Сапраўдны гаспадар зямлі – яе працаўнік
Общество

Сапраўдны гаспадар зямлі – яе працаўнік

1271976913_krutik-sergpetr-mexanizatorКанец лютага пачатак сакавіка – час спарваздачных і
справаздачна-выбарчых сходаў у сельгасарганізацыях раёна. Першымі гэтае
мерапрыемства правялі працаўнікі СВК «Чучавічы”. А праз тыдзень – калектыў СВК
«Новае Палессе”.

Працаўнікоў гэтай гаспадаркі гасцінна прымаў Любанскі
СДК, у фае якога разгарнулася выстава мясцовай майстрыхі па вышыванню былой
настаўніцы пачатковых класаў Марыі Шэўчык.

У рабочы прэзідыум, акрамя старшыні і членаў
сельгаскааператыва, былі запрошаны прадстаўнікі райвыканкама: намеснік старшыні
Віктар Рафаловіч, загадчык землеўпарадкавальнай службы Сяргей Чарненка,
юрысконсульт Юрый Рацык і старшыня Лахвенскага сельвыканкама Людміла Пашкевіч.

На парадку дня – справаздача старшыні гаспадаркі за
мінулы год; яе зацвярджэнне; аналіз леташніх вытворчых паказчыкаў і  прагноз на 2013-ты; справаздача рэвізійнай
камісіі; выбары кіраўніка і членаў праўлення сельгаскааператыва.

Даклад старшыні Віталя Ермалёнка, як пазней і галоўных
спецыялістаў, быў лаканічным. Ён паведаміў, што ў калектыве працуюць 149
чалавек, іх сярэднямесячны заробак за мінулы год склаў 2485 тысяч рублёў, што
на 1,5 мільёна рублёў больш, чым у 2011 годзе. Тэндэнцыя да павелічэння заробкаў
працягваецца і сёлета: у студзені  яны
склалі 2743 тысячы рублёў. Летась у паўтара раза перавысілі атрыманую ў
папярэдннім годзе ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур, першае месца ў
раёне занялі па выниках нарыхтоўки кармоў, больш надаілі малака, значна
палепшылі яго якасць. Выкарыстоўваючы крэдытныя і щласныя сродкі рэканструявалі
МТФ №5,  адрамантавалі склад для
захоўвання тукаў, пачалі ўзводзіць малочнатаварны комплекс на 2 тысячы галоў
буйной рагатай жывёлы, сталовую, дадаткова закупілі 40 пчоласямей.

Аб пераканаўчым руху наперад сведчылі і лічбы, агучаныя ў
дакладах галоўных спецыялістаў. Галоўны бухгалтар Кацярына Косач паведаміла,
што выручка ад рэалізацыі прадукцыі перавысіла 24 мільярды рублёў, або склала
223 працэнты ў параўнанні з  2011 годам.
Ад галоўнага эканаміста Паўла Станілевіча даведаліся, што рэнтабельнасць
вытворчасці дасягнула 29,7 працэнта, а выпрацоўка на аднаго работніка – 17,4
тысячы долараў ЗША. Сёлета апошнюю лічбу мяркуецца павялічыць да 30 тысяч
долараў. Аб прымаемых у гэтым напрамку мерах сведчыць мінулагодні вопыт: падчас
нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю пры большым аб’ёме работ здолелі значна  зменшыць расходы паліва і ГЗМ, пра што
расказаў галоўны інжынер Валерый Нікалаевіч. Слушным было і выступленне галоўнага
агранома Ігара Коваля, які разам з іншым запэўніў, што веснавую сяўбу калектыў
правядзе дружна і арганізавана. Была б толькі глеба гатовай прыняць зерне.

Паведамляючы пра станоўчае, спецыялісты не хавалі, што
для далейшага поспеху спатрэбіцца шмат намаганняў. У прыватнасці, калектыву
разам з выбранымі на новы тэрмін сёння кіраўніком Віталем Ермалёнкам і
праўленнем неабходна будзе і далей павышаць урадлівасць глебы, павялічваць
пагалоўе, надоі і прывагі жывёлы…

Высокую ацэнку дзейнасці калектыву ў сваім выступленні
даў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч.

У раздзеле «рознае” разглядалі пытанні выдзялення зямлі
для фермерскай гаспадаркі і ўнясення змяненняў у калектыўны дагавор, якія
таксама датычаць зямельных праблем. У прыватнасці, пры поўнай згодзе  калектыву вырашылі людзям, якія пражываюць на
тэрыторыі гаспадаркі, але не з’яўляюцца яе пенсіянерамі ці членамі, або іх
праца не мае дачынення да забеспячэння жыццядзейнасці членаў калектыву і іх сямей,
выдзяляць па 10 сотак на аддаленых ад цэнтра надзелах у раёне Грычына. Такое
рашэнне крыху здзівіла. Разам з разуменнем, што гэта чарговая спроба павышэння
значымасці і прэстыжу работы сельгасвытворцаў, нарадзіліся і сумненні: ці не
адвучым такімі мерамі падрастаючае пакаленне ад працы на зямлі, як ужо адвучылі
сённяшнюю моладзь трымаць кароў на падворку і авалодваць прафесіяй так
патрэбнага ў гаспадарцы механізатара.

Прыемнай была заключная частка сходу, калі найбольш
старанныя працаўнікі былі ўдастоены звання «Лепшы па прафесіі” (са штомесячнай
дабаўкай 10 працэнтаў  да заробку),
атрымлівалі граматы, прэміі і кветкі. Прыгожа, з  букетамі і прэміямі, праводзіў калектыў на
заслужаны адпачынак сваіх учарашніх калег, якія адпрацавалі ў гаспадарцы больш
за 30 гадоў. Для ўсіх цудоўным падарункам стаў канцэрт, падрыхтаваны
навучэнцамі каледжа сельгасвытворчасці.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть