«Правасуддзе грунтуецца на даверы насельніцтва…»
Происшествия

«Правасуддзе грунтуецца на даверы насельніцтва…»

У прававой іерархіі суды займаюць асаблівае месца. Ажыццяўляючы правасуддзе на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасці з ёю нарматыўных актаў, яны пільна стаяць на варце законных інтарэсаў грамадзян. Невыпадкова і гісторыя нашай судовай сістэмы – гэта гісторыя беларускай дзяржаўнасці. У гэтым упэўнены старшыня суда Лунінецкага раёна Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ.

– Летась прыняты новы Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, які пачаў дзейнічаць з 24 студзеня 2017 года. Папярэднічала яму рэформа, пачатак якой паклала Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб перспектывах развіцця агульных судоў. Утрымлівала яно 56 палажэнняў. Іх трэба было ўвасобіць у жыццё на працягу 5-ці год. Сёння ўсе яны рэалізаваны. Важнейшымі этапамі рэформы стала аб’яднанне агульных і эканамічных судоў, атрыманне Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь новых функцый, стварэнне асобнай службы прымусовага выканання ў сістэме органаў выканаўчай улады, ліквідацыя ваенных судоў. У ходзе ўсіх гэтых пераўтварэнняў суды працавалі ў звычайным рэжыме. Урэшце, усе новаўвядзенні прымаліся для павышэння якасці, аператыўнасці і даступнасці правасуддзя. Можна сказаць, што мэта гэтая дасягнута. Сістэма правасуддзя ў нашай краіне рацыянальная, эканамічная і самадастатковая. Яна поўнасцю аддзелена ад органаў выканаўчай улады, зразумелая і даступная для людзей. Пацвярджае гэта і міжнародны рэйтынг “Індэкс верхавенства права-2016”, які складаецца незалежнымі экспертамі. Згодна з ім, грама-дзянская вытворчасць нашай краіны  знаходзіцца на 30-ым месцы, крымінальная – на 49-ым. Для параўнання: расійскае правасуддзе ў гэтым спісе знахо-дзіцца адпаведна на 63-ім і 98-ым месцах. Што датычыць суда нашага раёна, то летась з больш як 300 прыгавораў адменены толькі 2. За пяць год няма ніводнага выпадку неабгрунтаванага асуджэння грамадзян.

– Крыху вышэй адзначылі ў якасці станоўчых рыс нашых судоў іх аператыўнасць.

У чым яна адлюстроўваецца?

– Дзякуючы Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь, за кошт спрашчэння неабавязковых, а таксама фармальных судовых працэдур удалося дабіцца так званай працэсуальнай эканоміі. У нашай сферы, як і ў іншых, паспяхова ўкараняюцца сучасныя тэндэнцыі, інфармацыйныя тэхналогіі. Роўна год таму была ўведзена такая форма праверкі законнасці судовых рашэнняў, як апеляцыя па крымінальных справах. Яна дазволіла амаль напалову скараціць колькасць паўторных разбіральніцтваў у судах першай інстанцыі. Іншымі словамі, суды другой інстанцыі самі выносяць рашэнні, папраўляючы, калі гэта трэба, прыгаворы, вынесеныя раённымі калегамі. Зроблены крок у бок поўнай апеляцыі ў грамадзянскай судавытворчасці. І ўсё ж нельга адмаўляць і той факт, што іншы раз не заўсёды апраўданая маруднасць у нашай рабоце прысутнічае. Адсюль – пераносы тэрмінаў разгляду спраў. Калі гаварыць канкрэтна пра Лунінецкі суд, то ў апошнія гады ён прыкметна памаладзеў. Ёсць суддзі, чый стаж – 2-3 гады. Зразумела, што ў пошуку абсалютна правільнага рашэння ім патрабуецца больш часу, чым вопытнаму юрысту. Таму асабіста я пад-трымліваю іх імкненне падыходзіць да спраў максімальна адказна.

– Ці значыць гэта, што ў цэлым суд працуе амаль бездакорна?

– Ёсць вядомая ісціна: не памыляецца той, хто нічога не робіць. Зразумелыя недапрацоўкі, вядома ж, можна заўважыць і ў нас. Аднак абгрунтаваных нараканняў на работу суда летась не было. І ўсё ж існуе такое паняцце, як працэсуальныя скаргі на судовыя рашэнні, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай працэсаў. Дык вось такіх у мінулым годзе было 124, і прыкладна чвэрць з іх далі падставу для карэктыў, якія ўносіліся вышэйстаячымі судамі. Былі і пакаранні. Адзінаццаць разоў некаторых работнікаў нашага апарата даводзілася пазбаўляць прэміяльных выплат. Найчасцей – за парушэнне тэрмінаў уручэння працэсуальных дакументаў, апавяшчэння бакоў, несвоечасовую падрыхтоўку пратаколаў і іншае.

– Ці павялічваецца колькасць тых, хто ідзе за абаронай сваіх правоў у суд?

– У параўнанні з 2015 годам такіх летась было на 48 менш: з іскамі, заявамі і скаргамі ў суд звярнуліся 949 грамадзян і юрыдычных асоб. Поўнасцю ці част-кова задаволена 804 патрабаванні. Адмоўлена ва ўзбуджэнні грамадзянскіх спраў у 15-ці выпадках. Вышэйстаячым судом не адменена ніводная з нашых пастаноў.

– Міхаіл Васільевіч, раней нярэдка даводзілася чуць, што суддзі ў нашым раёне працуюць з вялікай нагрузкай. Сёння сітуацыя змянілася?

– Нагрузку ўдалося аптымізаваць. Перш за ўсё, за кошт перадачы на заканадаўчым узроўні бясспрэчных катэгорый спраў у вядзенне натарыяльнай канторы. Хаця суддзі дагэтуль працуюць у дастаткова напружаным рытме: у месяц на кожнага атрым-ліваецца ў сярэднім па 94 справы. У Еўропе адзін суддзя прыходзіцца на 5 тысяч жыхароў, у нас – на 8 тысяч. Але ў цэлым летась мы паспяхова справіліся з усімі паступіўшымі справамі. А іх было нямала – 4 тысячы 152. На тое, каб гэтая лічба была меншай, станоўча магло б паўплываць укараненне медыяцыі і ўсіх форм дасудовага прымірэння. Праблема – у недахопе медыятараў, слабой інфармаванасці насельніцтва аб такіх формах урэгулявання спрэчак і, магчыма, некаторы недавер да іх. Упэўнены, што дапамагло б і спрашчэнне некаторых архаічных працэдур. Там, дзе людзі прызнаюць сваю віну, раскайваюцца, згодны з пакараннем, прымяняецца спрошчаная форма вынясення прыгавораў. Не трэба выклікаць у суд ні прадстаўнікоў бакоў, ні сведкаў. У 2016 годзе на Лунінеччыне разгледжана 39 такіх спраў. Вядома, са складанымі справамі так не атрымаецца, але ёсць іншыя – больш простыя, не патрабуючыя захавання ўсіх фармальнасцей. Гэта сучасны міжнародны шлях працэсуальнай эканоміі. Самым станоўчым чынам уплывае на яе ўкараненне інфармацыйных тэхналогій. Сёння дастаткова актыўна выкарыстоўваецца паведамленне пра судовыя працэсы з дапамогай тых жа SMS, пасланняў на электронныя адрасы. Мы ўшчыльную падышлі да таго, што судовыя пасяджэнні будуць праходзіць без сакратара і пратакола – з фіксацыяй праз аўдыязапіс. Ужо сёння абмяркоўваецца магчымасць вядзення судовага разбіральніц-тва з выкарыстаннем пераваг відэаканферэнцыі.

– А як часта людзі выказваюць нязгоду з вердыктам суда?

– Вышэй назваў лічбу ў больш як 4 тысячы разгледжаных спраў. Дык вось з вынесенымі па іх рашэннямі не згадзіліся ўсяго 2,9 працэнта тых, каго яны непасрэдна закраналі. Магчыма, той, хто прайграў цяжбу, застанецца незадаволеным, але гэта не значыць, што ў дачыненні да яго рашэнне было несправядлівым. У цэлым жа хачу падкрэсліць: правасуддзе немагчыма без даверу насельніцтва. Невыпадкова любое судовае пася-джэнне пачынаецца з пытання пра тое, ці давяраюць бакі суду? Менавіта таму вельмі важна, каб правасуддзе было адкрытым і даступным, а суддзі валодалі высокай культурай і паважліва адносіліся да тых, хто звяртаецца за абаронай сваіх канстытуцыйных правоў. Веру, што так ёсць на справе.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть