Присяга

100 год памяці

Лётчыкі Першай сусветнай вайны, якія пахаваны на пагосце Лунінскай Барыса-Глебскай царквы, загінулі ў 1917 годзе…

Іх прозвішчы выявіў ваенны археолаг Андрэй Каркотка ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў 2005 го-дзе. Да таго часу храм, які зачынілі ў 1964-ым, быў вернуты вернікам і рэканструяваны. З-за таго, што будынак і царкоўны двор выкарыстоўваліся не па прызначэнні, у яго част-цы, што становіцца апошнім прытулкам святароў і служыцеляў храма, у пачатку ХХІ стагоддзя ледзь адгадваліся магільныя ўзгорачкі. Над адным з іх паставілі памятную стэлу з указаннем імёнаў загінуўшых лётчыкаў. 

Жыхар Луніна Арсень Адамавіч Сідаровіч (нар. у 1907) прыгадваў, як адпявалі воінаў. Тады яму было 10 год, але ў памяці назаўжды засталіся паніхіда, мноства народу на царкоўным двары – навакольныя памешчыкі на брычках, строгасць і ўрачыстасць ваенных мундзіраў, жалобныя гукі ваеннага аркестра… Старажылы памяталі месца, на якім размяшчаўся ваенны аэрадром (цяпер там поле), распавядалі, што на сельскіх могілках пахавалі яшчэ двух авіятараў, магілы якіх былі пазначаны прапелерам самалёта. 

Пошукавая работа працягвалася. А.Ю. Каркотка накіраваў запыт у Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (РГВИА), адказ з якога узбагаціў новымі фактамі аб загінуўшых лётчыках. 

Яшчэ больш важных звестак сабраў гісторык авіяцыі з Масквы Марат Хайрулін (да-дзеныя прыводзяцца ніжэй, даты ўказаны па старым стылі). Як адзначыў спецыяліст, у 1917 годзе 24-ы корпусны авіяцыйны атрад дзейнічаў у інтарэсах 2-ой арміі і стаяў у Луніне. За папярэдні час Вялікай вайны людскіх страт тут не было, але ў апошні год Першай сусветнай, як называем гэтыя падзеі цяпер, атрад страціў сем чалавек. Успомнім усіх пайменна…

Першым загінуў падпаручнік Мікалай Анатольевіч Абдулаў. 31 студзеня 1917 года ён разбіўся на аэраплане «Анатра Д» на базе ў Сарнах, калі з-за стромкага ўздыму і страты хуткасці апарат з 40 метраў пайшоў да зямлі штопарам. Ваенны лётчык памёр у шпіталі ў Сарнах 3 лютага 1917 года…

Адзначым, што ў снежні 1916 года на пасаду ваеннага лётчыка ў 24-ы  корпусны авіяатрад прыбыў Сцяпан Піліпавіч Ярмілаў (на здымку). Ён нарадзіўся 22 верасня 1894 года. У Вялікую вайну – прапаршчык 181-га Астроленскага пяхотнага палка. У 1916-ым скончыў Севастопальскую ваенную авіяшколу: 22 ліпеня здаў экзамен на званне «лётчык», 22 верасня – на званне «ваенны лётчык» і 10 кастрычніка ўдастоены гэтага звання. 

У красавіку 1917 года, згодна з загадам вой-скам 2-ой арміі Заходняга фронту ад 09.04.1917 №2375, да 24-га корпуснага авіяцыйнага атрада «для выпрабавання ў прыдатнасці да авіяцыйнай службы» былі прыкамандзіраваны Фёдар Іванавіч Багданоўскі, паручнік 517-га пяхотнага Батумскага палка, які служыў назіральнікам, і паручнік 27-ай артылерыйскай брыгады Васіль Васільевіч Жолцікаў – ён таксама здзяйсняў баявыя вылеты ў якасці назіральніка. Пра іх – ніжэй…

Захоўваючы храналогію, адзначым, што другім у атрадзе загінуў лётчык-назіральнік, паручнік 83-яй артылерыйскай брыгады Мікалай Анісімавіч Прэво, 30-ці год. Чытаем у дакументах (РГВИА): «Забіты 14 мая бомбай, скінутай з нямецкага самалёта каля г. [асподскага] дв. [ара] Луніна… Сёння ў 10 гадзін раніцы ў царкве сяла Луніна будзе здзейснена адпяванне і пахаванне памерлага паручніка Прэво, на якіх усім панам афіцэрам і салдатам атрада прысутнічаць. Паручніку Багданоўскаму прызначыць узвод салдат у ганаровую варту для аддання воінскіх ушанаванняў памерламу». 

Як паведамлялася, у дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў спісе пахаваных за 7-8 ліпеня 1917 года пазначаны двое ніжніх чыноў 24-га авіяцыйнага атрада: Крукаў, 22-ух год, і Лапавухаў, 24-ох год. Каля прозвішча кожнага адзначана: «Забіты». Абставіны іх гібелі пакуль невядомыя. 

Звесткі аб службе некаторых лётчыкаў 24-га корпуснага авіяатрада выяўлены ў загадах за сакавік – верасень 1917 года (усе – РГВИА, ф. 6092, воп. 1):

1) «Ваенны лётчык падпаручнік Ярмілаў загадам начальніка Упраўлення ваенным паветраным флотам ад 11.12. 1916 за №103 §2 прызначаны малодшым афіцэрам у даручаны мне атрад. Камандуючы атрадам ваенны лётчык штабс-капітан Паноў» (20.03.1917 за №79, в. 34, л. 21); 

2) «Ваеннага лётчыка падпаручніка Ярмі-лава, які прыбыў па выздараўленні з запаснога авіяцыйнага батальёна, лічыць у наяўнасці з гэтай даты…» (28.03.1917 за №87, в. 34, л. 28); 

3) «Ваенны лётчык падпаручнік Ярмілаў пры падзенні самалёта 20 студзеня 1917 г. атрымаў: страсенне галаўнога і спіннога мозгу, грудная клетка пры падзенні была прыціснута, з прычыны чаго дыханне аказалася балючым і няпоўным і з’явіліся болі ў межлапатачнай вобласці, куды прыйшоўся галоўны ўдар…» (28.03.1917 за №85, в. 34, л. 30); 

4) «Паручнік Няклюцін і падпаручнік Ярмілаў рапартамі ад 28 сакавіка данеслі, што першы загадванне тэхнічнай маёмасцю атрада і аванс на тэхнічныя патрэбы здаў, а другі прыняў…» (29.03.1917 за №88, в. 34, л. 31); 

5) «Ваеннага лётчыка падпаручніка Ярмі-лава і назіральніка паручніка Жолцікава, якія выбылі ў камандзіроўку на з’езд у 2-гі авіядыв. [ізіён], лічыць адсутнічаючымі з гэтай даты…» (05.05.1917 за №125, в. 36, ліст не пазначаны); 

7) «Ваеннага лётчыка падпаручніка Ярмілава і назіральніка паручніка Жоўцікава, якія прыбылі з камандзіроўкі са з’езда 2-га авіядыва, лічыць у наяўнасці з гэтай даты…» (11.05.1917 за №131, в. 36, ліст не пазначаны). 

Перапынім цытаванне дакументаў наступным паведамленнем: 1 жніўня 1917-га атрад страціў адразу дваіх чалавек. 

У той дзень на баявое заданне адправіліся 4 самалёты. Адзін апарат («Морыс-Фарман» Ф-40 №2712/5086 з маторам «Рэно» 130 к.с., пілот падпаручнік С.П. Ярмілаў і назіральнік паручнік Ф.І. Багданоўскі) аддзяліў-ся ад астатніх і адразу быў атакаваны непрыяцельскім знішчальнікам. У паветраным баі наш самалёт быў збіты… Пры падзенні апарата назіралі два выбухі, гандола ў паветры адарвалася і ўпала ў 300 кроках ад самалёта і плоскасцяў каля вёскі Чухава. Варожы знішчальнік, карыстаючыся перавагай у хуткасці, сышоў ад групы. У падпаручніка Ярмілава знойдзены 2 кулявыя раны ў сэрцы. 

(Паводле сучасных дадзеных, самалёт Ярмілава і Багданоўскага збіў пілот 31-га германскага авіяатрада лейтэнант рэзерву Адольф Хальбрэйтэр. Гэта адбылося каля Лагішына ў раёне Пінска. У нямецкага пілота гэта была 5-ая перамога на рускім фронце. Нямецкі ас неўзабаве таксама загіне – ён будзе збіты нашай артылерыяй 26 жніўня 1917 года). 

У архіўных дакументах было адзначана:

8) «Ваеннага лётчыка падпаручніка Ярмілава і назіральніка Багданоўскага, якія за-гінулі ў паветраным баі з нямецкім самалётам, выключыць са спісаў паноў афіцэраў атрада. Абвяшчаю да ведама, што заўтра ў 10 гадзін раніцы ў царкве сяла Лунін будзе адслужана паніхіда па загінуўшых…» (01.08.1917 за №213, в. 33, л. 1); 

9) «Абвяшчаю да ведама, што сёння ў 7 гадзін вечара і заўтра ў 10 гадзін раніцы будуць адслужаны паніхіды па загінуўшых ваеннаму лётчыку падпаручніку Ярмілаву і назіральніку паручніку Багданоўскаму, у 5 гадзін будзе пахаванне…» (02.08.1917 за №214, с. 33, л. 2); 

10) «Аб’яўляю загад войскам 2-ой арміі. …Ваенны лётчык падпаручнік 181-га пяхотнага Астроленскага палка Ярмілаў узнагароджаны ордэнам св. Ганны 4-ай ст. з надпісам «За адвагу»…» (02.08.1917 за №214, с. 33, л. 46). 

За два з паловай месяцы да гэтага, 14 чэрвеня 1917 года, прапаршчык Брыльянтаў і назіральнік паручнік Жолцікаў на апараце «Вуазен Іванова» вылецелі на разведку. «Перайшоўшы пазіцыю каля вёскі Вулька, было заўважана, як ішоў з нашага тылу непрыяцельскі знішчальнік, з якім уступілі ў бой на вышыні 2000 метраў. У апошняй стадыі бою, знізіўшыся над Гутай да 100 метраў і працягваючы бой з ляцеўшым на той жа вышыні праціўнікам, заклініла кулямёт, адначасова з гэтым непрыяцельскія лётчыкі спынілі агонь з кулямёта і [наш] самалёт крута пайшоў да зямлі. Не маючы магчымасці выправіць кулямёт у паветры, самалёт апусціўся ў вёсцы Гуты. Самалёт цэлы, потым пераляцеў да сябе ў Лунін» (ф. 2008, воп. 1, с. 171, л. 186). 

Лёс падарыў Васілю Васільевічу яшчэ чатыры месяцы жыцця…

14 кастрычніка 1917 года ў 19 гадзін старшы унтэр-афіцэр К.Н. Нікалаеў і паручнік В.В. Жолцікаў вылецелі на «Вуазене Іванова» на начное бомбакіданне. З-за прыпынку матора пілот вымушаны быў саджаць самалёт: апарат перайшоў у штопар, які скончыўся слізгаценнем. «Вуазен» быў разбіты. Лётчык моцна выцяў руку, паручнік Жолцікаў цяжка разбіўся і раніцай 15-га памёр» (в. 123, л. 429). 

Гэтыя героі служылі ў Луніне… Хочацца спадзявацца, што ў памяць 100-годдзя гібелі рускіх лётчыкаў выправяць памылкі на надмагільнай пліце на царкоўным пагосце, адначасова увекавечыўшы і імёны ніжніх чыноў. 

У адным з выяўленых дакументаў вайна 1914-1918 гг. называецца Вялікая Айчынная. Пазней яе лічылі «імперыялістычнай», а гэта словазлучэнне замацавалі за вайной 1941-1945 гг. (па сутнасці, яна – другая Вялікая Айчынная). Абавязак сучаснікаў – памятаць абаронцаў Радзімы, якія загінулі на тэрыторыі нашага краю.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть