Адаптацыя і інтэграцыя дзетак, якія маюць праблемы па здароўі (Лунінецкі раён)
ЗдоровьеНовости районаОбществоОбразование

Адаптацыя і інтэграцыя дзетак, якія маюць праблемы па здароўі (Лунінецкі раён)

Неўзабаве залівістая мелодыя школьнага званка абвесціць аб пачатку новага навучальнага года. Урачыстасці чакаюць і дзетак, якія маюць праблемы па здароўі. Для іх на Лунінеччыне створаны ўсе ўмовы для сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі.

Як расказала дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ірына Яцушкевіч, усяго летась у адукацыйным працэсе былі задзейнічаны без малога адна тысяча юных землякоў, якія маюць праблемы па здароўі. Прыкладна такая ж колькасць чакаецца і сёлета.

На базе дашкольных устаноў і агульнай сярэдняй адукацыі раёна функцыянуюць групы для хлопчыкаў і дзяўчынак з цяжкімі парушэннямі мовы, а таксама групы і класы інтэграванага навучання і выхавання, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Застаецца запатрабаванай і такая форма работы, як навучанне на даму. Летась ёй былі ахоплены 52 школьнікі, паўсотні набярэцца і ў новым 2023/2024 годзе.

Акрамя таго, на базе цэнтра ў Лунінцы па-ранейшаму будуць дзейнічаць спецыяльныя дашкольныя групы і класы для выхаванцаў са шматлікімі цяжкімі парушэннямі развіцця, у тым ліку з расстройствам аўтыстычнага спектра, дэфіцытам увагі і гіперактыўнасцю. Так, сёлета за парты сядуць 24 вучні. Для іх рыхтуюцца заняткі па асновах жыццядзейнасці, гаспадарча-бытавой працы, камунікацыі і інш. Яшчэ 6 выхаванцаў будуць займацца ў дашкольнай групе. Дарэчы, не можа не радаваць і той факт, што сам-насам з праблемамі не застаюцца і самыя маленькія жыхары раёна. На раннюю комплексную дапамогу могуць разлічваць малышы да 3 год.

Нягледзячы на жыццёвыя перашкоды, у бацькоў ёсць цудоўная магчымасць даць нашчадкам як выхаванне, так і навучанне ад кваліфікаваных спецыялістаў.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть