«KIDS ATHLETICS»
Спаборніцтвы пад такой назвай па праграме міжнароднай федэрацыі па лёгкай атлетыцы праходзяць сёлета па ўсёй краіне. Не стала выключэннем і Лунінеччына.
Як паведаміла намеснік дырэктара СДЮШАР Алена Вярэніч, мэта “Дзіцячай лёгкай атлетыкі” – падтрыманне добрага стану здароўя, што з’яўляецца неад’емнай часткай пры правядзенні ўсіх спартыўных заняткаў. Такога роду спаборніцтвы спрыяюць жаданню дзяцей быць больш рухомымі, а гульні ў розных формах уносяць свой уклад у іх гарманічнае развіццё.
Халоднае надвор’е прымусіла перанесці спаборніцтвы са стадыёна ў спартыўную залу, але ад гэтага відовішчнасць і азарт ніколькі не зменшыўся ў 4-класнікаў з розных куткоў раёна. На жаль, не ўсе каманды прыбылі на старт. 14 агульнаадукацыйных устаноў выявілі лепшых у сваіх калектывах і ўзялі ўдзел у першым раённым этапе.
У кожную каманду ўваходзілі па 3 хлопчыкі і столькі ж дзяўчынак. Ім неабходна было пераадолець 7 этапаў: спрынтарска-бар’ерная эстафета, скрыжаныя скачкі, хуткасная лесвіца, кіданне мяча і кап’я, слаламны бег, скачкі адзін за адным. Лепш з усімі выпрабаваннямі справіліся вучні лунінецкай СШ №1 у складзе Алёны Біліба, Максіма Гаргуна, Аляксандра Косача, Ільі Верамчука, Анастасіі Жук і Дар’і Гудэнка (на здымку разам з настаўнікам фізічнага выхавання Таццянай Шостыр).
Другое месца заняў зладжаны сэксцет з Дзятлавіцкай СШ. На трэцюю прыступку п’едэстала падняліся выхаванцы лунінецкай СШ №4.
Пачынаючы з чацвёртага месца, каманды размясціліся ў наступным парадку: Сінкевіцкая СШ, гімназія імя У. Нядзведскага, СШ №2 г. Лунінца, Палеская, Лахвенская, Бастынская СШ, СШ №3 г. Лунінца, Язвінская, Вулькаўская 1, Кажан-Гарадоцкая і Лунінская СШ.
Па выніках спаборніцтваў сфарміруюць каманду раёна, якая 19 мая будзе абараняць гонар Лунінеччыны на абласным этапе ў Брэсце.