Рэспубліканскі алімп заваяваны!
Заваяваўшы права прадстаўляць Брэстчыну ў рэспубліканскім фінале турніру “Кубак Coca-Cola. Уступай у гульню!”, каманда лунінецкай СШ №2 у суправаджэнні настаўнікаў каманды Віктара Вайцяхоўскага і Аляксандра Аляшкевіча накіравалася ў Мінск на аўтобусе, пра які паклапацілася Беларуская федэрацыя футбола.
Настройваліся толькі на перамогу. Яшчэ ў аўтобусе юнакі пачалі абмяркоўваць перспектывы таго, хто стане іх сапернікам у фінале. “Калі выхаванцы “шахцёрскай школы”, то кубак ім не аддадзім,” – пераканаўча сцвярджалі лунінецкія школьнікі. Вырашылі, што гуляць будуць у “шчаслівай” форме зялёнага колеру…
І вось пасля ўрачыстага адкрыцця 8 каманд, разбіўшыся на 2 групы, пачалі футбольны марафон з рэгламентам 2 таймы па 10 хвілін. У сапернікі нашым юнакам дасталіся каманды Гомельскай, Віцебскай абласцей і Мінск-1. “Разміначны” паядынак з віцебчанамі завяршыўся перамогай лунінчан 2:0. Мінчанам забілі тры мячы, а прапусцілі 1. Гэтага было дастаткова для першага месца ў групе. Гульня з гамяльчанамі па сутнасці нічога не мяняла, але завяршылася нічыйным вынікам – 1:1. Трэба адзначыць, што гол у нашай камандзе забіў самы малодшы ўдзельнік – 5-класнік Арцём Андрыеўскі.
У паўфінале сустрэліся з прадстаўнікамі Гродзенскай вобласці і ўзялі верх 2:0. У заключным фінальным матчы, як і прагназавалі, выйшлі на каманду Мінскай вобласці, якую прадстаўлялі выхаванцы спартыўнага класа ФК “Шахцёр” (Салігорск).
Па словах саміх ігракоў, сапернік быў вельмі сур’ёзны, не даваў расслабіцца ні на хвіліну. Лунінчане выдатна выкарыстоўвалі стандарты і контратакі. Адзін з удараў Уладзіслава Кнырэвіча пасля розыгрышу штрафнога прымусіў сапернікаў захвалявацца, бо мяч трапіў у перакладзіну. А вось наступная контратака за 4 хвіліны да фінальнага свістка прынесла поспех лунінчанам. Вызначыўся ўсё той жа Уладзіслаў Кнырэвіч. Акрамя яго і названага вышэй Арцёма Андрыеўскага, за каманду выступалі Данііл Антановіч, Яўген Апанасовіч (лепшы нападаючы турніру), Аляксандр Кацуба, Уладзіслаў Цяльпук, Яўген Дырман (лепшы ігрок турніру), Мікіта Трафімук, Міхаіл Свярдлоў, Уладзіслаў Богдан і Міхаіл Кавалевіч. Усе яны наведваюць заняткі ў СДЮШАР у Аляксандра Пічыца і Дзмітрыя Коласа.
Яўген Апанасовіч падзяліўся сваімі ўражаннямі:
– Трэці раз прымаю ўдзел у турніры. Гэта – сапраўднае свята для нас. Мне ўдалося сёлета забіць 12 мячоў, але спыняцца на дасягнутым не збіраюся. Мару пра кар’еру футбаліста і спадзяюся, што калі-небудзь мне пашанцуе гуляць за салігорскі “Шахцёр”.
Здавалася, радасці нашым юным футбалістам не было межаў! Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання іх вітаў першы намеснік Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян. Кубак, дыпломы, медалі, мячы – усё гэта цудоўныя падарункі. Але самым важным для нашых спартсменаў стала тое, што цяпер іх чакаюць сумесная трэніроўка з ігракамі Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па футболе, а таксама паездка на матч Беларусь-Францыя, які пройдзе 6 верасня на футбольным стадыёне «Барысаў-Арэна».
Віншуем каманду з перамогай!