Экскурсія ў будучае
Общество

Экскурсія ў будучае

экскурсіяЗусім нядаўна мы маглі пра гэта толькі марыць, шчыра зайздросцячы тым, хто пры жаданні без цяжкасці і асаблівых затрат атрымлівае асалоду ад наведвання басейнаў, сярод лета становіцца на канькі ў шыкоўных лядовых палацах, спрабуе на якасць пакрыццё бегавых дарожак і футбольнага поля на сучасных стадыёнах.

Сёння ў Лунінцы ўсе гэтыя аб’екты спраўна служаць людзям. Доказам стала незвычайная экскурсія, арганізаваная ўчора, 25 красавіка, райвыканкамам для работнікаў сельскай гаспадаркі раёна. Пасланцоў сельгаскааператываў, а былі гэта звычайныя хлебаробы і жывёлаводы, сустракаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, які расказаў, што мерапрыемства невыпадкова ладзіцца напярэдадні сумна памятнай даты Чарнобыльскай трагедыі. 27 год мінула з той пары. 27 год пакут, змаганняў, мужнасці. Ад разгубленасці і ўсведамлення таго, што засталіся сам-насам з вялікай бядой, Беларусь перайшла да мэтанакіраваных дзеянняў па пераадоленню наступстваў буйнейшай тэхнагеннай катастрофы апошніх дзесяцігоддзяў.

Мы вучыліся атрымліваць чыстую прадукцыю на забруджаных землях, адраджаць гаспадаркі, што прыйшлі ў заняпад з часу распаду вялікай краіны. Вучыліся супрацьпастаўляць цяжкасцям уласныя працавітасць і вытрымку. Сёння на Лунінеччыне 18 аграгарадкоў, дзе ёсць увесь спектр неабходных сацыяльных паслуг. Утварыліся цэлыя вясковыя вуліцы з добраўпарадкаваных катэджаў, у якіх жывуць сем’і працаўнікоў палёў і фермаў. З года ў год прыгажэюць Мікашэвічы, на добраўпарадкаванне якіх сёлета з розных крыніц мяркуецца выдаткаваць не менш як 3 мільярды рублёў.

Але цяпер жыхарам вёсак раёна вырашылі паказаць Лунінец. Вядома, кожны з іх бывае тут вельмі часта, ды толькі не заўсёды знаходзіць час ці магчымасць наведаць выдатныя спартыўныя аб’екты, якія паявіліся ў райцэнтры на працягу некалькіх апошніх год. У час паездкі экскурсантаў суправаджаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч.

Першым на шляху следавання быў плавальны басейн “Дэльфін”, дзе гасцей сустракаў яго дырэктар Аляксандр Благадзёраў. Прыгожы будынак новай аздараўленчай установы не менш уражваючым быў і знутры. Блакітныя дарожкі вялікага басейна ўпэўнена асвойвалі вучні мясцовых школ. Не пуставала і штучная водная гладзь для пачынаючых. Кіраўнік расказаў, што зараз на базе “Дэльфіна” дзейнічаюць 15 бюджэтных і 6 пазабюджэтных груп па навучанню плаванню. З дзецьмі працуюць 5 трэнераў і 2 інструктары.

Госці адразу ж пацікавіліся коштам паслуг, на што Аляксандр Аляксандравіч зазначыў:

– Наведванне басейна каштуе 15000 рублёў для дарослага і 7,5 тысячы – для дзіцяці ва ўзросце да 16 год. Абанемент на месяц (8 наведванняў) абыдзецца ў 105000 рублёў для дарослага і 45000 – для дзіцяці. Столькі ж каштуе навучанне плаванню ў пазабюджэтнай групе.

Спадабалася гасцям трэнажорная і більярдная залы, а таксама саўна. З расповяду кіраўніка яны даведаліся, што ў сярэднім за дзень у “Дэльфіне” бываюць ад 150 да 200 чалавек. Найбольшы наплыў аматараў водных працэдур назіраецца пасля 17 гадзін і ў выхадныя дні. Нягледзячы на вялікую папулярнасць новага    аб’екта ў жыхароў раёна, асноўныя выдаткі на яго ўтрыманне бярэ на сябе дзяржава.

Прыкладна такая ж сітуацыя і ў лядовай арэне “Алімп”. Вяскоўцы з цікавасцю паназіралі за першымі нясмелымі піруэтамі юных фігурыстаў. Па словах дырэктара арэны Яўгена Марозава, фігурнае катанне карыстаецца прыкметным попытам. Сёння на базе спартыўнага аб’екта дзейнічаюць 7 груп юных фігурыстаў і 5 – хакеістаў. З дзетварой працуюць 2 трэнеры па хакеі і 3 – па фігурным катанні.
Тут таксама ёсць трэнажорная зала, якую з задавальненнем наведваюць тыя, хто імкнецца трымаць сябе ў форме. З надыходам вясны ў залу ўсё часцей пачалі зазіраць дзяўчаты. А ўвогуле штодня ў “Алімпе” бываюць у сярэднім 180 чалавек.

Словам, у жыхароў раёна ёсць магчымасць весці здаровы лад жыцця і праз загартоўку супрацьстаяць хваробам. Але ў жыцці бывае ўсякае. І калі хвароба пачынае браць верх, на дапамогу прыхо-дзяць урачы. Амаль два дзесяцігоддзі  цэнтральная раённая бальніца была доўгабудам. У канцы 2010-га яна ўступіла ў строй. В.а. галоўнага ўрача Ігар Невар, сустракаючы гасцей, расказаў, што разлічана медыцынская ўстанова на 276 ложкаў. Ставіць пацыентаў на ногі дапамагае выдатнае абсталяванне, сярод якога – камп’ютарны тамограф. Дасягненнем лічаць і медыкі, і пацыенты адкрыццё аддзялення гемадыялізу.

У ЦРБ экскурсанты пабывалі ў адміністрацыйным крыле, наведалі прыёмны пакой і аддзяленне неўралогіі, адобрылі выдатныя трэнажоры ў зале лячэбнай фізкультуры. У ходзе размовы І.А. Невар асаблівую ўвагу звярнуў на дэмаграфічную сітуацыю на Лунінеччыне. Пакуль яна застаецца неспрыяльнай менавіта з-за таго, што зніжаецца нараджальнасць у вёсках.

Пасля лячэбнай установы госці зноў трапілі на спартыўны аб’ект – абноўлены стадыён “Палессе”. З пачаткам вясны тут распачаты касметычны рамонт, які, аднак, абсалютна не перашкаджае спартыўным трэніроўкам. І бегавыя дарожкі, і футбольнае поле – у распараджэнні выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай лёгкаатлетычнай школы алімпійскага рэзерву. Тут жа трэніруецца мікашэвіцкі “Граніт”, а праз некаторы час “Палессе” гатова будзе прыняць і некалькі расійскіх каманд, якія выказалі жаданне ўдасканальваць спартыўнае майстэрства менавіта на нашым стадыёне.

Адначасова інжынер Віктар Ляўковіч ганарыцца тым, што на лунінецкім полі праводзілі матчы знакамітыя “БАТЭ” і “Дынама-Мінск”, і ўпэўнены, што стадыён яшчэ неаднойчы парадуе балельшчыкаў захапляючымі мерапрыемствамі.

Заключнай кропкай экскурсіі стала наведванне кінатэатра “Кастрычнік”, які таксама кардынальна змяніўся пасля праведзенай некалькі год таму рэканструкцыі. Размясціўшыся ва ўтульных крэслах, госці змаглі дакрануцца да сучаснага мастацтва праз 3Д-кіно.

Падобнае мерапрыемства – не першае. Прыкладна такое ж ладзілі летась напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў. Але сённяшняе многія з вяскоўцаў назвалі экскурсіяй у будучае. Яно і сапраўды: пабудаваныя на гады выдатныя аб’екты яшчэ доўга будуць служыць людзям, з’яўляючыся яскравым доказам упэўненага руху Лунінеччыны па шляху развіцця.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть