Фантастычны матч
Успамінаючы мінулы год, у чэмпіянаце Беларусі сярод каманд першай лігі менавіта “Граніт» і “’Славія» лідзіравалі на працягу ўсяго сезона. Яны таксама неаднаразова сустракаліся ў таварыскіх матчах у міжсезонні. На гэты раз ім давялося пазмагацца за ачкі ўжо ў вышэйшай лізе.
“Гранітаўцы”, выступаючы ў ролі гаспадароў, гульню пачалі з актыўных дзеянняў. На трэцяй хвіліне яны нанеслі першы небяспечны ўдар па варотах гасцей. Зрабіў гэта Дзмітрый Ігнаценка. У чарговай атацы ўжо Цярэнцій Луцэвіч меў нядрэнны шанц, але не выкарыстаў яго. На 8-ай хвіліне Андрэй Шэракоў з падачы Ігара Трухава забіў гол. У сярэдзіне першага тайма ён і Аляксей Цімашэнка мелі нядрэнную магчымасць павялічыць лік, але не атрымалася. А вось госці тут жа адказалі двума ўдарамі па варотах, якія прынеслі ім поспех. Мазырскія футбалісты ў канцы першага тайма маглі ўмацаваць сваё становішча. Галкіпер Ілья Гаўрылаў памыліўся, выйшаўшы да самай штрафной лініі. Вароты “гранітаўцаў” выратаваў абаронца Павел Яўсеенка, які выбіў мяч на вуглавы. Па словах галоўнага трэнера Валерыя Бахно, гэта быў пераломны момант у гульні. У гэты час ігракі мікашэвіцкай каманды атрымалі дадатковы імпульс і другі тайм пачалі ў баявым настроі.
Спачатку Дзмітрый Хлебасолаў выйшаў адзін на адзін з варатаром “Славіі”, але Уладзімір Гаеў выратаваў. Тут жа рушыла ўслед яшчэ адна спроба ўзяцця варот, і Дзмітрый Ігнаценка зраўнівае лік — 2:2. Яшчэ больш заварушыліся каманды, гульня стала больш актыўнай. “Гранітаўцаў” ужо нельга было спыніць… Перадача на Ігнаценку, удар галавой і… штанга. Стадыён загудзеў. Да заканчэння асноўнага часу заставалася зусім крыху. І вось — навес Андрэя Шэракова ва варатарскую, і Дзмітрый Хлебасолаў выводзіць нашу каманду наперад — 3:2. Гэты лік захаваўся да фінальнага свістка.
Алена ДАНІЛОВІЧ