Новае імя лідара
За званне пераможцы раённай спартакіяды школьнікаў па міні-футболе вялі барацьбу 18 каманд.
У фінал трапілі чатыры мацнейшыя – мікашэвіцкай СШ №2, лунінецкія СШ №4 і гімназія, а таксама Язвінская СШ. Менавіта вясковыя школьнікі не пакінулі шанцаў сапернікам у барацьбе за першае месца, запісаўшы ў свой актыў тры перамогі. За каманду выступалі Артур Абрамчук (лепшы ігрок турніру), Серафім Чыж, Дзяніс Кругавец, Павел Вярэніч, Уладзіслаў Абрамчук, Дзмітрый Калянковіч, Уладзіслаў Калюціч, Вадзім Вароніч, Аляксандр Гнедзька і Алег Зуянс (настаўнік фізкультуры Віктар Аліфяровіч).
Футбалісты з СШ №4 саступілі толькі прадстаўнікам Язвінскай СШ і сталі сярэбранымі прызёрамі. Драматычна разгортваліся падзеі ў матчы за трэцяе месца, асабліва на апошніх хвілінах. У паядынку была зафіксавана нічыя 3:3, якая прынесла бронзу мікашэвіцкім школьнікам, улічваючы лепшы паказчык забітых мячоў у фінальнай стадыі.
Узнагароды ўручыў метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксей Пышынскі, які выказаў удзячнасць фундатарам – РФСК “Здароўе” і індывідуальнаму прадпрымальніку Віктару Грыневічу.