Сорамна не будзе?
Бадай, з прыходам вясны не было ні аднаго нумара “ЛН”, у якім журналісты не ўзнімалі б пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў.
І сапраўды, згодна з хрысціянскім звычаем напярэдадні Вялікадня людзі наводзяць чысціню і парадак у дамах, на могілках, прысядзібных участках. Але хочацца, каб прыгожа выглядаў кожны куток Лунінеччыны. Для гэтага трэба прыкласці крыху жадання і сіл.
Па-сапраўднаму гаспадарскага падыходу чакае і невялікая пляцоўка, размешчаная за дзіцячым садком №11 “Светлячок” у райцэнтры. Восенню сюды зносілі апаўшае лісце, а неўзабаве да яго далучыліся поліэтыленавыя пакеты з бытавымі адходамі. Сёння чаго тут толькі не знойдзеш: бутэлькі, паперы, памперсы… Няцяжка здагадацца, які водар пануе навокал, асабліва, калі прыгравае сонейка. А побач – пляцоўка, дзе гуляюць малышы. Вось і маленькая Даша КЕЗЬ з мамай Вольгай раніцай і вечарам праходзіць міма несанкцыянаванага сметніка па сцяжынцы, што вядзе дамоў, у напрамку вуліц Гагарына, 9 Мая і іншых.
Шаноўныя землякі! Наперадзе – рэспубліканскі суботнік. Давайце разам навядзем парадак на зямлі! Будзе чыста навокал, такімі ж асветленымі стануць нашы сэрцы. А, значыць, у юбілейны для Лунінца і вызвалення краіны год перад старэйшым пакаленнем сорамна не будзе!
Фота Наталлі ПАЎЛЮКЕВІЧ.