Пераможная родная мова
9-класнік Лунінецкай гімназіі Павел ЛУСЕВІЧ на міжнароднай вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі ў Літве ўзнагароджаны Дыпломам І ступені.
Штогадовы форум у Вільнюскай беларускай гімназіі сёлета быў прысвечаны 525-годдзю Францыска Скарыны. Павел працягнуў збор дакументаў аб выкладчыку рускай рэальнай гімназіі М.П. Анцукевічу (1892-1971), які ў 1926 годзе ў Лунінцы пераклаў на сучасную мову “Слова аб палку Ігаравым”. Нагадаем, што пераможны шлях даследавання пачаў выпускнік-2012 ліцэя Дзяніс Паўловіч. Павел узбагаціў працу звесткамі аб славутай “рэалцы”, шлях да якой пачаўся 125 год таму.
Ганароваму госцю канферэнцыі — унуку гісторыка, філолага, перакладчыка — Мікалаю Анцукевічу перададзены ў падарунак нумар раённай газеты “Лунінецкія навіны”, дзе ўпершыню былі апублікаваны звесткі пра яго вядомага дзеда.
Поспех вучня па праву падзяляюць бібліятэкар Ірына Раманчук (навуковы кіраўнік юнага даследчыка таксама ўзнагароджана Падзякай) і выхавальнік Таццяна Стасюк, якая суправаджала Паўла ў першую замежную камандзіроўку.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ