Чым турбуе снежань?
На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Руслан ХОМІЧ.
— Добры дзень, Руслан Васільевіч! Вас турбуюць бацькі дзяцей, якія вучацца ў Ракітненскай БШ. Яшчэ сапраўдных халадоў на вуліцыі не было, а ў некаторых класах нашай школы тэмпература не паднімаецца вышэй за 10 градусаў. Пра якую навуку можна гаварыць у такіх умовах?
— Мы праверым гэтыя звесткі, і калі інфармацыя пацвердзіцца, неадкладна яе выправім. Так ці інакш, работа тамтэйшай кацельні будзе ўзята пад кантроль.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Г.Г. Шпакоўскі, у Ракітненскую БШ тэрмінова былі накіраваны спецыялісты з жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія абследавалі кацельню і сам будынак школы. На аб’ектах знялі паказанні прыбораў уліку цеплавой энергіі. Аналіз расшыфроўкі дадзеных адаптэра паказаў, што парушэння графікаў тэмпературнага рэжыму з боку работнікаў кацельні не ўстаноўлена. На момант абследавання (18.12.2014 — Т.В.) пры тэмпературы вонкавага паветра плюс 1 градус тэмпература ў класах на першым паверсе складала плюс 19 градусаў, што адпавядае санітарным патрабаванням і сацыяльным стандартам. Тэмпература цепланосьбіта на падачы была 56 градусаў, на звароце — 49, што таксама з’яўляецца нормай. Прэтэнзій да тэмпературнага рэжыму ў кіраўніцтва школы не зафіксавана, што пацвярджаецца адпаведным актам.
— Георгій Шмат, Лунінец. Чаму ў час першага галалёду камунальнікі не спрацавалі як след, і некаторыя вуліцы і тратуары засталіся не пасыпанымі пясчана-солевай сумессю?
— Галалёд стаў сёлета першым сур’ ёзным экзаменам для работнікаў камунальнай службы. Вядома, дзе-нідзе былі праблемы, але ў цэлым выпрабаванне вытрымалі. Згодна з папярэдне зацверджаным планам, першачаргова выйшлі на цэнтральныя вуліцы горада, дзе найбольшы паток людзей і машын, у тым ліку, маршрутных аўтобусаў. Працаваць спецыяльная тэхніка і людзі пачалі з 6 гадзін раніцы. Магчыма, у асобных месцах можна было заўважыць неапрацаваныя ўчасткі тратуараў, што тлумачыцца звычайным чалавечым фактарам: адзін работнік разумее адказнасць і сумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, іншы не спяшаецца, чакае загаду. Але кожны такі выпадак не застаўся без увагі кіраўніцтва камунальнай службы і, трэба меркаваць, адпаведныя вывады будуць зроблены з тым, каб у будучым агрэхаў было як мага менш. Зіма ж яшчэ наперадзе. Дарэчы, яе камунальнікі гатовы сустрэць ва ўсеўзбраенні: ёсць неабходная тэхніка і людзі. Тым больш, што да Навагодніх святаў сіноптыкі абяцаюць паніжэнне тэмпературы да мінусавых паказчыкаў.
— Раіса Заруцкая, Мікашэвічы. Калі будзе выкананы рамонт даху на нашым доме па вуліцы Маладзёжная, 7б? Нейкі кропкавы рамонт як быццам бы зрабілі, але паляпшэння няма. У прыватнасці, у нашай кватэры №20 сыра і вільготна.
— Кропкавы рамонт даху на вашым доме і сапраўды быў выкананы ў лістападзе гэтага года. Пасля яго завяршэння вялікіх дажджоў, каб можна было праверыць яго эфектыўнасць, не было. Будзем спадзявацца, што з выпадзеннем ападкаў нараканняў не ўзнікне. Што да вашай кватэры, то размешчана яна не на верхнім, а на трэцім паверсе, і напрамую стан даху на клімат у жылых пакоях не ўплывае. Было праведзена абследаванне кватэры і зроблены вывад, што прычына ў дрэнным стане міжпанельных швоў. З мэтай выпраўлення сітуацыі выкананы іх рамонт. Спецыялісты перакананы, што гэта павінна дапамагчы палепшыць умовы вашага пражывання.
— Скажыце, ці ёсць у Правілах дарожнага руху пункт, які забараняе выкарыстанне веласіпеда ў якасці транспартнага сродку з 1 снежня па 1 сакавіка? Мяне спынілі работнікі Дзяржаўтаінспекцыі і выпісалі штраф. Дык чым прапануеце дабірацца на работу з вуліцы Ламаносава на супрацьлеглую ўскраіну горада да аўтапарка №10?
— Такога пункта ў Правілах няма, але гэтым дакументам дзеля вашай жа бяспекі забаронена рухацца па дарозе ва ўмовах снегападу ці галалёдзіцы. Вас, хутчэй за ўсё, спынілі ў час першай лістападаўскай галалёдзіцы, якая, дарэчы, нямала праблем прынесла аўтааматарам, пешаходам і, вядома ж, супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі, якія сочаць за парадкам і бяспекай на дарогах. Карыстаючыся выпадкам, растлумачу, што ў адпаведнасці з главой 20 Правілаў дарожнага руху, ездзіць на веласіпедах прадпісана па веласіпеднай дарожцы. Калі яе няма — па абочыне, тратуару ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспекі пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца язда на веласіпедзе па праезнай частцы ў адзін рад і не далей як 1 метр ад абочыны. Пры руху па дарозе ў цёмны час сутак ці пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду — фара (ліхтар), выпраменьваючая белае святло, ззаду — ліхтар, выпраменьваючы чырвонае святло. Калі вы будзеце прытрымлівацца гэтых патрабаванняў, ніводзін дзяржаўтаінспектар не будзе мець да вас прэтэнзій.
— Марына Альшэўская, Ракітна. Ці будзе газіфікавана наша вёска?
— На жаль, вымушаны вас расчараваць: у бліжэйшы час газіфікацыя вёскі не прадугледжана. У лепшым выпадку гэта адбудзецца ў 2022 годзе. Справа ў тым, што Ракітна не ўваходзіць у пералік населеных пунктаў, якія пацярпелі ад наступстваў ад катастрофы на ЧАЭС і не з’яўляецца аграгарадком. Менавіта гэтыя вёскі з’яўляюцца першачарговымі ў планах газіфікацыі.
— Яшчэ пытанне. Калі будзе наладжана нармальнае асвятленне вуліцы Мацкевіча? Яна носіць імя загінуўшага ў Афганістане воіна, жыве тут нямала маладых сем’яў, дзеткі ходзяць у школу, але вечарам вуліца пагружаецца ў цемру. Хіба гэта правільна?
Вядома, няправільна. Павінен паведаміць вам, Марына Міхайлаўна, што ў свой час на вуліцы Мацкевіча ў Ракітна была праведзена частковая замена паветранай лініі электраперадачы на кабельную. У сувязі з гэтым часова адключылі ліхтары каля дамоў №№ 260, 235а. Да канца снежня асвятленне тут будзе адноўлена. Дадаткова ўстановім ліхтар на перакрыжаванні вуліц Мацкевіча і Маладзёжная. Таксама паведамляем, што перакрыжаванне асвятлялася і раней, але лямпачкі ўвесь час разбівалі хуліганы, пасля чаго ліхтар быў дэманціраваны. Участак ад дома №224 да перакрыжавання з вуліцай Партызанская будзе асвятляцца пасля рэканструкцыі лініі электраперадачы.
— Чаму ў Кажан-Гарадку вада ў цэнтральным водаправодзе, пракладзеным па вуліцах Цнянская і Праход, іржава-жоўтага колеру і мае непрыемны пах?
— Як паведамілі з КУШВП ВКГ “Водаканал”, часовае пагаршэнне якасці пітной веды на названых вуліцах звязана з яе застоем у трубе па прычыне малога разбору абанентамі. З мэтай выпраўлення сітуацыі выканана прамыўка водаправодных сетак на вуліцах Цнянская і Праход. Пасля гэтага быў зроблены аналіз вады і высветлена, што яна адпавядае ўсім патрабаванням па арганалептычных і мікрабіялагічных паказчыках. Адначасова праводзіцца работа з насельніцтвам па падключэнню новых абанентаў на ўчастку існуючага водаправода з мэтай павелічэння разбору вады і паляпшэння яе якасці.
— Добры дзень, Руслан Васільевіч! Вас турбуе жыхарка лунінецкага ЖБК №10 Алена Бірыла. Мы з мужам скасавалі шлюб, наспела неабходнасць падзяліць асабістыя рахункі на аплату камунальных выгод. Разам не жывем з 2012 года, але нам чамусьці зрабілі падзел са жніўня 2013-га.
— Справа ў тым, што раздзяленне асабістых рахункаў робіцца пасля выдзялення долі ў праве ўласнасці на займаемае жылое памяшканне па заяве еднаго з уласнікаў. У вашым выпадку заява паступіла ад А.Д. Бірыла 1 жніўня 2013 года. З гэтай даты і былі падзелены рахункі.
— Яшчэ адно пытанне. У кааператыве працуюць дворнік і прыбіральшчык месцаў агульнага карыстання. Яны атрымліваюць зарплату ў камунальнай службе, але нас чамусьці прымушаюць ім яшчэ даплачваць. Хіба гэта справядліва?
— Рашэнне аб унясенні дедатковых штомесячных узносаў на аплату работы дворніка і прыбіральшчыка пад’ездаў прынята на агульным сходзе вашага жыллёва-будаўнічага кааператыва, пра што сведчыць пратакол ад 25.12.2012 г. Да выключнай кампетэнцыі агульнага сходу членаў ЖБК адносіцца і разгляд самых розных скаргаў. Менавіта туды вы і можаце звярнуцца ў выпадку незадаволенасці дзеяннямі старшыні кааператыва ці іншых асоб, якія адказваюць за нармальнае жыццядзеянне вашага дома.
— Чаму аўтапарк №10 своечасова не публікуе на старонках “Лунінецкіх навін» змяненні раскладу руху гарадскіх аўтобусаў? Перш за ўсё, маю на ўвазе маршрут №6?
— У аўтапарку запэўнілі, што своечасова ўносяць змяненні ў раскладзе руху аўтобусаў на шыльдах, якія ёсць на кожным прыпыначным пункце. Тым не менш, запатрабуем ад іх, каб новы расклад быў надрукаваны на старонках раёнкі.