КультураМолодежьСпорт

Футбол & fußball

шенефельдУ чацвёрты раз у нямецкім Шэнефельдзе адбыўся міжнародны дзіцячы турнір па футболе з удзелам выхаванцаў Лунінецкай спартыўнай школы 2000-2001 гадоў нараджэння.

Па прыезду ў горад-пабрацім усе хлопчыкі былі размешчаны па сем’ях. У большасці з іх таксама былі дзеці, якія трэніруюцца ў футбольных секцыях клуба “Blau-Weiss 96”. Менавіта гэта спартыўнае таварыства на чале з Маргай Гецьенс робіць шмат для падтрымкі партнёрскіх адносін паміж Лунінцам і Шэнефельдам, кожны раз здзіўляючы цікавай і захапляючай праграмай.

Адным з яе пунктаў была экскурсія на спартыўную арэну, дзе трэніруецца і праводзіць паядынкі гамбургскі клуб “HSV”, які амаль 50 год гуляе ў Бундэслізе. Наведалі не толькі сам стадыён, але і месцы, дзе праводзяцца прэс-канферэнцыі, збіраюцца фанаты, VIP-апартаменты, за якія заўзятыя аматары футбола плацяць 9-11 тысяч еўра ў год. З цікавасцю назіралі юнакі, як зоркі сусветнага футбола спяшаліся на трэніроўку. Заўважыўшы славутага паўабаронцу “Гамбурга” і нацыянальнай зборнай Галандыі Рафаэля ван дэр Варта, папрасілі яго спыніцца на хвіліну і сфатаграфавацца на памяць. Колькі было радасці ў дзяцей, калі ён згадзіўся. Не мог стрымаць захаплення Арцём Фурсевіч:

– Мяне абняў ван дэр Варт!

Імпульс станоўчых эмоцый зрабіў сваю справу. Падчас турніру ў паўфінальнай гульні нашаму галкіперу давялося трымаць сапраўдны экзамен у выглядзе серыі пенальці. Ён справіўся са сваёй задачай на выдатна і дапамог камандзе выйсці ў фінал.

Як жа праходзілі гэтыя цікавыя спаборніцтвы? Тут ёсць чаму павучыцца. Улічваючы, што юным футбалістам было па 12-13 год, гульні праводзіліся па 18 хвілін, але на стандартным полі. Можна сказаць, што нашы хлопчыкі ўпершыню змагаліся на такой велізарнай пляцоўцы. У кожнай гульні настройваліся на перамогу. У групу “А”, куды трапілі лунінчане, уваходзілі яшчэ 4 каманды. У групе “Б” было таксама 5 каманд, у тым ліку госці з Берліна.

Складаным быў першы матч, у якім было зафіксавана паражэнне – 0:2. Засмуціліся нашы ігракі, але тады яны яшчэ не ведалі, што гамбургскі “Нінштэдтэн” – мацнейшая каманда турніру, з якой лёс потым звёў у фінале. У групавым туры лунінчане набралі 5 ачкоў (1 перамога і 2 нічыі) і трапілі ў паўфінал, аб якім паведаміла раней.

У фінале зрабілі ўсё, на што былі здольныя, але сапернік адназначна быў мацнейшы. Між тым, усе засталіся задаволенымі, у тым ліку і трэнеры Аляксандр Пічац і Міхаіл Аляшкевіч. Упершыню лунінчане падняліся так высока ў гэтым міжнародным турніры, заняўшы другое месца.

Футбол – футболам.

Акрамя гульні дзеці з задавальненнем пабывалі ў прыгажэйшых кутках Германіі. Марга Гецьенс пазнаёміла з Шэнефельдам. Падчас экскурсіі наведалі старую частку горада, звярнулі ўвагу на старажытныя пабудовы 19-га стагоддзя з дахамі, пакрытымі чаротам. Уразіў спартыўны комплекс “Blau-Weiss 96” з яго шматфукцыянальнымі заламі і пляцоўкамі.

Запомняцца надоўга пікнік на беразе Эльбы ў Вэдэлі і ўрокі ў гімназіі, экскурсія на карабель “Сан Дыега”, рачны порт і прагулка па Гамбургу. Уразіла ратуша, над парталам якой змешчаны дэвіз горада, які ў перакладзе гучыць так: «Свабоду, што дабіліся для нас нашы продкі, годна хай з гонарам захоўваюць нашчадкі». З задавальненнем на галоўнай плошчы Гамбурга фатаграфаваліся з жывымі “скульптурамі”,  а потым кідалі манеты ў возера Альстэр, каб яшчэ раз вярнуцца ў адзін з прыгажэйшых гарадоў Еўропы.

У маладзёжным цэнтры YKAS хлопчыкі мелі магчымасць праявіць свае здольнасці ў настольным футболе, більярдзе, камп’ютарных і плэйстэйшэн гульнях, пераадолець турыстычную паласу перашкод, бліжэй пазнаёміцца з равеснікамі з Шэнефельда.

Большасць дзяцей упершыню выязджалі за мяжу, таму першы дзень знаходжання выклікаў асаблівыя пачуцці. Яны не хавалі эмоцый, гледзячы на архітэктурныя пабудовы, незвычайныя аўтамабілі, шматнацыянальнае прадстаўніцтва мясцовых жыхароў. Асабліва хваляваліся перад сустрэчай са сваімі гасцявымі бацькамі. Але пазней з задавальненнем расказвалі пра гасціннасць сем’яў, у якія ім пашчасціла трапіць, знаёмства з дзецьмі і смачных пачастунках. Прыемна было чуць у канцы дня, калі крыху стамляліся ад насычанай праграмы, што ім вельмі хочацца хутчэй трапіць у сваю гасцявую сям’ю.

Вось якія ўражанні пакінула ў дзяцей паездка ў Германію.

Віталь Кузьміч:
– Больш за ўсё мне спадабаўся мой гасцявы брат Макс. Ён цудоўна гуляе ў футбол. А яшчэ сям’я падарыла мне класныя падарункі. Арэна HSV – супер! Шкада, што былі тут так мала часу.

Ілья Караваевіч:
– Мне вельмі спадабалася ў Германіі, таму што тут шмат прыгожых будынкаў і спартыўных аб’ектаў. А яшчэ тут жывуць вельмі добрыя, шчырыя і гасцінныя людзі.

Арцём Фурсевіч:
– Шэнефельд – цудоўны горад. Такіх стадыёнаў, як арэна HSV у Гамбургу, у нас яшчэ няма. А яшчэ мяне вельмі здзівіла, што ў футбол тут гуляюць нават дзяўчынкі. У Беларусі – гэта пакуль рэдкасць. Мне таксама спадабалася сям’я, якая прыняла мяне, як свайго сына.

Не хавалі яны слоў удзячнасці ў адрас не толькі сем’яў, але і клуба “Blau-Weiss 96” падчас развітальнай вячэры, на якой прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай мэрыі. На працягу ўсіх дзён пераадольваць моўны бар’ер дапамагала перакладчыца Таццяна Фішар, за што ёй вялікі дзякуй.

Дарэчы, ужо ў верасні дэлегацыя з Шэнефельда на чале з бургамістрам Крысціян Кухенхоф прыбудзе ў Лунінец. Хочацца спадзявацца, гэты візіт яшчэ больш пашырыць сяброўскія сувязі паміж гарадамі-пабрацімамі Лунінец і Шэнефельд.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть