Официально

Прынцып самааддачы

“Дзень адкрытага пісьма” ў аграгарадку Дзятлавічы праводзіўся ўпершыню, хаця сустрэча з кіраўніцтвам раёна ў вяскоўцаў далёка не першая. Тым не менш, магчымасцю агучыць праблемы, якія хвалююць сёння, скарысталіся многія дзятлаўчане і жыхары навакольных вёсак: зала Дома культуры была паўнюткай.

Перш-наперш, слова ўзяла старшыня сельвыканкама Кацярына Гасюк, якая расказала, што сёння на тэрыторыі сельсавета – 1150 асабістых падсобных гаспадарак і 2988 жыхароў. Як і паўсюдна, хвалюе навядзенне парадку на зямлі. Зроблена нямала. І за гэта – асаблівая ўдзячнасць работнікам  ДУ-26, ДРБУ-101, цэха дрэваапрацоўкі лясгаса і, вядома ж, дзяржаўнаму прадпрыемству “Дзятлавіцкі”. Нягледзячы на тое, што гаспадарка перажывае далёка не лепшыя часы, тут ніколі не адмаўлялі сельсавету ў дапамозе. Менавіта таму лёс сельгас-прадпрыемства асабліва трывожыць мясцовы люд. Але пра гэта – ніжэй.

Расказала Кацярына Кузьмінічна пра перспектывы пракладкі новых водаправодных сетак, газіфікацыі (а большасць дамоў ужо мае “блакітнае паліва”), оптавалаконную сувязь – словам, пра ўсё, чым сёння вызначаецца цывілізацыя на сяле. А яшчэ – пра знешні выгляд населеных пунктаў і тое, як псуюць яго старыя недагледжаныя сядзібы. Летась такіх знеслі больш як 40, сёлета – 2. Але засталося яшчэ больш як паўсотні. Калі патэнцыяльныя гаспадары не паклапоцяцца пра лёс спадчыны, яе напаткае такая ж сумная будучыня.

Паскардзілася кіраўнік мясцовай “вертыкалі” на тое, што далёка не ўсе землякі з належнай увагай ставяцца да санітарных патрабаванняў. Паважаць закон нярэдка даводзіцца прымушаць з дапамогай прадпісанняў: летась іх было 85, сёлета – больш як сотня. Верагодна, дзякуючы такой настойлівасці, цэнтральныя вуліцы аграгарадка маюць дастаткова гожы выгляд. Зрэшты, сама Кацярына Гасюк упэўнена, што гэта – плён сумеснай работы сельвыканкама, дэпутатаў і старастаў, якія на тэрыторыі сельсавета вызначаюцца прыкметнай актыўнасцю. Менавіта дзякуючы іх намаганням удалося вырашыць пытанне з асемяненнем кароў, якіх на падворках вяскоўцаў сёння 209.

Але ж ёсць праблемы, якія нават такім уплывовым тандэмам завяршыць не ўдаецца. Перш за ўсё, гэта пад’язныя дарогі да шматлікіх хутароў. Сёння там налічваецца 126 дамоў і 169 жыхароў. Адлегласць да некаторых вымяраецца двума дзясяткамі кіламетраў, а дарогі – у ямінах. Пазней начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў заўважыў, што “непралазных” дарог на тэрыторыі раёна няма, тым не менш, паабяцаў звярнуць увагу на тыя, што вядуць да хутароў.

Інфармацыю старшыні сельвыканкама дапоўнілі: участковы інспектар Іван Козел, які расказаў пра стан правапарадку (ён, дарэчы, не вызначаецца напружанасцю, хаця, як і паўсюдна, назаляюць крадзяжы);  загадчык амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Лілія Трухановіч (у вясковай медыцыне галоўная праблема – неста-більная дэмаграфічная сітуацыя, бо на тэрыторыі сельсавета летась нарадзіліся 22 немаўляці, а пайшлі з жыцця 47 жыхароў); дырэктар Дзятлавіцкай СШ Аляксандр Баўкуновіч, якога па гэтай жа прычыне хвалюе перспектыва змяншэння колькасці вучняў; антыкрызісны  ўпраўляючы дзяржаўнага прадпрыемства “Дзятлавіцкі” Таццяна Казлоўская, якая падкрэсліла, што, нягледзячы на павелічэнне надояў малака і сярэднесутачных прываг буйной рагатай жывёлы, гаспадарка прызнана неплацёжаздольнай, праходзіць працэдуру санацыі і па-ранейшаму застаецца ў вельмі складанай эканамічнай сітуацыі.

Думку Таццяны Іванаўны прадоўжыў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко: калі 145 працаўнікоў калектыву не памяняюць сваё стаўленне да абавязкаў, увогуле – да работы, ужо сёлета гаспадарку чакае сумная будучыня. Магчыма, зменіцца яе гаспадар  і, адпаведна, статус. А гэта значыць, што заўтрашні дзень кожнага з тых, хто сёння лічыцца работнікам дзяржаўнага прадпрыемства – пад пытаннем, бо і патрабаванні да іх будуць зусім іншымі. “Так ці інакш, усё – у вашых руках. І ад таго, як хутка вы гэта ўсвядоміце, залежыць многае”, – канстатаваў Аляксандр Мікалаевіч.

Потым пачаўся дыялог паміж жыхарамі і прадстаўнікамі ўлады. Скажу адразу: у адказах на кожнае з пытанняў яскрава прасочваўся прынцып самааддачы – назаву яго так. У аснове, магчыма, не дужа папулярнае, але вельмі патрэбнае разуменне, што і самі людзі не павінны заставацца ўбаку ад вырашэння шматлікіх праблем. Узяць хоць бы недахоп пашы для прыватнага статка. Культурных угоддзяў і насамрэч не хапае. Спецыялісты падлічылі, што для таго, каб іх аднавіць, патрэбна больш як два дзесяцігоддзі, бо перазалужэнне мясцовай гаспадаркай амаль не праводзілася: самаму маладому травастою – не менш як 3-4 гады. Выйсце, вядома, знойдуць. Але, па словах старшыні райвыканкама, няварта скідваць з шаляў пойму ракі. Сёння з-за пераўвільготненасці туды не ўлезеш, аднак у іншыя гады выпасаць кароў можна. Іншая справа, што запусцілі яе недаравальна. “Я ж вырас на Століншчыне і добра памятаю, што, выганяючы карову, бацька заўсёды браў з сабою касу – пазбіваць сям-там на пашы сітнік ці быльнёг. А сёння хіба можна такое ўявіць?” – пытаннем на пытанне адказваў Аляксандр Пачко.

Засталася адкрытай праблема з падаўжэннем работы аптэчнага пункта ў амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Кіраўніцтву медыцынскага ведамства даручана вывучыць абгрунтаванасць такіх змен, а разам – неабходнасць накіравання ў вёску яшчэ аднаго тэрапеўта.

У ходзе сустрэчы прагучала занепакоенасць лёсам былой Баравецкай фермы. Як стала вядома, сёння разглядаецца пытанне яе здачы ў арэнду. Калі паразуменне знойдзена не будзе, памяшканне знясуць.

Цэлы спектр пытанняў абазначыў Дзятлавіцкі стараста Аляксей Кацуба. Першае датычыла пад’езду да будынка мясцовай пошты. Як запэўніла начальнік РВПС Ніна Дударга, парадак будзе наведзены да 1 чэрвеня гэтага года.

Абгрунтаванасць адключэння вады ў доме старасты растлумачыў начальнік “Водаканала” Аляксандр Ра-дзіяновіч. Як высветлілася, зроблена гэта ў мэтах бяспекі. Цэнтральным водаправодам у доме не карысталіся з-за быццам бы дрэннай якасці вады. Паколькі разбору яе не было, каб ухіліць застойныя з’явы і пагрозу дадатковага забруджання, прынялі рашэнне падачу часова перакрыць. А вось якасць вады з цэнтральных сетак будзе праверана дадаткова.

Хутчэй за ўсё, самім жыхарам давядзецца аднаўляць імі ж засыпаныя меліярацыйныя каналы паміж агародамі. Сёння на месцы былых асушальных артэрый – градкі. Новыя ўладальнікі ў засушлівыя гады клопату не мелі, але сёлета, калі дажджы ідуць ледзь не штодня, за самавольства плацяць поўнай мерай – надзелы патанаюць у вадзе. Дык хто павінен аднавіць справядлівасць?

І зусім ужо несур’ёзна гучалі прэтэнзіі наконт таго, што на адной з вуліц у межах пакладзенай штучнай няроўнасці збіраецца вада. Усяго і патрэбна – пракапаць невялікія раўчукі з абодвух бакоў. Няўжо і для гэтага трэба выклікаць спецыялістаў з раёна?

Кіраўніцтва газавай гаспадаркі не прыняло прэтэнзій на неабгрунтаванасць завышанай платы за абслу-гоўванне газавых катлоў. Дасягнута дамоўленасць, што на старонках раёнкі будуць растлумачаны ўсе нюансы, якія ўплываюць на памер гэтай сумы.

Трэба спадзявацца, што не паў-плывае на якасць правядзення асабліва любімага ў Дзятлавічах Купалля забарона энерганагляду падводзіць да месца святкавання на беразе Цны электрычнасць. Выклікана адмова, перш за ўсё, клопатам пра бяспеку людзей.

Асобным блокам ішлі пытанні добраўпарадкавання вуліц і дарог. З-за недахопу фінансаў не плануецца рамонт дарожнага палатна вуліцы Савецкай у Дзятлавічах, а таксама дарогі паміж названым населеным пунктам і в. Купаўцы. А вось што датычыць абсталявання прыпыначнага пункта ў Бараўцах, то ўзвядзенне яго запланавана на наступны год. Сёлета ж мяркуецца завяршыць асфальтаванне дарогі ад чыгуначнага пераезду да Р-13.

Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў даў тлумачэнні і наконт абсталявання парэнчамі пераходу праз шлюз. Па перакананню кіраўніка, шлюз сваё прызначэнне выконвае, небяспекі не нясе, дадатковая агаро-джа там не патрэбна. Яго падтрымаў і начальнік ПМС Віктар Клімовіч, які зазначыў, што парэнчы на трубе-рэгулятары не прадугледжаны праектна-каштарыснай дакументацыяй.

Прыслухаліся да патрабавання жыхароў падоўжыць маршрут аўтобуса на Бараўцы да дачнага масіву. Вырашана вывучыць магчымасць зрабіць гэта па выхадных днях і толькі ў тым выпадку, калі будзе забяспечаны належны пасажырапаток.

Гучала ў ходзе сустрэчы  прапанова павялічыць стаянку каля мясцовай амбулаторыі, маўляў, машыны даво-дзіцца ставіць ледзь не на праезнай частцы. Зразумелае імкненне лю- дзей пры сённяшняй даступнасці легкавога транспарту пад’язджаць на ім ледзь не да ўваходу ў будынак. Але ці так ужо гэта неабходна? Стараста вёскі Аляксей Кацуба трошкі з крыўдай сказаў, што калі ўладам гэта не падсілу, то ён сам прывязе колькі машын грунту, каб запоўніць лагчыну, абсталяваўшы на ёй прымітыўную стаянку. Ну вось ён – прынцып самааддачы, калі неглабальныя пытанні ўпаўне падсілу вырашыць самастойна без таннага папулізму. Бо і насамрэч, перш чым патрабаваць ад іншых, варта кожнаму спытаць у сябе: а што ўласна я зрабіў для таго, каб у маёй роднай вёсцы лепш жылося людзям?

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть