За справу бяруцца студатрадаўцы
Молодежь

За справу бяруцца студатрадаўцы

Студатрадаўскі рух на Лунінеччыне набірае папулярнасць. Толькі сёлета ўдзельнічаць у працоўных атрадах выказалі жаданне амаль 70 юнакоў і дзяўчат узростам ад 14 да 18 год. Як і летась, асноўнымі месцамі прымянення маладых рук сталі зернетакі сельгаспрадпрыемстваў і аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У прыватнасці, у дзяржаўным прадпрыемстве “Чучавічы” працуюць 11 чалавек, у “Новым Палессі” – 9, у “Азярніцы” – 10, у ЖКГ – 15. Самы ж шматлікі атрад хлопчыкаў і дзяўчынак – 24 чалавекі – заняты ў дзяржаўным прадпрыемстве “Велута”.

Паглядзець, як ладзяцца ў іх справы, і ў той жа час даць моладзі невялікую перадышку, у адзін з гарачых жнівеньскіх дзён накіраваліся сюды старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Людміла Казадаева, загадчык сектара па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Сяргей Молчан, першы сакратар БРСМ Ігар Гаргун і самадзейныя артысты аўтаклуба.

Яшчэ на пад’ездзе ўбачылі, што зернеток гаспадаркі запоўнены вялізнымі гурбамі збожжа, а над размешчанай збоку невялікай сушылкай сцелецца лёгкая смуга. Значыць работы хапае ўсім… Неўзабаве ад гурта моладзі, якая сабралася ў ценю дрэў, аддзяліліся тры дзяўчынкі з венікамі і сталі падмятаць непаслухмяныя зярняткі, што рассыпаліся  ад агульнай кучы. Падышоўшы бліжэй, разгаварыліся. 14-гадовая Лізавета Юрко, 15-гадовыя Паліна Шляжко і Кацярына Гардзюк расказалі, што на зернетаку ім вельмі падабаецца. Толькі ў адной з трох дзяўчынак маці працуе на малочнатаварнай ферме, у іншых работа бацькоў не звязана з сельгасвытворчасцю. Тым не менш, яны не вагаючыся дазволілі сваім дзецям дапамагаць сельгаспрадпрыемству. Маўляў, пасільная праца – толькі на карысць.

Чацвёрты год дапрацоўваць збожжа на таку працаўнікам сельгаспрадпрыемства дапамагае 18-гадовы Дзяніс Клімчук. Яго тата Эдуард Антонавіч – камбайнер. Разам з іншымі старэйшымі хлопцамі Дзяніс выконвае слясарныя работы:

– Кіруе намі слесар зернеачышчальных машын Васіль Максімчык. Сушыльная тэхніка гаспадаркі старая, таму часта ламаецца. Вось мы і рамантуем яе. Працуем у дзве змены: па 7 гадзін з перапынкамі на абед, які нам дастаўляюць на зернеток. Умовы добрыя, толькі вельмі цяжка ў самую спякоту даводзіцца, так і хочацца на рэчку. Але, калі ўзяліся за справу, трэба яе рабіць у любое надвор’е.

Як высветлілася, у дзень наведвання ў “Велуце” закончылі жніво, заставалася толькі дапрацаваць зернебабовыя сумесі, што знаходзіліся на таку. Як расказаў яго загадчык і адначасова кіраўнік студатрада Сцяпан Наварыч – прыкладна 250 тон. З такой камандай юных памочнікаў гэта не праблема…

З рабочых спраў паступова пераключыліся на свята. Старшыня прафкама Галіна Каліноўская павіншавала прысутных з заканчэннем жніва. А колькі добрых слоў пачулі маладыя людзі з вуснаў выконваючага абавязкі дырэктара Пятра Каховіча. Ён дзякаваў дзецям і працаўнікам гаспадаркі за высокую арганізацыю правядзення жніва і старанні. Выказваў на-дзею, што і ў далейшым многія з іх сваю працоўную дзейнасць пачнуць у роднай гаспадарцы, як гэта зрабілі сёлетнія выпускнікі сельскагаспадарчага кале-джа. Атрымаўшы там спецыяльнасці механізатараў, яны далі магчымасць вопытным трактарыстам перасесці на камбайны, а самі пайшлі на іх тэхніку. Гэта дазволіла правесці жніво хутка і без адрыву камбайнераў ад асноўнага занятку, нагрузка на кожнага з якіх была вялікая – 250 гектараў. Адначасова выконваліся і іншыя работы: убіралася і звозілася з палёў  салома, рыхтавалася глеба пад крыжакветныя і азімыя культуры. Падзякаваў Пётр Адамавіч і за дапамогу фундатарам з ПМК-7 і ПМК-19 за прадастаўленую тэхніку на адвозцы саломы і рэканструкцыі МТФ… Растлумачыўшы, што за сваю работу дзеці атрымаюць павышаны заробак, Галіна Каліноўская ўручыла каштоўны падарунак іх настаўніку, слесару Васілю Максімчыку.

Павіншавалі прысутных са святам і госці, якія таксама прыехалі з падарункамі. Персанальныя – Людміла Казадаева ўручыла аператару па абслугоўванню абсталявання       Сяргею Ясені і вадзіцелю Уладзіміру Драбовічу, а яшчэ  – білеты новым членам “Белай Русі”: аграному-насенняводу Сцяпану Наварычу і загадчыку рамонтных майстэрняў Ва-дзіму Клімчуку. На працягу прыкладна гадзіны дарылі музычныя нумары маладым і вопытным працаўнікам зернетока самадзейнікі аўтаклуба пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Лапін, Аксана Кукса, Мікалай і Алена Яске-вічы і яго кіраўнік Леанід Яраховіч.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть