Звычка — папулярная, наступствы — дрэнныя
У рамках акцыі «Брэстчына без тытуню», якая праходзіла на працягу мая, у рэдакцыі «Лунінецкіх навін» спецыялісты зацікаўленых службаў падзяліліся вопытам па прафілактыцы курэння і высветлілі некаторыя праблемныя пытанні.
Святлана ДЗМІТРЫЕВА, псіхолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
— Праблема курэння сёння выклікае сур’ёзную занепакоенасць на дзяржаўным узроўні. У нашай краіне дзейнічае шмат нарматыўных дакументаў, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця, ствараюцца тэрыторыі, свабодныя ад курэння, не дапускаецца рэклама тытунёвых вырабаў, у СМІ штогод павялічваецца колькасць інфармацыйных матэрыялаў, забаронена курэнне ў грамадскіх месцах.
Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла Канцэпцыю рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі супрацьдзеяння курэнню і план мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднай звычкай.
Мы ў адказе за будучыню нашых дзяцей, блізкіх і павінны зрабіць усё магчымае, каб абараніць іх ад уплыву тытуню.
Алена КАЧАНОВІЧ, урач-нарколаг раённай бальніцы:
— Многія лічаць, што курэнне не прыносіць асаблівай шкоды, а, наадварот, супакойвае або падбадзёрвае. Гэта меркаванне памылковае. У чалавека ўзнікаюць паталагічныя змены ў дыхальных шляхах, сасудах сэрца, канечнасцях, страўніку, што прыводзяць да розных захворванняў.
Найбольш атрутным рэчывам, якое выдзяляецца пры курэнні, з’яўляецца нікацін. У некалькіх цыгарэтах утрымліваецца такая яго колькасць, якая пры ўвядзенні ў вену можа выклікаць смерць.
Нярэдка пад уплывам нікаціну парушаецца здольнасць адрозніваць колеры: спачатку — зялёны, потым — чырвоны, жоўты і, нарэшце — сіні. Так, тры цыгарэты, скураныя вадзіцелем перад тым, як сесці за руль, пагаршаюць зрокавае ўспрыманне, а хуткасць рухальных рэакцый памяншаюць на 25 працэнтаў.
У раённай паліклініцы функцыянуе школа адмовы ад курэння. Адным з прынцыпаў работы з’яўляецца індывідуальны падыход. Урач з дапамогай спецыяльных методык вызначае ступень нікацінавай залежнасці і ўзровень матывацыі адмовы ад звычкі. Наведвальнікі заняткаў інфармуюцца аб рэжыме харчавання і фізічнай нагрузцы ў перыяд адмовы ад тытуню. Неабходна адзначыць, што кожнага жадаючага абследуюць на спецыяльным абсталяванні, правяраюць лёгкія, сэрца.
Жанна КУЛЕШ, урач-валеолаг раённай паліклінікі:
— Адным з асноўных прынцыпаў прафілактычнай работы з’яўляецца фарміраванне ў грамадстве дрэнных адносін да курэння. З гэтай мэтай штогод праводзяцца адзіныя Дні здароўя, мерапрыемствы, акцыі. Вялікую актыўнасць у іх правядзенні пачала праяўляць моладзь. Ва ўстановах і на прадпрыемствах арганізоўваюцца дні адкрытай інфармацыі з удзелам спецыялістаў аховы здароўя, праводзіцца кансультаванне насельніцтва.
Прыняты нарматыўныя дакументы, якія датычаць забароны курэння ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання, у вагонах цягнікоў. Пашыраюцца паўнамоцтвы службовых асоб, якія ажыццяўляюць нагляд за выкананнем заканадаўства і садзейнічаюць зніжэнню распаўсюджвання звычкі сярод насельніцтва.
Сяргей МОЛЧАН, загадчык сектара па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— Прычыны ў моладзі розныя: некаторыя хочуць выглядаць дарослымі, адчуваць сябе незалежнымі, хтосьці лічыць, што гэта дапаможа пахудзець, а ў некаторых проста курыць кампанія, пад уплыў якой ён трапляе.
Дзеці — люстэрка ўзаемаадносін бацькоў. Калі падлетак не адчувае дэфіцыту зносін, калі яго жыццё напоўнена яркімі падзеямі, то ён не стане курыць. Неабходна з самага ранняга ўзросту выхоўваць у хлопчыкаў і дзяўчынак як мага больш карысных звычак, каб пасля не змагацца са шкоднымі.
Так, у рамках акцыі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў агляд літаратуры “Жыццё без тытуню”, дзіцячыя бібліятэкі арганізавалі: лунінецкая — гадзіну разважанняў “Курэнне ці здароўе”, Мікашэвіцкая правяла роздум “Курыць — здароўю шкодзіць”, Міжлеская — гутарку-дыялог “Нябачны забойца”, Дзятлавіцкая — урок-віктарыну “Жыццё без тытуню”, Вялуцкі СДК — дыспут “Ці ёсць жыццё без тытуню”, а таксама выставу “За здаровы лад жыцця”, Лунінскі СДК — гульнявую праграму “Усе фарбы жыцця”.
Запісала Марына АРЭШКА