«Расскажут все, на что глядели, их мудрые не детские глаза…»
Присяга

«Расскажут все, на что глядели, их мудрые не детские глаза…»

сиротыП амяць да драбніц захавала перажытае. Гэтыя трывожныя ўспаміны зноў развярэдзілі душу падчас сустрэчы ва ўтульнай зале кафэ “Адпачынак”, дзе сабраліся тыя, у каго страшнае ліхалецце забрала самае дарагое –  татаў і матуль. Горкае сіроцтва прымусіла рана пасталець, спазнаць жорсткія бакі жыцця, але не зламала сілу духа, хіба толькі загартавала характар. І сёння пасля многіх дзесяцігоддзяў немагчыма без хвалявання слухацьіх расказы…

Галіна Барысаўна Мар’іна, жыхарка г. Лунінца:
– Сёння мы не сіроты, у нас ёсць сем’і, ёсць дзеці, унукі, у многіх – праўнукі. Ёсць спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. І ёсць успаміны пра блізкіх людзей, якія загінулі, каб іншыя ніколі не спазналі горкі лёс сіроцтва. Мой тата не вярнуўся з фронту, маму расстралялі фашысты… Як страшна і балюча гэта ўспамінаць.
Дзяцінства маё і меншай сястрычкі звязана з дзіцячым домам у Плешчаніцах пад Мінскам. Я была зусім малой, не ведала нават дату свайго нараджэння, таму работнікі запісалі мне знамянальны дзень – 7 лістапада – Дзень Кастрыч-ніцкай рэвалюцыі, што лічылася вельмі ганаровым. У дзіцячым доме выхаванцы былі рознаўзроставыя, але ўсіх нас аб’яднала вайна. Старэйшыя наглядалі за меншымі, аберагалі іх. Часта даводзілася галадаць. Выратоўвала падсобная гаспадарка, але на агаро-дзе не паспявала завязацца морква, буракі, бульба, як мы “ўра-джай” начыста з’ядалі. Карміў лес, дзе ўлетку шмат было ягад і грыбоў, а ранняй вясной першым выбівалася шчаўе. Для нас яно станавілася сапраўдным ласункам… У такія хвіліны вельмі не хапала мамінага цяпла. Здавалася, каб яна была побач, голад не быў бы такім страшным і можна было б, прытуліўшыся да ласкавай далоні, аддана прашаптаць: “Мамачка, дзякуй, што ты ёсць і што гэты апошні кавалачак хлеба ты падзяліла са мной…”.
Непадалёк адразу пасля вызвалення палонныя немцы пачалі ўзводзіць для дзіцячага дома школу, і мы, дзетвара, бегалі на іх гля-дзець. Старэйшыя назіралі моўчкі, а малышня пачынала галасіць: “Фашысты, вярніце нам татаў і мам!”. Усяго было. Памятаю святы, асабліва чамусьці Вялікдзень. Тых, у каго засталася радня, блізкія забіралі на некаторы час дадому. Нас з сястрой не было каму забраць, і гэтыя дні станавіліся сумнымі і горкімі. Разумеючы дзіцячы адчай, адна з выхавальніц прыціскала нас да сябе і ўпэўнена гаварыла: “Дзяўчынкі мае, запомніце, прыйдзе светлы час, усяго будзе ўдосталь. І вы, мае слаўныя, ніколі не будзеце з зайздрасцю глядзець на чужыя гасцінцы. А булкі – смачныя, пахучыя – самі будзеце пячы і частаваць імі іншых”. Так яно і сталася. Памятаючы гэты наказ, я і цяпер ніколі не праходжу міма тых, каму патрэбна дапамога.
Мы вельмі стараліся замацавацца ў жыцці. Старэйшыя ішлі ў фабрычна-заводскія вучылішчы, пасля якіх накіроўваліся на аднаўленне Мінска. Гэта і дзякуючы рукам нашых паўгалодных дзетдомаўцаў сталіца такой прыгожай паўстала з руін і попелу.
Я ж пасля тэхнікума па накіраванню трапіла на Лунінеччыну, адбылася тут як спецыяліст – амаль усё жыццё адпрацавала на ніве культуры. Сустрэла цудоўнага чалавека – Рамана Барысавіча Мар’іна, які стаў не толькі мужам, але і замяніў бацькоў, быў надзейным сябрам. На жаль, больш як год таму яго не стала… Стараюся мужна ісці па жыцці, свята захоўваючы прынцыпы, якія падарыў дзіцячы дом – чалавечнасць, спагаду, прынцыповасць.
Расказ Галіны Барысаўны слухалі сцішана. Жанчыны – Соф’я Пятроўна Трухнова з Луніна, Марыя Адамаўна Цяльпук з Бастыні, Тамары Стэфанаўна Юзэфовіч з Сінкевіч, Лідзія Уладзіміраўна Барадзінская з Лунінца – не саромеліся слёз. Яны быццам зноў перажылі вайну, боль страт, нястачу і адчай. Але былі і па-свойму жыццесцвярджальныя ўспаміны.
Міхаіл Васільевіч Кавалевіч,
жыхар в. Цна:
– Было мне ўжо добра за 40, калі прызвалі ў “партызаны” – на перападрыхтоўку ваеннаслужачых запасу. Было гэта ў 1983 го-дзе, яшчэ існавала вялікая краіна СССР. Трапілі мы ў Калінінград-скую вобласць. Наш палітрук, ведучы з намі растлумачальную гутарку, неаднойчы паўтараў, што гэта былая Усходняя Прусія, а таму людзі тут маюць свой менталітэт, да якога трэба ставіцца з разуменнем. Калі ён сказаў гэтае “Усходняя Прусія”, мяне быццам токам працяло – у далёкім дзяцінстве чуў, што менавіта тут недзе загінуў і пахаваны мой бацька! Асабліва расказваць пра гэта не было каму – рос круглым сіратой. Вырашыў звярнуцца да таго ж зампаліта, які дапамог скласці зварот у абласны ваенкамат, адкуль прыйшло пацвярджэнне, што і сапраўды гвардыі радавы Васіль Фёдаравіч Кавалевіч загінуў на тэрыторыі Усходняй Прусіі і пахаваны ў брацкай магіле ў г. Баграціёнаўск. Далі мне пару дзён водпуску, выпісалі пропуск (бо была гэта пагранічная зона), і я паехаў на спатканне з бацькам, аблічча якога не захавала дзіцячая памяць…
Прыехаў у Баграціёнаўск надвячоркам 6 лістапада. Незнаёмы марак, які дабіраўся дадому ў водпуск, даведаўшыся пра мэту майго візіту, правёў на брацкую магілу. Я адразу знайшоў пліту з родным прозвішчам, дакрануўся далонню і быццам адчуў цяпло: “Прывітанне, тата! Я прыйшоў да цябе”, – як хацелася голасна сказаць гэтыя словы, але я проста шаптаў іх: услых ці проста ў думках, не ведаю. І ў гэты міг, не паверыце, адступіла сіроцтва. Знайшоўшы апошні прытулак роднага чалавека, адчуў невыказную палёгку, быццам і сапраўды лёс падарыў з ім сустрэчу.
Потым доўга хадзіў па ваенных могілках. Убачыў шмат характэрных для нашых мясцін прозвішчаў, акуратна перапісаў іх: можа, думаю, нехта, як і я, неспадзеўкі даведаецца пра лёс родных людзей. “Кулеш І.П., Лушчык І.Д., Аляшкевіч І.І., Астапчук (ці Астапчык) П.С., Пінчук А.Г., Пракаповіч М.Ф., Самусевіч Е.Ф., Чумак А.Г., Якубовіч М.В., Дашкевіч Т.П., Жук Е.В., Жук С.І., Жук П.І., Колбік В.І. – гэтыя і некаторыя іншыя прозвішчы, падалося, маглі б зацікавіць жыхароў нашага раёна. Ад зямлі беларускай пакланіўся загінуўшым воінам – з удзячнасцю, пашанай, цяплом.
Сёння магу сказаць, што хоць мой бацька і склаў галаву на вайне, выратоўваючы свет ад фашызму, род Кавалевічаў жыве. Чацвёра сыноў з годнасцю далі працяг добрым традыцыям, асталяваліся на Лунінеччыне і адданай працай ладзяць сённяшні дзень.
Не памылюся, калі скажу, што не менш кранаючы аповяд можна было б пачуць з вуснаў іншых гасцей сустрэчы – Паўла Васільевіча Лушчыка з Лахаўкі, Івана Трафімавіча Савіча з Багданаўкі, Мікалая Дзмітрыевіча Содзька са Цны, Архіпа Данілавіча Кахові-ча з Люшчы, Карпа Аляксандравіча Ванюка з х. Валчанка. Межы сустрэчы не дазволілі многім падзяліцца ўспамінамі, а магчыма, перашкодзілі гэтаму сціпласць і хваляванне. Так ці інакш, гэтае мерапрыемства выклікала нямала эмоцый. Яно і так: мы дагэтуль недадалі дзецям-сіротам вайны цяпла, увагі і падтрымкі. Менавіта таму вельмі шчырай была ўдзячнасць з боку ўбеленых сівізной людзей каардынатарам праекта “Актыўнае сёння пажылых людзей”, работ-нікам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лідзіі Чыжаковай і Ірыне Мархотка, актывістам раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” за тое, што ўпершыню за доўгі час паспрабавалі сабраць разам тых, на чый лёс вайна вынесла так шмат выпрабаванняў, падарылі ім невялікае свята з канцэртам (яго падрыхтаваў фальклорны калектыў “Палеская крыніца” Беларускага таварыства інвалідаў па зроку) і нават паклапаціліся пра невялікія падарункі.
А праз некалькі дзён акцыя мела працяг. Л.С. Чыжакова, І.У. Мархотка і прадстаўнікі ГА “Беларускі саюз жанчын” з падарункамі наведалі на даму яшчэ некалькі сірот вайны. Вельмі кранаючымі былі сустрэчы з лунінчанкамі Ірынай Гаўрылаўнай Бохан, Марыяй Пятроўнай Катунінай, Марыяй Раманаўнай Іовіч, Нінай Андрэеўнай Каховіч і Вандай Уладзі-славаўнай Любецкай.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть