Школьный дневник

«Кусочек сердца отдавать кому-то: такая, брат, у нас с тобой работа…»

Словы з песні, якая прагучала на жнівеньскай педагагічнай нарадзе падчас вітання маладых спецыялістаў, вельмі дакладна вызначаюць сутнасць работы настаўніка. На мерапрыемстве ўвогуле нямала было кранаючых і прачулых старонак. Але ж, аб усім па парадку.

Варта сказаць, што настаўнікі  і вучні сярэдняй школы №2 г. Мікашэвічы, дзе праходзіла мерапрыемства, пастараліся здзівіць. На ганку сустракаў зводны хор выхаванцаў прававых класаў. Выканаўшы свой  гімн, дзеці ўручылі хлеб-соль старшыні райвыканкама Аляксандру Пачко і прапанавалі гасцям невялікае артыстычнае дэфіле з дэманстрацыяй сучаснага школьнага адзення. Нягледзячы на тое, што многія з вучняў ходзяць у строгай кадэцкай форме, астатнія аддаюць перавагу вытанчанаму стылю, не пазбаўленаму зручнасці і камфорту.

Зрэшты, да 1 верасня выдатна падрыхтаваліся не толькі дзеці, але і сама мікашэвіцкая СШ №2. Плён гэтых старанняў бачны на кожным кроку: шырокія светлыя калідоры, прасторныя класы з сучасным начыннем, дзе ёсць усё неабходнае для таго, каб дзетвара старанна засвойвала веды.

Наведалі і абавязковую для мерапрыемства такога кшталту выставу кветкавых (і не толькі!) кампазіцый. Шыкоўныя нацюрморты здзіўлялі і радавалі адначасова. Настаўніцкая фантазія, здавалася, перасягнула ўсе ўяўныя межы. Непадалёк размясцілася выстава дасягненняў навучальных устаноў. Адкрываў яе стэнд Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Кароткая экскурсія па школе завяршылася сустрэчай з самымі маленькімі яе насельнікамі. Паўказачны свет цацак, сярод якіх уладарылі юныя “выратавальнікі”, “будаўнікі”, “праваахоўнікі”, на хвіліну вярнуў у мінулае, дазволіўшы дарослым дакрануцца да бесклапотнага свету дзіцячых мрояў.

Праз пэўны час усе сабраліся ў актавай зале школы, дзе чакала сур’ёзная размова пра вопыт, рэсурсы і задачы адукацыі Лунінеччыны ў рэалізацыі асобы. Пленарная нарада адкрылася вітаннем маладых спецыялістаў, якіх сёлета больш як 20 чалавек. Ад іх імя слова трымала настаўніца геаграфіі гімназіі імя У. Нядзведскага Кацярына Ляшкевіч. З прыязнасцю даведаліся, што дзяўчына – выпускніца мясцовай СШ №1, пасля ВНУ вярнулася на малую радзіму, што дае ёй асаблівы гонар.

З традыцыйным дакладам выступіла начальнік раённага аддзела адукацыі Наталля Цяльпук (тэзісы   выступлення надрукаваны ў мінулым нумары “ЛН”). Дзякуючы таму, што на працягу тыдня, які папярэднічаў нарадзе, педагогі плённа папрацавалі па секцыях, былі вызначаны дакладныя накірункі работы ў новым навучальным годзе. З імі пазнаёміла намеснік начальніка раа Людміла Коўшык. Гэтыя напрацоўкі ляглі ў аснову рэкамендацый пленарнай нарады, які атрымалі ўсе навучальныя ўстановы.

Некаторыя выкладкі канкрэтызаваў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які падкрэсліў, што сёння наспеў час выхоўваць юнакоў і дзяўчат з цвёрдым ідэйным і маральным стрыжнем. Справа ў тым, што большасць прадстаўнікоў маладога  пакалення не ведаюць цяжкасцей, з якімі ў жыцці даводзілася сутыкацца іх бацькам. Яны звыклі жыць у камфорце, мець усе даброты цывілізацыі. З аднаго боку гэта нядрэнна. Але ж адначасова трэба вучыць іх цаніць тое, што ёсць, прывіваць пачуццё патрыятызму.

Па словах кіраўніка раёна, сёння не даводзіцца сумнявацца ў тым, што дзяржава клапоціцца пра сферу адукацыі. Яскрава бачна гэта і на прыкладзе нашага раёна, дзе прыкладна 40 працэнтаў бюджэту выдаткоўваецца на патрэбы настаўніцтва і вучняў. Каб годна вытрымліваць гэтую планку, трэба плённа працаваць іншым сферам эканомікі. Таму Аляксандр Пачко коратка расказаў пра вынікі, якіх дасягнуў народнагаспадарчы комплекс Лунінеччыны. А яны абнадзейваюць: з пачатку года выраблена праукцыі на 155 мільёнаў рублёў (па гэтым паказчыку раён займае 3-яе месца ў вобласці). Прадукцыя з маркай лунінецкіх вытворцаў пастаўляецца ў 14 краін свету, што дазволіла прыкладна ў паўтара раза павялічыць экспартную састаўляючую. Вынікова працуюць аграрыі. Зусім нядаўна завяршылася жніво. Ураджай парадаваў – больш як 56 тысяч тон збожжа намалацілі сёлета лунінецкія хлебаробы.

Зразумела, што сур’ёзнай аддачы чакаюць у грамадстве і ад сферы адукацыі. Нягледзячы на тое, што Лунінеччына ўтрымлівае лідарскія пазіцыі ў алімпіядным руху сярод сельскіх раёнаў вобласці, сказаў Аляксандр Мікалаевіч, варта звярнуць увагу на тое, каб менш здольныя школьнікі не сталі заложнікамі пэўных амбіцый педагогаў. Разам з тым, трэба павышаць агульны сярэдні бал на цэнтралізаваным тэсціраванні, мудра праводзячы пры гэтым прафарыентацыйную работу. А яшчэ – дапамагаць дзецям цікава і карысна праводзіць вольны час, не дазваляючы трапляць пад дрэнны ўплыў, які прыводзіць да правапарушэнняў. Уласна кажучы, менавіта для гэтага існуе шосты школьны дзень.

Як станоўчы быў адзначаны той факт, што сёлета назіраецца прыкметнае зніжэнне колькасці злачынстваў з удзелам непаўналетніх. Аднак па-ранейшаму трывожыць, што зарэгістравана каля паўсотні правапарушэнняў, дзе фігурырыравалі п’яныя падлеткі. У сувязі з гэтым прагучала рэкамендацыя больш пільную ўвагу звярнуць на дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама на мнагадзетныя і малазабяспечаныя сем’і. Прычым увага гэтая павінна быць пастаяннай, а не толькі напярэдадні першавераснёўскага свята, хаця і яго можна лічыць індыкатарам увагі дзяржавы. Так, толькі ў Лунінецкім раёне дзяржаўную дапамогу на падрыхтоўку да школы атрымалі больш як тысяча сем’яў. Яшчэ 29 – сталі ўладальнікамі адраснай дапамогі.

У заключэнне старшыня райвыканкама павіншаваў педагогаў са святам і ўручыў лепшым вышэйшыя ўзнагароды раёна – Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта. З віншаваннямі звярнуўся да ўдзельнікаў нарады і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч. Віктар Анатольевіч таксама ўручыў Ганаровыя граматы райсавета найбольш паспяховым педагогам. Адпаведнымі ўзнагародамі раа і галіновага прафсаюза з рук Наталлі Цяльпук і Нэлі Рафаловіч атрымалі шэраг настаўнікаў раёна. Да былых калег звярнулася з віншаваннямі старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Галіна Сыцэвіч.

Завяршыла жнівеньскую нараду творчая справаздача педкалектываў навучальных устаноў маладога горада.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть