«Шкаліяда»
Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, які сапраўды працуе, і правядзенне Рэспубліканскіх спаборніцтваў «Шкаліяда», праекта «300 талентаў для Каралевы» — таму пацвярджэнне.
Прыемна, што ў фінал, які праходзіў у Мінску, трапілі і юныя лунінчане. За Брэсцкую вобласць выступалі трое прадстаўнікоў Дзятлавіцкай СШ — Ліана КОМАР (на здымку), Анастасія Кацуба, Данііл Гарадкавец, а таксама Аляксандра Гусціновіч з Кажан-Гарадоцкай СШ, Вікторыя Колбік з Язвінскай СШ і Максім Цяльпук з Бастынскай СШ.
— Апошнім часам дзіцячай лёгкай атлетыцы надаецца вялікая ўвага, — расказаў старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі» Вадзім Дзевятоўскі, выступаючы перад удзельнікамі спаборніцтваў. — Трэба бачыць, з якім азартам дзеці выконваюць практыкаванні, з якой радасцю яны бегаюць і скачуць. Няхай гэтыя спаборніцтвы для многіх у жыцці першыя, але спадзяюся, што менавіта «каралева» спорту стане для іх другім домам, як калісьці яна стала для мяне.
Па словах прадстаўніка каманды Брэсцкай вобласці Алены Хадненка, дзецям было прыемна пабываць на такім маштабным форуме, стартаваць у сучасным лёгкаатлетычным манежы, сфатаграфавацца з чэмпіёнкай свету ў бегу на 800 метраў Марынай Арзамасавай, а таксама атрымаць падарунак на памяць. I хаця пераможцамі нашы юныя прыхільнікі «каралевы» спорту не сталі, трэба спадзявацца, па сябраваць з лёгкай атлетыкай яны паспелі. А перамогі абавязкова будуць!
Алена Даніловіч