Вырашальныя праблемы камунальныя
Прямая линия

Вырашальныя праблемы камунальныя

огиевичНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.

Пётр Зышчык, Язвінкі. Хачу звярнуць увагу на дрэннае асвятленне вуліцы Сасноўская. Калі яго адрамантуюць?
– Справа ў тым, Пётр Мікалаевіч, што летась раён электрасетак не меў патрэбнай колькасці вулічных свяцільняў – іх проста недапаставілі. Зараз праблема вырашана, і да канца сакавіка 2014 года неабходная колькасць ліхтароў на Сасноўскай будзе ўстаноўлена.
– Яшчэ адно пытанне да вас, Васіль Міхайлавіч. У нашай амбулаторыі працуе зубны ўрач, але ён толькі лечыць зубы. А вось каб выдаліць, трэба ехаць у горад. Хіба нельга зрабіць так, каб ён на месцы аказваў і гэтую паслугу?
– Згодна з інструкцыяй, хірургічную стаматалагічную дапамогу мае права аказваць толькі ўрач-стаматолаг-хірург ці чэлюсна-тваравы хірург. У Язвінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі працуе зубны ўрач з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Ён мае права аказваць толькі зубалячэбную дапамогу.
Анатоль Дзікавіцкі, Боркі. Вёска наша невялікая, і жыхароў не так многа, але хацелася б, каб дарожнікі больш уважліва ставіліся да праезнай часткі вуліцы. Яна ўся ў ямінах, пойдуць дажджы, нельга будзе прайсці…
– Праблема рамонту дарогі ў Борках знаходзіцца на кантролі ў ДРБУ-101. Дарожнікі пры першай жа магчымасці прыступяць да работ. Мяркуемы тэрмін іх завяршэння – 20 красавіка 2014 года.
Мікалай Чарнушэвіч, Мікашэвічы. Жыву ў доме па вуліцы Маладзёжная, 52 больш як 20 год, але памятаю той час, калі была ў нас гарачая вада і іншыя выгоды. Цеплатраса размарожана, яе ніхто не рамантаваў.   А цяпер работнікі “Водаканала” адмовіліся абслугоўваць вулічную каналізацыю…
– У жыллёва-камунальнай гаспадарцы, Мікалай Мікалаевіч, растлумачылі, што ад гарачага водазабеспячэння ваша вуліца была адключана яшчэ 9 год таму. Справа ў тым, што ўсе камунікацыі пракладваліся тут жыхарамі ўласнымі сіламі і без узгаднення з адпаведнымі службамі. Па гэтай прычыне і каналізацыйная сетка не знахо-дзіцца на балансе “Водаканала”. Але гэта не значыць, што яны павінны адмовіць вам у дапамозе. Абслугоўванне каналізацыйнай сеткі можа быць зроблена на дагаворных умовах.
Марыя Благіх, Лунін. Ці будуць сёлета ў нашай вёсцы працягвацца работы па пракладцы водаправода? Перш за ўсё, мяне цікавіць вуліца Сялянская, на якой жыву.
– Згодна з праграмай “Чыстая вада”, пракладку водаправода ў аграгарадку Лунін мяркуецца завяршыць у 2015 годзе. Пры праектаванні “Водаканалам” будзе разгледжана пытанне па пракладцы адпаведных сетак па вуліцы Сялянская.
– А што можаце сказаць наконт газіфікацыі?
– Зараз да вашай вёскі завяршаецца пракладка падводзячага газаправода. Жыхарамі аграгарадка сфарміраваны кааператыў. Згодна з рашэннем райвыканкама, РВУ “Лунінецрайгаз” выступае заказчыкам па праектаванню і будаўніцтву вулічных размеркавальных сетак і ўводаў у жылыя дамы. У “Белгіпрагазе” заказана праектна-каштарысная дакументацыя. Як толькі яна будзе гатова, у парадку чарговасці і ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №368 ад 02.06.2006 у аграгарадку Лунін пачнецца будаўніцтва аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы для газіфікацыі эксплуатуемага жыллёвага фонду.
З Чучавіч турбую. У нашай сям’і гадуецца дзіця-інвалід, вельмі патрэбна спецыялізаваная дзіцячая ўстанова, якая ёсць толькі ў Лунінцы. Часта туды не наездзішся, а жылля ў райцэнтры ў нас няма. Зусім нядаўна сталі ў чаргу на атрыманне сацыяльнай кватэры, але ж чарга расцягваецца на гады. Магчыма, у Лунінцы будуць узводзіць арэнднае жыллё, пра якое так многа зараз гавораць?
– У планах на 2014 год будаў-ніцтва арэнднага жылля ў Лунінцы не прадугледжана. Давядзецца пачакаць.
Наталля Грудзько, Азярніца. (Аналагічнае тэлефанаванне паступіла з в. Ракітна). Магчыма, пагроза афрыканскай чумы свіней адступіла, і нам ужо можна гэтую жыўнасць трымаць у гаспадарцы?
– Вы ведаеце, што ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання названага вамі захворвання Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №758 ад 29.08.2013 “Ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання прадуктыўных жывёлін у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян” у радыусе 5 кіламетраў ад свінагадоўчых фермаў і комплексаў забаронена ўтрыманне свіней на падворках грамадзян. Гэтае патрабаванне з’яўляецца абавязковым для ўсіх без выключэння. Тэрмін дзеяння вышэй названай пастановы не абмежаваны. Спыніць яго можа толькі ўнясенне змяненняў ці дапаўненняў. Пакуль пра іх нічога не чутна.
– Яшчэ пытанне, Васіль Міхайлавіч. У нашай вёсцы жывем, як на востраве. Маю на ўвазе адсутнасць інтэрнэт-сувязі. Церпяць ад гэтага, перш за ўсё, дзеці, якім інтэрнэт-прастора патрэбна і для вучобы ў тым ліку. Калі нарэшце ў Азярніцы паявіцца гэтая звычная для іншых выгода?
– Прычына ў адсутнасці валаконна-аптычнай лініі сувязі і дадатковага абсталявання. Пытанне будзе вырашана пасля таго, як Брэсцкі філіял РУП “Белтэлекам” пабудуе “МСС мясцовай сеткі Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці”. Узвядзенне аб’екта запланавана на 2015 год.
Кацярына Максімчык, Велута. Хачу скасаваць дагавор з камунальнікамі на вываз смецця. Жыву адна, адходаў практычна няма. За што плачу?
– Перш вы скардзіліся на тое, што смецце не забіраюць. Цяпер не задаволены тым, што забіраюць, хоць машына адзін раз у ты-дзень спыняецца ў 40 метрах ад дома. Але ж вы не гаворыце пра тое, што раней з вамі жыў сын з сям’ёй. Нягледзячы на тое, што атрымаў службовае жыллё, ён па-ранейшаму займаецца на вашым падворку гаспадарчай дзейнасцю – гадуе авечак, апрацоўвае агарод і г.д. Адходы ў такім выпадку будуць абавязкова. Куды іх дзяваеце?
– Сын самастойна вывозіць на вясковы сметнік.
– Вось бачыце. Чаму ж вы не хочаце разумець, што палігон цвёрдых камунальных адходаў ці, як вы кажаце, вясковы сметнік, таксама трэба ўтрымліваць ва ўзорным парадку? Сродкі на гэта ідуць немалыя, бярэм іх часткова з тых, якія за вываз ЦКА ўносяць жыхары. Так што, скасоўваць з камунальнікамі дагавор на збор і вываз смецця падстаў няма.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Жывем у райцэнтры на Пнішчы. Вуліца наша патрабуе ўвагі…
– Ведаю, і ўжо сёння накіруем туды грэйдзер. А вось падсыпаць здолеем трошкі пазней, калі ўстановіцца спрыяльнае надвор’е.
Наша вуліца ў Ракітна носіць імя загінуўшага ў Афганістане Міхаіла Мацкевіча, але стан яе такі, што сорамна становіцца. Ці нельга хоць трохі яе добраўпарадкаваць?
– У бліжэйшы час у Ракітна накіруем неабходную тэхніку. Прагрэйдзіруем не толькі названую, але і іншыя вясковыя вуліцы. Ды і ўвогуле спецыялісты ДРБУ-101 атрымаюць даручэнне не ўпускаць у далейшым іх з поля зроку.
Васіль Жук. Жыву ў Бродніцы, але цікаўлюся лёсам роднай вёскі Ракітна. У прыватнасці, перспектывамі яе газіфікацыі. Ці не плануецца гэтыя работы выканаць у бліжэйшы час?
– На жаль, не. У адпаведнасці з пералікам населеных пунктаў раёна для распрацоўкі Праграмы развіцця газіфікацыі, будаўніцтва падводзячага газаправода запланавана на 2022 год.
– Яшчэ пытанне. Чаму каля Бродніцкай школы няма ні знакаў, папярэджваючых вадзіцеляў пра тое, што побач – дзіцячая навучальная ўстанова, ні штучных няроўнасцей на дарозе?
– Гэтая недарэчнасць будзе выпраўлена ў бліжэйшы час.
З Чучавіч тэлефаную. Чаму ніхто не звяртае ўвагі на тое, у якім стане наша вуліцы Меліярацыйная. Працую на ферме. Штодня даводзіцца позна вечарам на веласіпедзе вяртацца дадому. Дык не тое што ехаць, весці ў руках веласіпед цяжка. Вуліца шмат год не падсыпалася і не бачыла грэйдзера.
– На жаль, у такім стане ў Чучавічах не толькі Меліярацыйная, але і некаторыя іншыя вуліцы. Работы па іх падсыпцы і грэйдзіраванню спецыялісты ДРБУ-101 выканаюць як толькі наступяць спрыяльныя ўмовы надвор’я. Мяркуецца, што завершаны яны будуць у красавіку-маі гэтага года. Пакуль жа нават пясок з кар’ера па прычыне высокага ўзроўню грунтовых вод вазіць нельга. Ды і рамонтнае прафіліраванне з-за начных замаразкаў не зробіш. Прабачце, але давядзецца крышку пачакаць.
Ева Герасімовіч, Лунінец. Жыву ў доме №1 на плошчы Леніна ў двухпакаёвай кватэры. Не так даўно падала дакументы на прыватызацыю і была вельмі здзіўлена, калі даведалася, што кватэра мая каштуе 187 мільёнаў рублёў! Адкуль такія цэны? Кажуць, што праведзены капітальны рамонт паўплываў, але дом і планіроўка як былі старымі, так і засталіся. Навошта ж раўняць маю кватэру з тымі, што ўзводзяцца зараз?
– Складана адказаць вам што-небудзь дакладна, але абяцаю, што будзе праведзена праверка пра-вільнасці вылічэння ацэначнага кошту вашага жылля.
Як стала вядома, разлік кошту названай кватэры быў зроблены ў адпаведнасці з Палажэннем аб вызначэнні кошту прыватызацыі, распрацаванага на падставе арт.141 Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь 28.05.2013 №421, і на падставе бухгалтарскіх дадзеных, тэхнічных характарыстык (згодна з тэхнічным пашпартам), а таксама звестак БТІ. Парушэнняў разліку ацэначнага кошту жылога памяшкання не выяўлена.
Павел Кіпцэвіч, Лунінец. Жыву на вуліцы Лісовіча,1. Са страхам чакаю наступлення вясны. Справа ў тым, што ў дождж пры моцным бакавым ветры ў кватэру праз шчыліны ў вокнах і нават сцены трапляе вільгаць. Камунальнікі спрабавалі ўшчыльніць вокны, але гэта нічога не дало…
– У бліжэйшы час да вас вые-дзе спецыяльная камісія, якая вызначыць, што можна зрабіць, каб выправіць становішча.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, паўтара года таму былі выкананы работы па герметызацыі аконных адліваў. Дадатковая герметызацыя была зроблена і летам мінулага года. У дзень звароту П.П. Кіпцэвіча на “Прамую лінію” ў яго кватэры пабывалі спецыялісты ЖКГ. Слядоў пераўвільгатнення на сценах і каля вокнаў не выяўлена. З гаспадаром жылля дасягнута дамоўленасць, што ў выпадку паяўлення вады па першаму тэлефанаванню на нумар 115 у дыспетчарскую службу спецыялістамі будуць прыняты тэрміновыя меры па выкананню рамонтных работ.
– Ці будзе сёлета ў нашым доме выкананы капітальны рамонт?
– Спіс аб’ектаў, дзе запланаваны капітальны рамонт, на 2014 год зацверджаны. Дома №1 па вуліцы Лісовіча ў ім няма.
Надзея Цыбульская, Лунінец. Дом па вуліцы Давыдава,1 пабудаваны 45 год таму. Ці не плануецца тут капітальны рамонт?
– Сёлета плануецца капітальны рамонт вашага дома. З жыхарамі яго двойчы праводзіліся сходы, дзе растлумачана, якія работы прадугледжаны праектна-каштарыснай дакументацыяй.
Максім Кацуба, Дзятлавічы. Ці нельга добраўпарадкаваць дарогу, што напрасткі вядзе ад нашай вуліцы Лясная да чыгуначнага прыпынку “Сад”?
– Асноўны пад’езд да прыпынку “Сад”, якім карыстаюцца практычна ўсе жыхары Дзятлавіч, Бараўцоў і Купаўцоў, хоць і мае гра-війнае пакрыццё, знаходзіцца ў нармальным стане. Заасфальтаваць гэтую дарогу грошай пакуль няма. Як і не стае іх на тое, каб практычна зрабіць праз поле новую дарогу, што напрасткі вядзе ад хутароў да чыгункі. Так што, паважаны Максім Іванавіч, будзем пакуль задавольвацца тым, што ёсць.
З Лахаўкі тэлефаную. Скажыце, ці будзе ў Лунінцы адкрыты магазін “Еўраопт”?
– А чаго няма ў вашым вясковым магазіне і ёсць у “Еўраопце”? І чаму турбуецеся за гандлёвую кропку менавіта гэтай сеткі?
– У нашым магазіне ёсць усё, калі няма, то прывозяць пад заказ, але ў вялікіх кропках усё намнога танней.
– Наконт намнога, не спяшаўся б гаварыць. А гіпермаркеты пакуль не плануем адкрываць па той прычыне, каб захаваць для вас і такіх, як вы, вясковы гандаль, які забяспечвае людзей усім неабходным.
Ірына Багданец, Лунінец. Вялікая да вас просьба, Васіль Міхайлавіч. Жыву на самым ускрайку вуліцы Гагарына, хаджу з кіёчкам, а так хочацца іншы раз выйсці ў людзі, пабыць на службе ў царкве. Ды вось бяда, расклад руху гарадскога аўтобуса такі, што да пачатку службы не паспяваем. Ці нельга дапамагчы мне і такім як я, па выхадных наладзіўшы дадатковы больш зручны рэйс?
– Паглядзім, што можна зрабіць і паведамім праз газету.
Як растлумачыў дырэктар аўтапарка №10 С.М. Кіндрук, з 16 сакавіка 2014 года па нядзелях будзе адкрыты дадатковы рэйс маршрута №6. З чыгуначнага вакзала ён адправіцца ў 9.00.
Вера Ільючык, Багданаўка. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Адзін раз у тыдзень прыязджае да нас стаматолаг, але гэтага для такой вялікай вёскі яўна недастаткова. Ці нельга прыслаць у Багданаўку зубнога ўрача, каб ён працаваў тут пастаянна?
– Пачынаючы з красавіка гэтага года зубаўрачэбны кабінет у Багданаўскай амбулаторыі будзе працаваць штодня. Вас і ўсіх жанчын віншую з надыходзячым святам. Дабра, пяшчоты, шчасця ў вашы сем’і. Няхай светлым бу-дзе кожны дзень і абавязкова нясе з сабою радасць!
– Дзякуй!
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть