Змяніць жыццёвыя прыярытэты
Общество

Змяніць жыццёвыя прыярытэты

Чучевичи 01Змяніць жыццёвыя прыярытэты з пазіцыі “мне трэба” на “што я зрабіў?” параіў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко жыхарам аграгарадка Вялікія Чучавічы, дзе ў мінулую пятніцу ў мясцовым Доме культуры прайшло традыцыйнае мерапрыемства – “Дзень адкрытага пісьма”.

Пакуль прадстаўнікі раённай вертыкалі, розных службаў і ўстаноў з’язджаліся ў самы аддалены пункт Лунінеччыны, вяскоўцы з цікавасцю пазнаёміліся з выставай вырабаў народнай творчасці, разгорнутай у фае. Мастацкі кіраўнік СДК Алена Муравейка ўдзячна аўтарам работ – Надзеі Марза, Таісіі Цуба, Ніне Муравейка, Юліі Муравейка, Кірсану Макаеду, Валянціне Гаргун і іншым.

Са статыстычных дадзеных пачаў сваё выступленне старшыня сельвыканкама Аляксандр Соц. Па яго словах, у падведамасную тэрыторыю ўваходзяць Вялікія і Малыя Чучавічы, Баравікі, Кормуж, Лугі і хутар Перадзел. На пачатак года тут пражывала 2756 чалавек. Бліжэйшыя чыгуначныя прыпынкі знаходзяцца ў Бастыні (22 кіламетры) і Люшчы (20). Штодня курсіруюць аўтобусныя маршруты. Прамысловыя аб’екты адсутнічаюць. Функцыянуюць участкі кацельнай гаспадаркі Лунінецкай ЖКГ і водаканала, сярэдняя агульнаадукацыйная і музычная школы, дзіцячы сад, Дом культуры і бібліятэка, участковая бальніца, два ФАПы, паўпост “Хуткай дапамогі”, 8 магазінаў, закусачная, 3 гандлёвыя павільёны індывідуальных прадпрымальнікаў, крыты міні-рынак, нарыхтоўчы ларок. Да паслуг вяскоўцаў – 2 аддзяленні паштовай сувязі, ЦБП філіяла “Беларусбанка”, комплексна-прыёмны пункт ЖКГ. Мясцовае насельніцтва ў асноўным мае праваслаўнае веравызнанне. Прыхаджане наведваюць Свята-Пакроўскі храм.

Даклад старшыні сельвыканкама дапоўніў старшыня дзяржаўнага прадпрыемства “Чучавічы” Сяргей Богуш. Ён расказаў, што гаспадарка была створана 70 год таму. Сёння калектыў, куды ўваходзяць каля 170 чалавек, зацікаўлены ў атрыманні прыбытку ў вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Пад апекай спецыялістаў знаходзяцца 4369 гектараў сельгасугоддзяў і статак у 2100 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 855 кароў. Сярэднямесячная зарплата складае 3,5 мільёна рублёў. Кадравага “голаду” ў сельгаспрадпрыемстве не назіраецца, але Сяргей Баляслававіч агучыў заклапочанасць кваліфікаванымі механізатарамі і аператарамі машыннага даення. Турбуюць старшыню таксама вялікі ўзровень ручной працы, недахоп абаротных сродкаў, крэдытная нагрузка.

Як наладжаны выхаваўча-адукацыйны працэс з мясцовай дзетварой, расказала дырэктар Вялікачучавіцкай сярэдняй школы Ірына Грыцкевіч. Па яе словах, у двух тыповых будынках займаюцца 274 хлопчыкі і дзяўчынкі. З імі працуюць 40 педагогаў. Ёсць профільны клас, дзе вучні паглыблена вывучаюць беларускую і нямецкую мовы. Плён даюць 14 гурткоў і 4 спартыўныя секцыі. На жаль, парадаваць высокім узроўнем паступлення выпускнікоў у ВНУ пакуль не атрымліваецца. Толькі 28 працэнтаў 11-класнікаў сталі студэнтамі  вышэйшых навучальных устаноў (раённы паказчык – 44 працэнты). Астатнія выбралі ўстановы прафтэхадукацыі і сярэднія спецыяльныя. Ірына Мікалаеўна выказала ўдзячнасць бацькам выхаванцаў, якія заўсёды ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах. Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко параіў калектыву праводзіць прафесійна арыентаваныя сустрэчы для будучых выпускнікоў, на якія часцей запрашаць кіраўніка сельгаспрадпрыемства.

Загадчыца Вялікачучавіцкай участковай бальніцы Ганна Галубовіч расказала, што ўстанова разлічана на 25 ложкаў. Вакантнай застаецца пасада педыятра. Але ў калектыве стараюцца рабіць усё для вызадараўлення пацыентаў. Балазе, тут ёсць тэрапеўтычны фізіякабінет, кардыёграфы, сучасная стаматалагічная ўстаноўка, дзейнічае дзённы стацыянар. Парадавала Ганна Паўлаўна фактам аб паве-лічэнні нараджальнасці, але дэма-графічную сітуацыю пагаршае рост смяротнасці за кошт людзей пажылога ўзросту. Галоўны ўрач УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Ігар Невар запэўніў, што штат даўкамплектуюць урачом агульнай практыкі, па магчымасці сюды будуць прыязджаць на агляды і кансультацыі раённыя педыятры.

Паступова ўдзельнікі “Дня адкрытага пісьма” перайшлі да адкрытага дыялогу. Многія пытанні паступілі загадзя, таму адказы на іх зацікаўленыя службы падрыхтавалі аператыўна. Напрыклад, жыхары вуліцы Савецкая прасілі пабудаваць дзіцячую гульнявую пляцоўку. Дырэктар КУШПВ ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Георгій Шпакоўскі адказаў, што недахоп фінансавых сродкаў не дазваляе задаволіць просьбу вяскоўцаў. Ён таксама дапоўніў, што з 5 мільярдаў рублёў, выдзеленых на капітальны рамонт шматкватэрных дамоў, на будаўніча-мантажныя работы ў аграгарадку Вялікія Чучавічы затрачана 2,8 мільярда. Летась здадзены 4 дамы, сёлета такіх не плануецца. Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко заўважыў:

– Сярод жыхароў вашага аграгарадка ёсць нямала народных умельцаў, здольных стварыць непаўторную пляцоўку для хлопчыкаў і дзяўчынак. Чаму б самім не прыняць далявы ўдзел і не зрабіць усё сваімі сіламі?!

Бадай, самая вялікая колькасць просьбаў датычыла стану вуліц і дарог. Кіраўнік раёна адзначыў, што сёлета ўсе выдзеленыя сельсавету грашовыя сродкі на гэтыя мэты зрасходаваны. Будзе рабіцца толькі ямкавы рамонт асфальтавага пакрыцця, што і пацвердзіў дырэктар ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў. Па яго словах, усе работы завершацца да 15 мая. Крыху раней – да 1 мая – будуць пра-грэйдзіраваны гравійныя дарогі.

Пытанне аб устаноўцы дарожнага знака “Аўтобусны прыпынак” у Баравіках патрабуе дадатковага вывучэння камісіяй па бяспецы райвыканкама. Толькі пасля яе заключэння пляцоўку абсталююць. Зрэшты, як і паявіцца тут інфармацыйна-ўказальны знак населенага пункта. Ці будуць сюды заязджаць аўтобусы напрамкамі “Лунінец – Лугі” і “Лунінец – Малыя Чучавічы”, разбяруцца ў аўтапарку №10. Насельніцтву паведамяць дадаткова.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко раскрытыкаваў работу раёна электрасетак, чые спецыялісты пасля зносу аварыйных дрэў пакінулі беспарадак. Падобная сітуацыя не дапусціма. Дарэмна хваляваліся людзі пра выдзяленне сотак для пасадкі бульбы ў дзяржаўнага прадпрыемства “Чучавічы”. Яго кіраўнік Сяргей Богуш запэўніў, што гаспадарка прадастаўляе зямельныя ўчасткі (27 тысяч рублёў за сотку). Жадаючым трэба толькі падаць заяву. А вось просьбу арэндаваць плошчу да 3 гектараў у сельгаспрадпрыемстве пакінулі без задавальнення. Аляксандр Пачко ў катэгарычнай форме заявіў, што безкантрольнай раздачы зямлі не будзе. Для гэтых мэт існуюць пустуючыя ўчасткі каля незаселеных дамоў.

Пытанні з залы сыпаліся адно за другім. Датычылі яны зноў-такі жыллёва-камунальнай сферы, адкрыцця аўтазаправачнай станцыі, інфармавання насельніцтва аб адключэнні электраэнергіі пры планавых работах, перазалужэння пашы для выпасу жывёлы, ацэнкі кватэры для прыватызацыі, кошту арэнднага жылля, работы ўчастковага інспектара міліцыі, недахопу кантэйнераў для бытавога смецця, закупачных цэн на другасную сыравіну і інш. На некаторыя з іх адразу прагучалі кампетэнтныя адказы, асобныя праблемы ўзяты на кантроль.

Чучевичи 02

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть