Снег. Марозік. Лыжы…
Спорт

Снег. Марозік. Лыжы…

Гэтыя тры вызначэнні сталі выдатнымі састаўляючымі цудоўнага свята – раённых спаборніцтваў з элементамі біятлона “Лунінецкая лыжня-2018” памяці Уладзіміра Саковіча.

Падобныя спаборніцтвы праводзіліся на Лунінеччыне і раней, але ў такім фармаце – другі раз. Сёлета з надвор’ем лыжнікам пашанцавала асабліва – выдатная траса са свежым снежным покрывам і лёгкі марозік быццам клікалі хутчэй далучыцца да аматараў гэтага захапляючага зімовага віду спорту. А іх было нямала: аб жаданні ўдзельнічаць у тур-ніры заявілі 26 каманд, у тым ліку – сем сямейных “экіпажаў”. Але перш-наперш, усе сабраліся на кароткую ўрачыстасць, у ходзе якой спартсменаў і балельшчыкаў вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Назваўшы спаборніцтвы добрай традыцыяй, Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што “кожны прыехаў сюды як мінімум за выдатным настроем, і як максімум – за перамогай”.

У жаданні як мага хутчэй атрымаць і першае, і другое, усе накіраваліся да месца старту. Траса пралягала па маляўнічых мясцінах сасновага бору. Праз пэўныя адрэзкі лыжнікаў сустракалі пікетчыкі. Гэта асабліва важным было для самых юных удзельнікаў спабор-ніцтваў, якія стартавалі першымі. Барацьба была нежартоўнай. І калі хлопчыкі і дзяўчынкі, пераадолеўшы кіламетровую дыстанцыю, адразу перадавалі эстафету татам і мамам, апошнім трэба было паказаць не толькі хуткасць, але і трапнасць. Пасля трасы іх чакалі на агнявым рубяжы.

Тыя самыя заяўленыя ў палажэнні “элементы біятлона” вельмі яскрава прадэманстравалі: навічкам і насамрэч шанцуе. Адна з удзельніц, якая ўпершыню ўзяла ў рукі пнеўматычную вінтоўку, з першага разу трапна паразіла цэль, яшчэ адна ўмудрылася перабіць тоненькую вяроўку, якой мішэнь мацавалася да сцяны!

Усе дасягненні і промахі дакладна фіксавала судзейская брыгада на чале з Аляксеем Гнедзькам. У пратаколы заносіліся вынікі кожнага са спартсменаў. Хто-ніхто радаваўся асабістым рэкордам, іншыя шкадавалі аб няўзятых “вяршынях”.  Як ні дзіўна, некаторых падводзілі ненадзейныя лыжныя мацаванні: даводзілася бачыць, як асобныя спартсмены фінішавалі на адной лыжыне, несучы другую ў руках. І як тут не ўспомніць далёкае юнацтва ці нават дзяцінства, калі на той жа сінкевіцкай трасе мы, падлеткі з усяго раёна, на роўных спрабавалі супрацьстаяць вымуштраваным юным выхаванцам незабыўнага Уладзіміра Ігнатавіча Саковіча. Яго “школа” адчуваецца і сёння: лыжныя бегуны родам з Сінкевіч і зараз паказваюць клас!

Пасля сямейнай эстафеты ў спаборніцтвы ўключыліся каманды прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Барацьба ішла з пераменным поспехам. Іншы раз здавалася, што вось ён – сапраўдны пераможца, як праз некаторы час даводзілася ўпэўніцца: на старт выйшлі яшчэ мацнейшыя! Урэшце канчатковыя вынікі падведзены, кропкі над “і” расстаўлены. Сярод сямейных каманд перамогу святкавалі Аляксандр, Алена і Юлія Кушнярэвічы з Вулькі 2. Першае месца ў лыжнай эстафеце з элементамі біятлона заняла каманда “Граніт-1” (г. Мікашэвічы), другое – “ІП Клеўжыц” (аг. Сінкевічы), трэцяе – райспажыўтаварыства (г. Лунінец).

Яўгенія Саковіч, удава У.І. Саковіча:

– Удзячна за памяць пра Уладзіміра Ігнатавіча. Гэта – найлепшы доказ, што пакінутыя настаўнікам парасткі добрых спраў не загінулі. Асабліва прыемна гэта ўсведамляць нашчадкам: у складзе каманды “ІП Клеўжыц” – нашы ўнукі. А ўвогуле, дзякуй за такое выдатнае мерапрыемства.

Валерый Краснікевіч, старшыня Сінкевіцкага сельвыканкама:

– Ганаруся тым, што менавіта Сінкевічы прымаюць выдатны турнір, які толькі пацвярджае дасягненні мясцовай лыжнай школы. Вельмі спадзяюся, што спаборніцтвы сталі сапраўдным святам, трыумфам фізічнай культуры і спорту.

На асобнай пляцоўцы масленічны ты-дзень адкрывалі культработнікі. Песні і жарты вельмі дапасавалі мерапрыемству, як, зрэшты, і пачастункі, якія прапаноўваў выязны гандаль. Адзінае, пра што давялося пашкадаваць, – нешматлікая колькасць гледачоў. Такое свята, несумненна, заслугоўвае неўпрыкмет большай увагі вяскоўцаў і гараджан.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть