Навагодні турнір адкрывае межы
Спорт

Навагодні турнір адкрывае межы

novogodnij-turnir-po-volejbolu

У 11-ты раз на базе політэхнічнага каледжа адбыўся валейбольны турнір на прызы Дзеда Мароза. Упершыню ў ім бралі ўдзел 2 каманды з суседняй Украіны – з Луцка і Лебяжова.

Па словах арганізатара, галоўнага суддзі і трэнера каманды-гаспадароў Аляксандра Мірановіча, гэтыя спаборніцтвы ўпершыню сабралі такую вялікую колькасць – 9 і набылі міжнародны статус. На працягу двух дзён у спартыўных залах СДЮШАР і політэхнічнага каледжа было спякотна ад напалу барацьбы. У выніку перамаглі валейбалісткі Луцка, якія ў фінальным паядынку ўзялі верх над гаспадынямі – 25:19 і 25:16. Трэцімі прызёрамі сталі спартсменкі з Лельчыц (Гомельская вобласць).

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання, якую па традыцыі праводзіў Дзед Мароз, у лунінчанак прызам у намінацыі “Лепшы ігрок эпізоду” адзначана Ангеліна Шкут. Яна ў рашаючым матчы за выхад у фінал з камандай “ДЮСШ г. Пінск” вызначалася 8-ю “эйсавымі” падачамі запар. А лепшым універсальным іграком прызнана капітан Крысціна Ашарчук. Разам з гэтымі дзяўчатамі каманднае “серабро” заваявалі Анастасія Воран, Ганна Санец, Святлана Міхнавец, сёстры Кацярына і Тамара Клапаць, Марыя Ашуркевіч, Алёна Лашко, Яна Канапацкая і Кацярына Стрэчань.

Прыемна было бачыць у ліку балельшчыкаў не толькі ветэранаў спорту і пастаянных прыхільнікаў валейболу, а і каманду Вулькаўскай 2 СШ, якая сёлета ўпершыню прабілася ў фінальную частку раённай спартакіяды, а ў суботу прыехала падтрымаць зямлячак.

Удзельнікі спаборніцтваў выказваюць шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву політэхнічнага каледжа і яго дырэктару Андрэю Баўкуновічу, СДЮШАР (дырэктар Дзмітрый Дырда), РФСК “Здароўе” (Сяргей Хлуд і Аляксей Комар), раённай арганізацыі БРСМ (Ігар Гаргун) і індывідуальнаму прадпрымальніку Дзмітрыю Дударгу за садзеянне і фундатарскую дапамогу.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть