куток Палесся – аграгарадок Дзятлавічы. Тут пайшла ў дзіцячы сад, школу, знайшла сапраўдных сяброў і адчула першае пачуццё закаханасці. Тут зразумела, што сваё жыццё хоча прысвяціць музыцы.
– Часта ў памяці ўсплываюць зімовыя вечары, калі я, седзячы на цёплай печы, назірала за дзядулем, які ўмела, не спяшаючыся, займаўся рамонтам музычных інструментаў. З нецярпеннем чакала, калі ж ён закончыць справу, каб нарэшце пачуць гук меладычнай флейты, сумнай скрыпкі, шматграннай гітары. А яшчэ ён выдатна іграў на баяне. Мне заўсёды хацелася быць такой жа… Магчымасць прадставілася на адным з урокаў спеваў у школе. Тады мяне заўважыла наша настаўніца, Наталля Сцяпанаўна Рогава, якая прапанавала паступіць у музычную школу. Спачатку стала іграць на балалайцы, затым захапілася фартэпіяна.
– Значыць, у старэйшых класах сумненняў у выбары прафесіі не ўзнікла?
– Тое, што яна будзе звязана з творчасцю, – ведала дакладна. Паступіла ў каледж. Шчыра кажучы, не было ні адной хвіліны, калі б я засумнявалася ў пра-вільнасці выбару. Столькі станоўчых эмоцый і такой моцнай энергетыкі не атрымліваеш ні ад чаго, акрамя музыкі. Гэта быў зусім новы этап у маім жыцці. Захапілася вакалам. Спявала ў студыі «8 нота». За час вучобы неаднаразова ўдзельнічала ў розных конкурсах. Самым важкім і запамінальным стаў «Усе таленты табе, Магілёў!», дзе заняла першае месца. Падчас вучобы атрымала не толькі прафесійныя навыкі, але і дадатковыя веды па творчай дзейнасці, за што вельмі ўдзячна настаўнікам.
– Як на першым працоўным месцы вас прынялі калегі?
– Чамусьці размеркавання баяцца многія студэнты, але гэта не пра мяне. Рада, што трапіла менавіта ў наш, стаўшы ўжо родным, Дом культуры. Тут выдатны калектыў на чале з Аленай Яскевіч. Яна ўмелы кіраўнік і спагадлівы чалавек, які заўсёды дапаможа і падкажа. Мне застаецца толькі вучыцца, пераймаць вопыт. Даверылі кіраўніцтва дзіцячай вакальнай групай «Гармонія». І хоць пакуль толькі пяць вучняў, думаю, што праз некаторы час нас стане больш. У сваёй рабоце імкнуся прывіць дзецям любоў да музыкі, навучыць іх усяму, што ведаю сама. У галаве столькі ідэй, столькі задумак, хочацца хутчэй усё ўвасобіць у жыццё. Вочы “гараць” і ў іх, і ў мяне…
– А як выбіраеце творы для выканання?
– Дырыжор павінен фанатычна любіць тое, што выконвае, тады будзе шанц, што ён зможа перадаць свой настрой хору і ў вы-ніку з’явіцца не проста музыка, а мастацтва.
– Калі інструмент гітарыста – гітара, баяніста – баян, то што можна лічыць інструментам хормайстара?
– Па-першае – калектыў, на якім «іграе» дырыжор. Калі ён не настроены як след, то нічога не выйдзе. Па-другое – слыхавыя ўяўленні: як ён чуе музыку ўнутры, так яна будзе гучаць і ў хоры. Па-трэцяе – рукі. У іх – сіла дырыжора. Яны дазваляюць тонка перадаваць пажаданні ў жэстах вакалістам. Але, акрамя рук, у сваёй рабоце хормайстар выкарыстоўвае і вочы, і вусны, і нават бровы. Напрыклад, калі ведаю, што нейкая партыя даецца дзеткам складана, у цяжкі для іх момант падміргну ім і ўсміхнуся, каб падтрымаць і супакоіць.
– Дзе бачыце сябе праз 10-15 гадоў?
– Цяжка ўявіць, але думаю, што рэалізую сябе ў прафесіі, а таксама ў іншых сферах творчай дзейнасці, таму што заўсёды ёсць неймавернае жаданне і сілы вучыцца нечаму новаму і дасягаць сваіх мэт.