Інвестыцыі ў нашу эканоміку – рэальнасць
Общество

Інвестыцыі ў нашу эканоміку – рэальнасць

пмк-7У сферы будаўніцтва на расійскім рынку са станоўчага боку зарэкамендавала сябе ПМК-7. Яе кіраўнік Уладзімір КАНАПАЦКІ перакананы, што далейшае супрацоўніцтва будзе спрыяць развіццю прадпрыемства і ўмацаванню эканомік абедзвюх дзяржаў.

Практычна ва ўсіх беларусаў слова “яднанне” сугучна менавіта з Расіяй, з Саюзнай дзяржавай. На сённяшні дзень беларуска-расійская інтэграцыя не магла не адбыцца, бо воля абсалютнай большасці грамадзян нашых краін жыць разам, адной брацкай сям’ёй аказалася непахіснай.

У гэты вясенні дзень мы святкуем пачатак яднання, своеасаблівы “перазапуск” у 1996 годзе інтэграцыйных працэсаў на пастсавецкай прасторы на аснове раўнапраўя, павагі і ўзаемных інтарэсаў. З дня ў дзень, з месяца ў месяц, з года ў год летапіс інтэграцыі папаўняецца новымі старонкамі. Яркімі і малапрыкметнымі, святочнымі і будзённымі. Галоўнае, што нашы краіны ніколі не адчувалі дэфіцыту стратэгічнага даверу.
Практычнае напаўненне мае плённае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У першую чаргу, гэта праяўляецца ў эфектыўнай рэалізацыі сумесных міждзяржаўных праграм і інвестыцыйных праектаў. Лунінеччына на працягу многіх год падтрымлівае партнёрскія адносіны з расійскімі су-б’ектамі гаспадарання. На экспарт накіроўваюць сваю прадукцыю РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон”, “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецкі малочны завод”, “Лунінецлес”, ПВУП “Вікторыя” і іншыя прадпрыемствы. З нядаўняга часу асобным пунктам можна выдзеліць дзейнасць ПМК-7, якая не толькі прадае за валюту жалезабетонныя вырабы, але і аказвае паслугі ў сферы будаўніцтва.

– У снежні 2012 года ў мэтах выканання праграмы па прыцягненню замежнага капіталу ў нашу краіну ў Маскве быў створаны філіял УБП “ПМК-7” ААТ “Пінсквадбуд”, – расказвае начальнік Уладзімір Канапацкі. – З пачаткам яго дзейнасці летась экспарт паслуг павялічыўся да 1,22 мільёна долараў ЗША, рэалізавана тавараў на 320 тысяч долараў ЗША. Гэта больш чым у тры разы перавышае паказчык 2012 года. Вытворчасць нашага завода экспартаарыентаваная. 80 працэнтаў прадукцыі накіроўваецца за мяжу. Асаблівым попытам карыстаюцца пліты дарожнага насцілу і аэрадромныя (ПАГ 14 і ПАГ 14-1). Летась у Расію накіравалі 248 вагонаў такой прадукцыі, сёлета – 54 вагоны пліт. Прыемна ўсведамляць, што нашы пліты, амаль 1000 штук, выкарыстаны ў ходзе мантажу энергаабсталявання на алімпійскіх аб’ектах у Сочы. Дзякуючы намаганням спецыялістаў нашай арганізацыі, у 2012 годзе пабудавана шматпавярхоўка ў Наварасійску, летась – два дома ў Падмаскоўі. Сёння даволі складана знайсці сваю нішу ў канкурэнтнай барацьбе, але нам гэта ўдаецца. І тут галоўную ролю адыгрывае якасць. Нават ваенныя эксперты не засумняваліся ў надзейнасці нашай прадукцыі, калі рабілі спецыяльную прыёмку па ацэнцы ПАГаў для выкарыстання пліт пры будаўніцтве аэрадромаў. Высокая якасць стала падставай для таго, каб прадугледзець інвестыцыі ў вытворчасць ПМК-7. Адпаведнае рашэнне было прынята, і мы заключылі дагавор аб сумеснай дзейнасці і дзелавым супрацоўніцтве. У другім паўгоддзі пачнецца ўзвядзенне арматурна-фармовачнага цэха №2. Плануецца на яго будаўніцтва, а таксама набыццё казлавога, двух маставых кранаў і металаформ выдаткаваць 45,5 мільёна расійскіх рублёў. Новы цэх дасць магчымасць павялічыць выпуск пліт дарожнага насцілу і аэрадромных да 33880 штук у год.
Што датычыць чалавечага фактару, то працаваць з расійскімі калегамі вельмі прыемна. Яны, як і мы, добразачлівыя, цэняць дзелавое партнёртства, сумленнасць і адказнасць.
Працягваем мадэрнізацыю палігона жалезабетонных вырабаў. Летась на яе зрасходавалі 4,12 мі-льярда рублёў. Некаторыя станкі і абсталяванне набывалі ў Кіеве і Чарнігаве. У сітуацыі, якая склалася ва Украіне ў апошнія месяцы, цяжка пакуль прадбачыць, як будуць надалей фарміравацца адносіны паміж краінамі-сусе-дзямі. У нас не проста агульная мяжа, але наладжаны трывалыя эканамічныя, культурныя і роднасныя сувязі. У цэлым па “украінскай” тэматыцы, у тым ліку па крымскім пытанні, выразна выказаўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў: “Беларусі і Украіне наканавана жыць разам. І мы будзем – хочам мы гэтага ці часам не – будаваць адносіны з тым урадам, які выбярэ ўкраінскі народ… Мы ніколі не перарывалі і не перарываем адносін з Украінай. Зразумела, мы можам ацэньваць тое, што адбываецца, па-свойму. Але важней – народы, важней – дзяржава”.
Сёння для ўкраінцаў, беларусаў, расіян вельмі важна ўдала “выруліць” на крутых паваротах партнёрства, не зламацца пад грузам гістарычнай адказнасці, не пахіснуцца перад відавочнымі праціўнікамі славянскага яднання.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть