Официально

Хто хоча працаваць, шукае магчымасці, а хто не хоча – прычыны

У працяг добрай традыцыі сустрэч прадстаўнікоў улады з насельніцтвам 28 сакавіка ў аграгарадку Вулька 2 прайшоў “Дзень адкрытага пісьма”. На размову з вяскоўцамі прыехаў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко і прадстаўнікі шматлікіх службаў раёна.

Сваю актыўнасць і неабыякавасць мясцовыя жыхары прадэманстравалі яшчэ напярэдадні, апусціўшы ў спецыяльныя скрыні рэкордную колькасць пытанняў. Іх падрыхтавалі да абмеркавання, аб’яднаўшы ў блокі. Але перш далі слова старшыні сельвыканкама Аляксандру Кушнярэвічу, які расказаў, што ў сельсавет уваходзіць 7 населеных пунктаў, з якіх тры – аграгарадкі Вулька 2, Красная Воля і Міжлессе. Ёсць яшчэ Бродніца, Галы Бор, Засценак і Добрая Воля. Жыве ў іх каля 4 тысяч чалавек. Улічваючы тое, што ўмовы пражывання ў аграгарадках практычна нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх, гаспадары стараюцца асаблівую ўтульнасць надаць і сваім сядзібам. Летась сельсавет стаў пераможцам абласнога спаборніцтва па добраўпарадкаванню і быў адзначаны прэміяй. Грошы вырашылі патраціць на  абнаўленне помніка загінуўшым у вайне землякам у Краснай Волі.

Зрэшты, клапатліва адносяцца да мясцін, дзе жывуць, не ўсе. І тады даводзіцца прымяняць меры пакарання – ад папярэджанняў да пратаколаў. Гэтак жа прынцыпова ставяцца ў Вулькаўскім сельсавеце і да зносу старых пустуючых хацін. За апошнія 10 год знесена такіх больш як 90. Цяпер на іх месцы – дыхтоўныя дамы, пабудаваныя па Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі, а таксама сядзібы прыватных забудоўшчыкаў.

Як і многіх іншых, вясковую ўладу трывожыць дэмаграфічная сітуацыя, якая на працягу апошніх год захоўвае адмоўную тэндэнцыю. Вось і летась на тэрыторыі сельсавета нарадзілася 37 чалавек, а пайшоў з жыцця – 41, з якіх 11 – працаздольнага ўзросту.

 Усім праблемам жыхароў стараюцца “даваць ход” на месцы. Летась у сельсавет за дапамогай у вырашэнні надзённых клопатаў і не толькі звярнуліся 105 грама-дзян. Часцей за ўсё – за надзеламі зямлі: тут любяць і ўмеюць на ёй працаваць. Недарма на тэрыторыі сельсавета, акрамя КСУП “Міжлескае” і ААТ “Вулькаўскі світанак”,  зарэгістраваны 54 фермерскія гаспадаркі. Больш як 560 гектараў зямлі знаходзяцца ў вяскоўцаў у пажыццёвым арэндным уладанні.

Сёлетні год для Вулькі 2 асаблівы: тут будуць ладзіцца “Дажынкі-2017”. Сустрэць свята жыхароў сельсавета Аляксандр Кушнярэвіч заклікаў так, каб не было сорамна ні перад гасцямі, ні перад землякамі.

Аптымістычным было выступленне дырэктара ААТ “Вулькаўскі світанак” Уладзіміра Соца. І падставы для гэтага ёсць. Гаспадарка па выніках года мае нядрэнны прыбытак і ўваходзіць у лік найбольш фінансава трывалых. Тут прафе-сійна працуюць з малаком: летась атрымалі яго ў разліку на карову па 5 тысяч 470 кілаграмаў пры таварнасці больш як 92 працэнты. Амаль усё малако – высокагатунковае. Не намераны збаўляць тэмпы росту выпуску сельгаспрадукцыі і сёлета (тым больш, што рэнтабельнасць яе продажу дастаткова высокая), а ў раслінаводстве плануюць істотна іх павялічыць.

“У гаспадарцы працуе 236 чалавек, але мы не дзелім людзей на сваіх і чужых, – зазначыў Уладзімір Соц. – Таму і праблемы сельсавета – гэта нашы праблемы. Будзем і надалей вырашаць іх разам”.

Яшчэ адна адметнасць сельсавета – новая школа. Пабудавана яна 4 гады таму. У прасторных і светлых класах з сучасным начыннем вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з Вулькі 2, але і з Бродніцы і Галага Бору, адкуль дзетвару возіць школьны аўтобус. Якасць навучання нядрэнная: сярэдні бал па выніках мінулага года – 6,5, атэстатаў – 7. Гэта дазволіла планку паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы падняць да амаль 64 працэнтаў. Ёсць тут і свае дасягненні ў выглядзе перамог не толькі раённага, але і абласнога ўзроўню. Пра ўсё гэта расказаў дырэктар навучальнай установы Аляксандр Шмат. Не абмінуў і праблемы: 3 сям’і, у якіх выхоўваюцца 9 дзетак, аднесены да сацыяльна небяспечных. Менавіта таму іх трымаюць пад асаблівым кантролем.

Загадчыца Любачынскай амбулаторыі Таццяна Ліхтар дапамагае вулькаўскім урачам ладзіць якаснае медыцын-скае абслугоўванне насельніцтва з верасня мінулага года, але праблемы рэгіёна ведае добра. І першая з іх – дэмаграфічная. Аналізуючы спектр захворванняў, якія сталі прычынай смерці вяскоўцаў, назвала сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя хваробы. Па колькасці ахвяр практычна не саступаюць ім няшчасныя выпадкі. Падчас выступлення Таццяна Мікалаеўна звярнула ўвагу на холад у мясцовай амбулаторыі. Разабрацца ў прычынах такога становішча павінна камунальная служба.

Участковы інспектар Аляксандр Мацкевіч ахарактарызаваў крымінагенную сітуацыю на тэрыторыі сельсавета, адзначыўшы, што летась 237 яго жыхароў сталі фігурантамі адміністрацыйных пратаколаў, 29 – маюць судзімасці. Улічваючы тое, што прычынай  многіх бед з’яўляецца гарэлка, змагаюцца з гэтым злом усімі даступнымі метадамі, у тым ліку – і прэвентыўнымі: у мінулым годзе 6 чалавек адсюль трапілі ў ЛПП. Не забываюць аб прафілактыцы, наведваючы праблемныя сем’і.

Зрэшты, такіх, на шчасце, ня-шмат. Пераважаюць іншыя – старанныя і працавітыя. Менавіта гэта адзначыў  Аляксандр Пачко, звярнуўшы ўвагу на тое, што на тэрыторыі сельсавета ў сярэднім на адну прысядзібную гаспадарку прыхо-дзіцца па 75 сотак зямлі, а ў Міжлессі і таго больш – ледзь не па паўтара гектара. Нічога не маючы супраць фермераў, Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што, пачынаючы з гэтага года, яны будуць працаваць па закону, належным чынам афармляючы працоўныя адносіны з тымі, хто ездзіць да іх на заробкі. Пасля гэтага перайшлі да адказаў на пытанні.

 

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ

Пытанняў, аб’яднаных у гэты блок, было шмат. Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў адзначыў, што ў параўнанні з іншымі Вулькаўскі сельсавет у нядрэнным становішчы: тут з 26 кіламетраў вуліц і дарог 18 – маюць цвёрдае пакрыццё. Менавіта таму асноўны ўпор будзе зроблены на падтрыманне яго ў больш-менш прыдатным стане. З гэтай мэтай сёлета будзе выкананы ямкавы рамонт вуліцы Чырвоная ў аг. Красная Воля, Савецкай і Кастрычніцкай – у Вульцы 2, завулка Мала-дзёжны ў Бродніцы, вуліц Партызанская і Лошыцкая – у Міжлессі.

Пасля двух сур’ёзных дарожна-транспартных здарэнняў на вуліцы Міра ў Краснай Волі вырашана вывучыць магчымасць абсталявання на найбольш аварыйна небяспечным участку штучнай няроўнасці.

Просьба аб устаноўцы на аўтобусным прыпынку ў аг. Вулька 2 скрыні для смецця ўжо выканана. А вось прэтэнзіі да ўборкі прыпыначных пунктаў прыняты не былі. Смецце вывозіцца адсюль па графіку – 2 разы ў месяц. Сорамна за тых, хто не цэніць чужую працу і паводзіць сябе не проста некультурна – па-свінску, пакідаючы смецце абы дзе.

У бліжэйшыя дні дадатковая свяцільня паявіцца каля магазіна ў цэнтры Вулькі 2. Абнадзейваючая навіна прагучала і для жыхароў Бродніцы. Як паведаміў начальнік раёна электрасетак Леанід Алешка, на гэты год запланавана рэканструкцыя лініі электраперадачы  па вуліцы Пясчаная.

Цікавіліся людзі перспектывай пракладкі цэнтральнага вадаправода па вуліцы Леменская ў Міжлессі, на што дырэктар “Водаканала” Аляксандр Радзіяновіч зазначыў, што для гэтага трэба стварыць кааператыў, атрымаць тэхумовы і зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю. “А ўсе работы мы пастараемся выканаць вам па максімальна таннаму кошту”, – запэўніў Аляксандр Георгіевіч.

Пачулі ўлады і просьбу жыхароў аб ачыстцы меліярацыйнага канала паміж вуліцамі Кастрычніц-кая і Азёрская ў Вульцы 2. “Спецыялісты прадпрыемства меліярацыйных сістэм  дапамогуць вам навесці парадак, – сказаў Аляксандр Пачко. – Але гэта ў апошні раз. Мы вельмі спадзяемся, што вы, паважаныя жыхары,  будзеце падтрымліваць у далейшым парадак і не станеце захламляць канал смеццем, як рабілі дагэтуль”.

 

ТРАНСПАРТ

Жыхары вёсак сельсавета ўжо не першы раз звяртаюцца з просьбай зрабіць прыпынак аўтобуса каля новай царквы ў гонар Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх. Праваслаўны храм –  адзіны на 7 вёсак. Просьбу пад-трымаў старшыня райвыканкама. А вось мэтазгоднасць прыпынку па патрабаванню ў раёне новай забудовы ў Міжлессі будзе вывучацца. Гэтым зоймуцца спецыялісты ДРБУ-101, аўтапарка №10 і камісіі па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме.

 

ГАНДАЛЬ

Група жыхароў звярнулася з просьбай дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам ладзіць гандаль у цэнтры Вулькі 2. Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч адказаў, што гандляваць дазволена ў стацыянарных магазінах, павільёнах, на рынку. Ніхто не забараняе прадпрымальным землякам пабудаваць міні-рынак, накшталт Чучавіцкага, і ладзіць гандаль, чым заўгодна. Адначасова прадстаўнікі ўлады паабяцалі падабраць для гэтага найбольш прыдатны ўчастак. І зусім не будзе нічога дрэннага, калі побач паявіцца невялікае прыватнае кафэ. За гэта землякі скажуць толькі дзякуй!

 

ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ

Чаму ў КСУП “Міжлескае” працуюць пенсіянеры, а моладзь не можа знайсці работу? Такое пытанне сярод іншых прагучала ў ходзе сустрэчы. Адказваючы на яго, старшыня райвыканкама пад-крэсліў, што той, хто хоча працаваць, шукае магчымасці, а хто не хоча – прычыны. Шляхоў мноства, у тым ліку і навучанне новым прафесіям, якое могуць прапанаваць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Сёння ў ліку запатрабаваных – прадаўцы, работнікі жывёлагадоўчай галіны, асабліва асемянатары, некаторыя іншыя спецыялісты. І гэта пры тым, што ў раёне ёсць каля 200 розных вакансій.

“Што датычыць пенсіянераў, то права наймальніка, каму аддаць перавагу. Калі ў яго няма прэтэнзій да таго, як работнік сталага ўзросту выконвае свае абавязкі, то чаму ад яго трэба пазбаўляцца?”, – канстатаваў Аляксандр Мікалаевіч.

 

АХОВА ЗДАРОЎЯ

Жыхары вёсак сельсавета выказалі незадаволенасць медыцынскім абслугоўваннем у Краснавольскай участковай бальніцы і амбулаторыі. Як паведаміла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Хлебус, на дапамогу практыкуючым тут урачам 1 раз у тыдзень па аўторках прыём вяскоўцаў будзе весці загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення раённай паліклінікі Ірына Іголка. Прэтэнзіі да работы зубнога ўрача пастараюцца зняць шляхам павышэння яго кваліфікацыі ў Баранавіцкім медыцынскім каледжы.

Было некалькі пытанняў з залы, якія таксама не пакінулі без увагі.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть