Святла – у дамах, спакою – у сем’ях
Происшествия

Святла – у дамах, спакою – у сем’ях

рыбакТых, хто ў вызначаны час патэлефанаваў у рэдакцыю, каб з дапамогай начальніка РАУС Уладзіміра РЫБАКА вырашыць праблемы асабістага характару, было няшмат. Звярталіся ў асноўным тыя, хто не мог самастойна разабрацца ў хітраспляценнях узаемаадносін былых мужа і жонкі, цесця і зяця. Уладзімір Уладзіміравіч узяў на заметку ўсе выпадкі, пра якія расказалі абаненты, з тым, каб высветліць нюансы і ў будучым выключыць магчымасць непажаданых наступстваў. Але ж былі і пытанні, якія, так бы мовіць, мелі грамадскую значнасць. Адказы на іх сёння публікуем на старонках “ЛН”.

 

( Добры дзень, Уладзімір Уладзіміравіч. Думаю, пытанне, якое хачу сёння вам задаць, хвалюе многіх бацькоў. Маёй дачцэ споўнілася 15 год. Знешне яна выглядае ўпаўне дарослай дзяўчынай. Акселератка, адным словам. Таму і несупраць разам з сяброўкамі затрымацца ўвечары, іншы раз схадзіць на дыскатэку. Асабліва гэта можна было назіраць улетку. Колькі ні старалася растлумачыць ёй, што гэта можа пацягнуць адказнасць – і вухам не вядзе, маўляў няма такога закона.
– І дарэмна. Закон такі ёсць. Непаўналетнія ва ўзросце да 16 год (за выключэннем тых, хто надзелены дзеяздольнасцю ў поўным аб’ёме) не могуць знаходзіцца ў перыяд з 23.00 да 6.00 на вуліцы без суправа-джэння дарослых – бацькоў ці апекуноў. Парушэнне гэтага патрабавання можа стаць прычынай накладання штрафу ў памеры да 2 базавых велічынь (БВ). Калі ж панесенае адміністрацыйнае пакаранне не мела ўздзеяння, і непаўналетні быў затрыманы гуляючым у адзіночку на вуліцы ў начны час паўторна, штраф складзе 5 БВ. Я разумею, што да дзяўчыны, якая бачыць сябе дарослай, вартавога не прыставіш, і наўрад ці яна згодзіцца вечарам гуляць у суправаджэнні таты і мамы. Ды гэтага і не трэба рабіць. Для зносін з аднагодкамі ўпаўне хопіць часу да 23.00. А ўвечары трэба быць дома: і бацькам спакойней, і падлеткам менш спакусы на дрэнныя справы.
( Тэлефаную, каб выказаць абурэнне. Не так даўно ў Луніне мяне ўвечары на дарозе затрымалі праваахоўнікі і склалі пратакол за тое, што не меў флікера. Цяпер, каб да суседа праз агарод перайсці, трэба святлоадбіваючую павязку надзяваць?
– Каб перайсці да суседа праз агарод – не трэба, а вось на дарозе абазначаць сябе святлоадлюстроўваючым элементам варта абавязкова. Інакш супрацоўнікі міліцыі ўправе будуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці пешахода, які ў цёмны час сутак рухаецца па краю праезнай часткі, па артыкуле 18.23 КоАП РБ за парушэнне правілаў дарожнага руху. Адказнасць нежартоўная – штраф у памеры ад 1-ай да 3-ох БВ. Калі ж спынены грамадзянін да таго ж быў п’яным ці знахо-дзіўся ў стане ап’янення, выкліканым ужываннем наркатычных, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў ці адмовіўся ад медыцынскага асведчання на факт іх ужывання, штраф павялічваецца ў разы – ад 3-ох да 5-ці БВ. Так што ў вашым выпадку дзеянні міліцыянераў законныя.
( Уладзімір Уладзіміравіч, у сродках масавай інфармацыі ідзе настойлівая рэклама ахоўнай сігналізацыі. Але ж ці насамрэч абсталяванне кватэры такім прыстасаваннем засцеражэ яе ад злодзеяў?
– Не сакрэт, што крадзяжы складаюць ільвіную долю з агульнай колькасці злачынстваў. На сёння абсталяванне жылля і гаражоў сігналізацыяй з падключэннем да цэнтралізаванага пульта пазаведамаснай аховы з’яўляецца найбольш эфектыўным сродкам для таго, каб засцерагчы сваю маёмасць ад злодзеяў. За час сваёй работы не прыпомню выпадку, каб была абкрадзена кватэра ці дом, якія абсталяваны сігналізацыяй. Спробы былі, але нарад у лічаныя хвіліны паяўляўся на месцы злачынства. Злодзеі ведаюць гэта, таму не рызыкуюць лезці ў кватэру, якая знаходзіцца пад аховай. Калі вы пакуль вагаецеся ў прыняцці канчатковага рашэння, звярніцеся ў Лунінцы на адрас: вул. Маскоўская,18 ці патэлефануйце 3-49-00 або 3-49-01 з 9 да 18 гадзін. Вам растлумачаць усе перавагі аховы.
( Добры дзень, Уладзімір Уладзіміравіч. Ведаю, што ўлетку супрацоўнікамі штаба МУС Рэспублікі Беларусь у чарговы раз вывучалася, што думаюць пра вашу і работу вашых падначаленых простыя людзі. Вынікі гэтага анкетавання – тайна?
– Ніякай тайны няма. Мы і самі зацікаўлены ў тым, каб абнародаваць грамадскія думкі. Так, у выніку вывучэння былі атрыманы наступныя лічбы. Аператыўнасць рэагавання на звароты ў міліцыю адзначылі 71,4 працэнта рэспандэнтаў, ветлівасць і ўважлівасць – 41,2, прафесіяналізм – 28,2, абыякавасць і пасіўнасць – 19,1 працэнта апытаных. Больш як 56 працэнтаў анкетуемых адзначылі, што супрацоўнікамі міліцыі былі прыняты ўсе меры для таго, каб дапамагчы лю-дзям. Ступень поўнага даверу праваахоўнікам прадэманстравалі больш як 27 працэнтаў рэспандэнтаў. У бяспецы ад злачынных пасягальніцтваў у грамадскіх месцах адчуваюць сябе 46,7 працэнта тых, хто запаўняў анкеты.
– А ці ацэньвалася аператыўна-службовая дзейнасць?
– А як жа. Так, менавіта ў рабоце ўчастковых інспектараў 13,2 працэнта грамадзян бачаць эфектыўную прафілактыку сямейных скандалаў. Пра ліквідацыю кропак самагонаварэння ведаюць 4,6 працэнта, змяншэнне колькасці выпадкаў насілля ў сям’і адзначылі 6,1 працэнта апытаных. У той жа час абсалютна не бачаць вынікаў работы ўчастковых інспектараў 18,8 працэнта грамадзян. 27,8 працэнта тых, хто ўдзельнічаў у анкетаванні, адзначылі эфектыўнасць мер, прымаемых па барацьбе з п’янствам і самагонаварэннем, а 17,7 працэнта – ацэньваюць гэтую работу, як недастатковую. Вельмі цікавыя лічбы – па ацэнцы бяспекі дарожнага руху. Амаль 30 працэнтаў грамадзян адзначылі змяненні ў лепшы бок, 24,4 – толькі невялікае паляпшэнне. Пагоршылася абстаноўка на дарогах па меркаванню 11,7 працэнта апытаных.
Даступнымі лічаць наркотыкі на тэрыторыі раёна 9,4 працэнта праанкетаваных. Меры па барацьбе з карупцыяй задавольваюць 26,1 працэнта грамадзян.
Больш як 20 працэнтаў рэспандэнтаў своечасова атрымліваюць інфармацыю аб рабоце органаў унутраных спраў. У той жа час 31,1 працэнта – лічаць гэтую інфармацыю недастатковай. Дадам, што ў апытанні прынялі ўдзел 45,6 працэнта мужчын і 53,9 – жанчын. Сярод іх былі рабочыя, служачыя, члены сельгаскааператываў, студэнты, прадпрымальнікі і непрацуючыя грамадзяне. Варта сказаць, што ў ходзе апытання паступіла нямала заўваг і прапаноў. Грамадзяне прасілі ініцыіраваць разгляд пытання аб забароне рэалізацыі алкагольных напіткаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Міліцыя атрымала некалькі сігналаў аб неспрыяльнай сітуацыі ў сем’ях, усе яны правераны. Калі інфармацыя пацвердзілася, адразу ж былі прыняты неад-кладныя меры. Трэба сказаць, што нямала заўваг грамадзян было звязана з паляпшэннем стану вулічна-дарожнай сеткі і нармалізацыяй сітуацыі з дарожна-транспартным траўматызмам. Некаторыя з прапаноў ужо рэалізаваны. Так, абсталяваны дадатковыя пешаходныя пераходы на вуліцы Чырвоная ў Лунінцы, на Кастрычніцкай – абмежаваны хуткасны рэжым. Накіраваны прадпісанні ў дарожна-экс-плуатацыйную службу з рэкамендацыямі правядзення рамонту дарожнага пакрыцця на асобных вуліцах і ўчастках дарог.
– Хачу сказаць, што самі па сабе лічбы становяцца падставай для роздуму…
– Ведаеце, мяжы дасканаласці няма. А нам у гэтым накірунку – яшчэ працаваць і працаваць. І мы гэта разумеем. Таму вельмі зацікаўлены, каб на службу ў РАУС прыйшлі адукаваныя, кваліфікаваныя, адданыя прафесіі людзі. Запрашаем выпускнікоў школ паступаць у Акадэмію МУС РБ. Дакументы туды могуць падаваць і тыя, хто мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, аднак ва ўзросце не старэй за 25 год. Трэба быць гатовым паспяхова прайсці іспыты па беларускай ці рускай мове, грамадазнаўству і замежнай мове. Тэрмін навучання – 4 гады. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць у аддзеле кадраў РАУС па адрасе: г. Лунінец, вул. Чырвонаармейская, 4, каб. 22 ці 27. Тэлефоны: 3-21-63, мабільны – (вэлком) 715-55-05 або 358-80-34.
– А без акадэміі можна ўладкавацца да вас на службу?
– Абавязковае патрабаванне – высокія асабістыя маральныя якасці і добры стан здароўя. На пасады малодшага начальніцкага саставу запрашаем мужчын ва ўзросце да 25 год з сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, у тым ліку і без службы ва Узброеных Сілах. На пасады сярэдняга начальніцкага саставу – ва ўзросце да 25 год з сярэдняй спецыяльнай (юрыдычнай) ці любой вышэйшай адукацыяй. Афіцэраў запасу бяром без першапачатковай падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі МУС.
Пытанне ад рэдакцыі. Што хацелі б пажадаць сваім падначаленым напярэдадні знамянальнай даты – 75-годдзя з дня ўтварэння органаў унутраных спраў?
– Безумоўна, спакою. Менш будзе надзвычайных здарэнняў – паменшае работы і ў нас. Але пакуль пра гэта даводзіцца толькі марыць. А таму – вытрымкі вам, калегі, прафесійнага падыходу да самых складаных спраў, здароўя, дабрабыту. А яшчэ – надзейнага тылу ў выглядзе шчаслівых сем’яў. І са святам!
Падрыхтавала
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть