Происшествия

Кантраляваць і абараняць

карлюк

Некаторае змяншэнне агульнай колькасці ўчыненых на тэрыторыі раёна злачынстваў не дае падстаў для заспакаення праваахоўнікам. Перш за ўсё, па прычыне негатыўнай тэндэнцыі павелічэння колькасці асабліва небяспечных злачынстваў і нізкай агульнай раскрывальнасці правапарушэнняў. Пра гэта — наша размова з пракурорам раёна Аляксандрам КАРЛЮКОМ.

— Сітуацыя і сапраўды дастаткова трывожная. Забойстваў, наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пакалечанняў, рабаўніцтваў сёлета зарэгістравана на 51,5 працэнта больш, чым за такі ж час летась. А ўзровень раскрывальнасці ў нашым раёне застаецца адным з самых нізкіх у вобласці — 69,3 працэнта. Асабліва назаляюць крадзяжы. Улічваючы гэта, пракуратурай былі прааналізаваны прычыны такога становішча, а на каардынацыйнай нарадзе распрацаваны канкрэтны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне падобных злачынстваў. Пэўны эфект гэта дало, але раён па-ранейшаму застаецца сумным лідарам па колькасці крадзяжоў. Мяркуйце самі: у Бярозаўскім раёне іх сёлета ўчынена 83, у Бара-навіцкім — 88, а ў нашым — 111. Між тым, практыка сведчыць, што найчасцей злодзеі квапяцца на маёмасць грамадзян, а апошнія быццам “дапамагаюць” ім у гэтым, бо самі абыякава ставяцца да захаванасці свайго дабра. Узяць тыя ж веласіпеды, якія па-ранейшаму іх уладальнікі пакідаюць абы-дзе і абы-як. А раскрываць такія злачынствы да-статкова складана. У выніку сёлета з 51 крадзяжу раскрыты толькі 18. Прыкметна павялічылася і колькасць крадзяжоў з аўтамабіляў, якія гаспадары бяспечна пакідаюць на неахоўваемых стаянках, нярэдка парушаючы правілы паркоўкі. Бяздзейнічаюць супрацоўнікі РАУС, дзяржаўтаінспектары. Пазіцыю старонніх назіральнікаў занялі прад-стаўнікі ўлады ў вёсках. У некаторых сельвыканкамах работа саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку зведзена да фармалізму. У вёсках кожны ведае жыхароў, схільных паквапіцца на чужую маёмасць, аднак адчуваюць сябе апошнія дастаткова вольна. Аніякая работа з імі не праводзіцца. На тэрыторыі Гарадоцкага сельсавета крадзяжы выраслі ледзь не ўдвая — з 4-ох да 7-мі, аднак пытанні прафілактыкі падобных злачынстваў на пасяджэннях ні летась, ні сёлета не ўзнімаліся і не абмяркоўваліся. Па гэтай прычыне неабароненымі адчуваюць сябе пажылыя людзі. Сёлета ў раёне 50 такіх грамадзян пацярпелі ад нячыстых на руку аднавяскоўцаў ці “гастралёраў”. Прычым тры злачынствы аднесены да асабліва цяжкіх. Па аднаму разбою і 17-ці крадзяжам вінаватыя не ўстаноўлены дагэтуль.

— Не сакрэт, што нярэдка аматары да чужога дабра лезуць у дамы і кватэры з адзіным жаданнем — здабыць сродкі для чарговай бутэлькі ці “дозы”. Ці дае жаданы вынік барацьба з распаўсюджваннем наркатычнай атруты?

— Злачыннасць тут прыкметна “маладзее”. Кантынгент спажыўцоў наркатычных рэчываў і псіхатропаў папаўняюць школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты… Сёлета выяўлена каля двух дзясяткаў злачынстваў, звязаных з незаконным абаро-там забароненых рэчываў. У 8-мі выпадках вінаватыя будуць адказваць яшчэ і за збыт атруты. I ўсё ж, справядлівасці дзеля, варта адзначыць, што работа аператыўнай службы з мэтай выяўлення і папярэджвання падобных фактаў бачна. Ёсць дзейснае супрацоўніцтва з экспертнымі і следчымі падраздзяленнямі. Менавіта таму агульнымі намаганнямі пакуль удаецца трымаць сітуацыю пад кантролем.

— Што яшчэ, Аляксандр Паўлавіч, турбуе супрацоўнікаў нагляднага органа?

— Той факт, што ніводная з 39-ці праведзеных пракурорскімі работнікамі праверак не была безвыніковай. Зараз ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што асноўныя намаганні трэба сканцэнтраваць на прафілактычнай састаўляючай барацьбы з карупцыйнымі праявамі. Па-ранейшаму найбольш падвержанай рызыцы карупцыйных правапарушэнняў застаецца сфера дзяржаўных закупак. Падобнае выяўлена ў 17-ці фермерскіх гаспадарках. Пяцёра фермераў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 12-ці — аб’яўлены афіцыйныя папярэджанні. На жаль, дастаткова частымі застаюцца факты незаконнага налічэння заработнай платы тым, хто на самай справе адсутнічаў на рабочых месцах. Ёсць такія выпадкі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і некаторых іншых структурах. Адначасова работнікі пракуратуры трымаюць пад кантролем памер дэбіторскай запазычанасці, які ў дзяржаўных і сельскагаспадарчых арганізацыях няўхільна павялічваецца. Шмат праблем падобнага кшталту ў будаўнічай галіне. Стараемся не выпускаць з поля зроку захаванне заканадаўства пры разглядзе зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Факты валакіты выяўлены ў Мікашэвіцкім гарвыканкаме. Яны недапушчальныя, бо самым недаравальным чынам дыскрэдытуюць орга-ны ўлады, падрываюць давер да іх простых грамадзян. А яшчэ строга кантралюем выкананне заканадаўства па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны. На тырэторыі раёна па-ранейшаму ёсць факты допуску да ўдзелу ў дарожным руху механізатараў у стане алкагольнага ап’янення. Здараюцца выпадкі распіцця алкагольных напіткаў на рабочых месцах. Так, у ходзе рэйду, пра-ведзенага ў КСУП “Дзятлавіцкі” затрымалі п’янага вадзіцеля. I толькі пасля настойлівага патрабавання пракуратуры ў гаспадарцы пайшлі на тое, каб набыць прыбор, што выяўляе пары этылавага спірту ў чалавека пры выдыху. Ёсць яшчэ нямала накірункаў, па якіх мы не намераны збаўляць тэмп работы. Спадзяюся, што агульнымі намаганнямі здолеем падтрымліваць прававы парадак у нашым раёне.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть