Развіццё – праз мадэрнізацыю
Официально

Развіццё – праз мадэрнізацыю

развицёразвицёСтаршыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, які сёлета прыступіў да работы ў новым для сябе статусе кіраўніка дэпутацкага корпусу, з мэтай павышэння эфектыўнасці дзейнасці народных выбраннікаў прапанаваў новы фармат правядзення пасяджэнняў прэзідыума і пастаянных камісій.
На гэты раз члены прэзідыума і пастаянных камісій па пытаннях эканомікі, бюджэту і падаткаабкладання; па пытаннях законнасці, правапарадку і дэпутацкай этыцы, а таксама па аграрных пытаннях, экалогіі, рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў наведалі некалькі прадпрыемстваў і гаспадарак раёна. Прамысловы сектар павінен быў прадэманстраваць, як на справе ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій і мадэрнізацыя вытворчасці ўплывае на выкананне патрабаванняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, разлічанай на 2011-2015 гады; аграрны – пераканаць у тым, што ў большасці сельгаскааператываў створаны належныя ўмовы працы і быту, як таго патрабуе Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
Лунінецкі хлебазавод – прадпрыемства ў пэўным сэнсе спецыфічнае. Гэта раней тут выпускалі толькі звычныя хлеб і батоны, цяпер жа толькі кандытарскіх вырабаў 15 відаў – у суткі амаль 4 тоны, хлебабулачных – 7,5 тоны. Спажыўцам палюбіліся шарбет, лукум, торты і казінакі, параў-наўча нядаўна тут прыступілі да выпуску абсалютна новай прадукцыі – зе-фіру і мяккага ірысу.
– Тэхналогія вырабу гэтых ласункаў дастаткова складаная, калі не сказаць капрызная, і патрабуе дакладнага захавання ўсіх патрабаванняў, – расказаў дырэктар прадпрыемства Канстанцін Аліфяровіч. – Пакуль паставілі ў гандлёвую сетку па 1 тоне зефіру і ірысу. Будзем вывучаць попыт.
Як станоўчы быў адзначаны той факт, што на прадпрыемстве не толькі ўстанавілі лінію па выпуску мяккіх кандытарскіх, але і паклапаціліся аб прыгожай упакоўцы. Цяпер вырабы паступаюць у гандаль у яркіх абгортках. А неўзабаве пакупнікам мяркуюць прапанаваць зефір у шакаладзе, для чаго закупілі глазіравальную машыну.
Каб зменшыць сабекошт тавараў, набылі мукавоз, а для таго, каб літаральна “з канвеера” дастаўляць хлебабулачныя і кандытарскія вырабы спажыўцам, маюць 19 спецыялізаваных аўтамабіляў. Іх з нецярпеннем чакаюць у самых аддаленых населеных пунктах раёна. Да слова, мера гэтая вымушаная. Адсутнасць тавара-праводзячай базы не лепшым чынам адбіваецца на эканамічным становішчы прадпрыемства. Са 165 тон кандытарскіх вырабаў толькі 3 тоны 300 бяруць на рэалізацыю магазіны мясцовага аптова-рознічнага аб’яднання. Менавіта таму работнікі хлебазавода вымушаны шукаць рынкі збыту далёка за межамі раёна.
Тым не менш, прадпрыемства эканамічна стабільнае. Рэнтабельнасць прадукцыі складае 6 працэнтаў. Сярэдняя заработная плата вагаецца ў межах 4 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Кіраўніцтва клапоціцца пра тое, каб зябяспечыць яе рост. А для гэтага, у першую чаргу, неабходна пашыраць асартымент прадукцыі, мадэрнізуючы вытворчасць, што і робяць на хлебазаводзе.
ААТ “Лунінецкі малочны завод”, дзе таксама пабывалі дэпутаты, па праву лічыцца лідарам у інвестыцыйнай дзейнасці прамысловай галіны Лунінеччыны. Летась тут на развіццё і мадэрнізацыю вытворчасці накіравалі больш як 18 мільярдаў рублёў. Не меншай будзе гэтая лічба і па выніках 2014 года.
Сёння тут працуе 275 чалавек. Не так даўно завод увайшоў у холдынг, створаны роднаснымі прадпрыемствамі вобласці. Цяпер лунінецкая малочная прадукцыя выходзіць пад таварным знакам “Малочная сям’я”. На эскпартным варыянце – знак “Золата Палесся”.

У суткі перапрацоўваецца каля 140 тон малака. Па словах дырэктара Сяргея Карпца, магутнасці дазваляюць давесці гэтую лічбу да 250 тон. Уведзеныя ў строй дзве новыя сушылкі выдаюць па 1 тоне сухога малака ў гадзіну. Эканамісты падлічылі, што за 2 гады абсталяванне сябе ўжо акупіла. Зараз на заводзе рыхтуюцца да пуску новай лініі па вытворчасці тварагу. Выпускаць яго будуць самай рознай тлустасці, у тым ліку і абястлушчаны. На чарзе – мадэрнізацыя кацельні, што прынясе выгаду не толькі заводу, але і жыхарам шматкватэрных дамоў пасёлка Сельгастэхніка.
Па меркаванню галоўнага інжынера Аляксандра Бондара, мадэрнізацыя, якая праводзіцца на прадпрыемстве, дазваляе калектыву ісці ў нагу з часам: прадукцыя завода карыстаецца ўстой-лівым попытам на ўнутраным і на знешнім рынку.
На мехдвары СВК “Гарадоцкі” дэпутатаў сустракаў старшыня сельгаскааператыва Сяргей Чырэц. Пабывалі на пункце тэхнічнага абслугоўвання, у майстэрні, упэўніліся ў тым, што для механізатараў тут створаны добрыя ўмовы працы. Усюды – парадак. Ёсць душ, лазня, пакой адпачынку. Аднак усталявацца заспакоенасці не даў старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, які са шматлікімі пытаннямі звярнуўся да інжынера па тэхніцы бяспекі. Дыскусію выклікала пытанне пра тое, як у калектыве супрацьдзейнічаюць п’янству. Ні для каго не сакрэт, што многія гаспадаркі адчуваюць недахоп механізатарскіх кадраў. Менавіта па гэтай прычыне даводзіцца іншы раз, вобразна кажучы, закрываць вочы на дробныя грахі работнікаў. Большасць дэпутатаў сышліся на думцы, што рабіць гэта ні ў якім разе нельга.
Так, у СВК “Гарадоцкі” наладжаны абавязковы перадрэйсавы медыцынскі агляд шафёраў і трактарыстаў. Вырашаецца пытанне, каб зрабіць гэтую працэдуру абавязковай і ў канцы рабочага дня.
У “Аграграніце” пабывалі на ферме ў Сітніцкім Двары. Бытавыя ўмовы для работнікаў, як і на іншых новых аб’ектах падобнага кшталту, добрыя. МТФ разлічана на 720 галоў. Пакуль тут знаходзяцца 604 жывёліны. За тэхналагічны працэс адказваюць 23 чалавекі. Справы ў калектыве далёкія да стабільных. Гавораць пра гэта і паказчыкі. Сёння на ферме атрымліваюць ад каровы ў сярэднім па 8 кілаграмаў малака ў суткі, у той час як на аналагічных у іншых гаспадарках прыкметна больш. Так, на МТФ у філіяле “Лобчанскае” – больш як па 12, у Луніне – больш як па 11 кілаграмаў. На павышэнне надояў у Сітніцкім Двары разлічваюць з абнаўленнем статка і пачаткам расцёлаў.
Наступным на шляху следавання быў кар’-ер, які распрацоўваецца на месцы Сітніцкага месцанараджэння. Многія з дэпутатаў былі тут упершыню. Уразіла плошча – амаль 500 гектараў. Як расказаў галоўны інжынер РУВП “Граніт” Валерый Батура, аб’ёмы залежаў будаўнічага каменю – 540 мільёнаў кубічных метраў, што забяспечыць горна-абагачальны камбінат работай прыкладна на 100 год. Глыбіня залежаў – 40 метраў.
Зараз у кар’еры ідуць падрыхтоўчыя работы – будаўнікі з дапамогай магутнай тэхнікі прыбіраюць лес, вывозяць чарназём. Папярэднім планам быў прадугледжаны ўвод першай лініі Сітніцкага ГАКа ў 2017 го-дзе. Праблемы з фінансаваннем перанеслі гэтую дату на больш аддаленую перспектыву. Нягледзячы на тое, што вырашана перагледзець праект з мэтай яго ўдзешаўлення, інвестар пакуль так і не вызначаны. Валерый Андрэевіч абверг чуткі пра тое, што знойдзены замежны інвестар, які гатовы ўкласці сродкі ў будаўніцтва горнаабагачальнага камбіната. “Месцанараджэнне – народнае багацце, і ніякім замежнікам яно не дастанецца”, –запэўніў галоўны інжынер.
Пабывалі дэпутаты на 5-ай тэхналагічнай лініі РУВП “Граніт”, пасля чаго накіраваліся на ААТ “Спецжалезабетон”. Дырэктар Васіль Басевіч расказаў, што мадэрнізацыі вытворчасці тут удзяляецца першаступенная ўвага. За 2,5 года ў асноўны капітал інвеставана больш як 40 мільярдаў рублёў уласных сродкаў. Па сутнасці, засталася немадэрнізаванай толькі адна тэхналагічная лінія.
Стратэгію абнаўлення, па словах Васіля Паўлавіча, дыктуе рынак. Трубы па-ранейшаму застаюцца вядучымі ў асартыменце прадукцыі, але немалую ўвагу ўдзяляюць і выпуску так званых элементаў добраўпарадкавання, а таксама чыгуначных шпал. Нягледзячы на тое, што на работу адчувальны ўплыў аказвае сезоннасць, калектыў працуе з прыбыткам, а сярэдняя заработная плата канкурыруе з не менш паспяховым “Гранітам”.
На пленарную нараду дэпутацкі корпус сабраўся ў актавай зале гранітаздабываючага прадпрыемства. Начальнік аддзела эканомікі Андрэй Гулек прааналізаваў вынікі ўкаранення і перспектывы развіцця высокатэхналагічнай вытворчасці на прадпрыемствах раёна, а намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Бойка – работу па фарміраванню здаровага ладу жыцця і стварэнню належных умоў працы і быту ў сельгасарганізацыях раёна. Дэпутаты ва ўсім змаглі ўпэўніцца на ўласныя вочы, падзяліўшыся ўражаннямі пасля завяршэння работы.
Сяргей КАРПЕЦ, дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод”:
– Сённяшняе выязное пасяджэнне членаў прэзідыума і пастаянных камісій безумоўна будзе мець плён. Дэпутатам карысна бываць у СВК, на прадпрыемствах, каб абмяркоўваць праблемы жыццядзейнасці менавіта з улікам усяго ўбачанага.
Аляксандр КАРЛЮК, пракурор:
– Пракурорскія работнікі нярэдка бываюць у працоўных калектывах, аднак сёння была магчымасць не толькі пачуць меркаванне кіраўнікоў, але і пагаварыць з работнікамі сярэдняга звяна, даведацца пра іх бачанне вырашэння шматлікіх пытанняў. У прыватнасці, шляхоў барацьбы з п’янствам. Магчыма, і праўда трэба наладжваць не толькі перадрэйсавы медыцынскі агляд вадзіцеляў, але і напрыканцы рабочага дня.
Галіна СЫЦЭВІЧ, дырэктар СШ №2 г. Мікашэвічы:
– Удзячна арганізатарам, і, перш за ўсё, старшыні райсавета Віктару Рафаловічу за такую карысную паездку. Нягледзячы на тое, што неаднойчы бывала і на “Спецжалезабетоне” , і ў кар’еры, даведалася шмат новага і цікавага. Спадзяюся, што такая форма работы прыжывецца ў дэпутацкім корпусе і будзе актыўна выкарыстоўвацца ў далейшым.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть