Пад надзейнай аховай
У дзень адкрытых дзвярэй вучні 10-11 класаў лунінецкай гімназіі азнаёміліся з дзейнасцю Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
У вучэбным класе па службова-баявой падрыхтоўцы юнакоў і дзяўчат сустрэў начальнік Анатоль Буневіч, які расказаў пра працоўныя будні і прыемнае адчуванне таго, што можаш дапамагчы людзям. Зараз у аддзеле працуе 170 чалавек, ахоўную дзейнасць дапамагаюць ажыццяўляць 11 аўтамабіляў і 5 службова-вышуковых сабак. Акрамя гэтага, гімназісты даведаліся аб правілах паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь.
Разам з памочнікам па ідэала-гічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Андрэем Кузьміных Анатоль Мікалаевіч прадэманстраваў зброю і спецыяльныя сродкі, якія стаяць на ўзбраенні. Юнакі прымяралі бронекамізэлькі і ахоўныя шлемы, трымалі палкі гумовыя і кайданкі, а яшчэ патрэніраваліся ў зборцы і разборцы аўтамата.
Цікавая сустрэча працягнулася наведваннем пункта цэнтралізаванай аховы. Любы сігнал, які паступае сюды, патрабуе пільнай увагі, сабранасці, хуткага рэагавання і гатоўнасці да аператыўных дзеянняў. Тут не спыняецца работа, нават тады, калі ва ўсім горадзе адключаецца электразабеспячэнне. Для гэтага ўстаноўлена ўласная “міні-падстанцыя”. Інспектар-кінолаг Аляксандр Татаранка разам са сваім чатырохногім сябрам Фрэдам прадэманстравалі, як вя-дзецца затрыманне злачынцы.