70 год Перамогі

Успомнім прыклад бацькоў

чэканСёння, калі нi дня не мінае, каб з братняй Украіны не прыходзілі трывожныя весткі, усё часцей успамінаю аповяды свайго таты Міхаіла ЧЭКАНА. Сёлета яму споўнілася б 91…

Ён нарадзіўся на Гомельшчыне, паспеў атрымаць прафесію ў Ленінградзе. У маі 1941-га прыбыў у пасёлак Юрга-1 Новасібірскай вобласці, дзе былі патрэбны рабочыя рукі. Урал, як геаграфічна аддалены ад межаў краіны, стаў стратэгічным месцам для стварэння ваенных заводаў. Тут даведаўся аб нападзенні Германіі на Савецкі Саюз. Старанна пачалі працаваць над узвядзеннем патрэбных аб’ектаў. Наступнай будоўляй для Міхаіла стаў металургічны завод у Чкалаўскай вобласці.

Цяжкая праца ў любое надвор’е, пастаяннае адчуванне голаду падкасілі здароўе юнака. Пасля трох месяцаў лячэння пайшоў у ваенкамат і папрасіўся на фронт. Тата не раз расказваў, што вопытны армейскі доктар змог паставіць яго на ногі. У лістападзе 1942 года стаў чырвонаармейцам, увайшоўшы ў лік воінаў, якія і стварылі гісторыю XX стагоддзя, вызвалілі Еўропу ад фашысцкай навалы.

Наводчыку 1844-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка II Украінскага фронту ў ліпені 1943 года давялося прыняць удзел у Курскай бітве каля знакамітай Прохараўкі. Артылерысты змагаліся з фашысцкімі “тыграмі” і “пантэрамі”. Пасля прамога трапляння варожага снарада была знішчана гармата, і наводчык цудам застаўся жывы. Мой тата ўдзельнічаў і ў баях за Днепр. Тут бомбай зноў была знішчана зброя, а артылерыст Чэкан застаўся жывы. За мужнасць і смеласць яму ўручылі медаль “За адвагу”. Яшчэ адну ўзнагароду атрымаў за бой з танкамі, якія прарваліся каля Пяціхаткі. Там знішчылі 6 варожых танкаў. Бацька ганарыўся ордэнамі Славы, Чырвонай Зоркі.

Ваенны шлях салдата праходзіў не толькі па тэрыторыі Савецкага Саюза. Фашыстаў праганялі і з Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. Насельніцтва, якое таксама пазнала жорсткасць агрэсараў, з радасцю сустракала сваіх вызваліцеляў. Многія нашы землякі загінулі за вызваленне еўрапейскіх краін ад фашысцкай навалы. А мой тата зноўтакі выжыў, ды яшчэ і быў адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Вестку аб Вялікай Перамозе сустрэў, калі яго полк знаходзіўся ў Чэхаславакіі. Тут артылерыст Чэкан атрымаў яшчэ адну добрую навіну — будзе ўдзельнічаць у Парадзе Перамогі ў Маскве.

Дзень 24 чэрвеня застаўся ў памяці маладога салдата на ўсё жыццё. Многія гадзіны падрыхтоўкі былі неабходны, каб воіны змаглі годна прайсці па Чырвонай плошчы. I кожны раз, калі мы прасілі расказаць аб вайне, тата з вялікім хваляваннем успамінаў грандыёзную падзею з кінутымі каля сцен Крамля фашысцкімі сцягамі.

Другая сусветная не закончылася з капітуляцыяй Германіі. Далейшы ваенны шлях Міхаіла працягнуўся на Далёкі Усход. У Манголіі змагаліся с мілітарысцкай Японіяй. Тут тата стаў камандзірам гарматы 578-га знішчальнага артылерыйскага палка 47-ай знішчальнай супрацьтанкавай артбрыгады Забайкальскага фронту. I толькі ў маі 1947 года М.А. Чэкан дэмабілізаваўся.

Бацька шмат працаваў, каб наша беларуская зямля загаіла раны ад варожай агрэсіі. Сустрэў у Мікашэвічах рускую дзяўчыну Лідзію Драбнову, ураджэнку Яраслаўля. Пасля расфарміравання санітарнага цягніка яна засталася ў Беларусі працаваць бібліятэкарам. Неўзабаве ажаніліся. Лёс прымусіў капітана Чэкана паслужыць яшчэ і ў складзе Усурыйскай дывізіі на Сахаліне. Але маладая сям’я з трыма дзеткамі ўсё ж вярнулася на беларускую зямлю, дзе нарадзілася і аўтар гэтых радкоў. У каханні і згодзе бацькі пражылі да 1976 года, калі цяжкая хвароба раптоўна забрала маму. Тата перажыў яе роўна на 20 год…

Продкі выхоўвалі нас, як сапраўдных інтэрнацыяналістаў, вучылі паважаць людзей розных нацыянальнасцей. Сёння сваякі жывуць у Расіі, ва Украіне. Нашы народы пераадолелі вялікую агульную бяду. I як балюча ад таго, што з’явіліся людзі з кароткай памяццю…

Галіна ДАНІЛОВІЧ,
настаўніца матзматыкі. в. Рэдзігерава



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть