Працягваецца абнаўленне Лунінца
Новости районаОбщество

Працягваецца абнаўленне Лунінца

Старажытны Лунінец непрыкметна, але паступова мяняе сваё аблічча. Гэта адбываецца спакваля, так што ў штодзённых клопатах і не заўважаеш. У той жа час дастаткова спыніцца, азірнуцца навокал, успомніць, якім быў горад 10-20 год таму, і змены відавочны. Так і сёлета ўзбагачаецца жыццё Лунінца новабудоўлямі. У гэтым давялося ў чарговы раз упэўніцца падчас наведвання кіраўніком раёна Аляксандрам Савінам будаўнічых пляцовак у райцэнтры і дазволіла даведацца аб уладкаванні горада з першых вуснаў. Так, у старшыні райвыканкама клопатаў хапае, але ж і аб’екты, дзе вядуцца работы, маюць важнае значэнне.

Зараз поўным ходам вядзецца рэканструкцыя былога будынка інтэрната гарадской гімназіі пад вучэбны корпус. Будаўнікі займаюцца ўнутранай аддзелкай памяшканняў, але работы яшчэ шмат, яна будзе выканана ў бліжэйшы час.

– Рэалізацыя праекта вельмі важна для далейшага развіцця гэтай часткі горада, – адзначыў Аляксандр Іванавіч. – Новы вучэбны корпус дасць магчымасць істотна павялічыць магутнасці гімназіі, дзе змогуць займацца больш як 400 дзяцей. Гэта забяспечыць патрэбу жыхароў у навучальнай установе крокавай даступнасці. Цана пытання – 2,8 мільёна рублёў.

Сапраўды, акрамя кварталаў індывідульнай забудовы “Баханова” і новага “Баханова-2”, побач з гарадской гімназіяй ужо здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом, яшчэ адну такую шматпавярхоўку будаўнікі павінны завяршыць у ліпені. Тут жа закладваецца падмурак і пад 72-кватэрны дом. Улічваючы, што навасёлы – пераважна мнагадзетныя сем’і, то важнасць рэканструкцыі былога інтэрната пад вучэбны корпус цяжка пераацаніць.

Дарэчы, як заўважыў кіраўнік раёна, сёлета плануецца ў цэлым па раёне пабудаваць 17 тысяч квадратных метраў жылля, з якіх 8,6 тысячы ўведзена ў эксплуатацыю. Людзі маюць магчымасць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, у тым ліку дзякуючы льготным крэдытам. Сёлета іх выдзелена ў Лунінецкім раёне на агульную суму звыш 11 мільёнаў рублёў. Паралельна вядуцца работы па будаўніцтве інжынернай і транспартнай інфраструктуры, на што сёлета запланавана амаль 2,9 мільёна рублёў.

– Разам з гэтым асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў раёна, і ў прыватнасці Лунінца, – працягвае размову Аляксандр Іванавіч. – Тут варта адзначыць, што справа гэтая – агульная – як прадпрыемстваў і арганізацый горада, так і саміх жыхароў. Калі кожны паклапоціцца аб чысціні і парадку не толькі на сваёй тэрыторыі, але і вакол яе, то і праблемных пытанняў будзе менш. Іх хапае, але калі мэтанакіравана працаваць, то паступова ўсё робіцца. Вось рэалізаваны сёлета невялікі праект па ўладкаванні месца адпачынку на перакрыжаванні вуліц Савецкая і 50 год Кастрычніка. Здаецца, маштаб невялікі, але наколькі ўтульней стаў гэты куточак нашага райцэнтра! У планах застаецца і даўняя ідэя стварэння месца адпачынку для гараджан у лесапаркавай зоне па вуліцы Чапаева. Так, праект маштабны, але будзем паступова рухацца наперад, пралічваць і прапаноўваць варыянты вырашэння гэтага пытання. Бо горад павінен быць максімальна ўтульным і зручным для яго жыхароў. Дарэчы, адчуваецца недахоп дзіцячых гульнявых пляцовак і месцаў, дзе магла б збірацца моладзь. Зноў жа будзем прадумваць разнастайныя варыянты ў адпаведнасці з пажаданнямі маладых людзей.

Старшыня райвыканкама не абмінуў увагай у размове і пытанне дарог. “Зразумела, што гэта справа не аднаго дня і, акрамя райцэнтра, шмат работы ў дадзеным накірунку па ўсім раёне, – сказаў Аляксандр Іванавіч. – Але будзем мэтанакіравана працаваць. Зроблена галоўная транспартная артэрыя Лунінца – вуліца Чырвоная. Пасля замены часткі каналізацыйнага калектара прыведзена ў парадак вуліца Савецкая. З маштабных праектаў на чарзе сёлета – рамонт вуліцы Меліярацыйная. Многія людзі цікавяцца, чаму менавіта яна? Справа ў тым, што на ёй завязана шмат разнастайных камунікацый, і калі зараз не вырашыць пытанне, то ў далейшым будзем мець вялікія праблемы, у тым ліку і па экс-плуатацыі сістэм жыццезабеспячэння…”.

Агучыў кіраўнік раёна і вельмі значную падзею для ўсіх землякоў – у раённай паліклініцы плануецца абнавіць рэнтгенкабінет з устаноўкай новага абсталявання. Здаецца, толькі летась было ўведзена ў эксплуатацыю новае інфекцыйнае аддзяленне, на што затрачана каля 8 мільёнаў рублёў, а сёлета пачаў працаваць абноўлены кабінет камп’ютарнай тамаграфіі з новым сучасным тамографам – кошт пытання каля 1,5 мільёна рублёў. І вось чарговае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Лунінецкай ЦРБ на некалькі мільёнаў рублёў. Дарэчы, штогод набываецца і іншае медыцынскае абсталяванне, у тым ліку з дапамогай спонсараў.

Аляксандр Савіна пад-крэсліў, што менавіта толькі агульнымі намаганнямі мы зможам зрабіць наш райцэнтр найбольш зручным для жыцця і працы, а Лунінец – гэта і сэрца ўсяго раёна.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть