Медагляд для навучэнцаў і дашкольнікаў па даце нараджэння
ЗдоровьеНовости районаОбщество

Медагляд для навучэнцаў і дашкольнікаў па даце нараджэння

Як матуля двух сыноў, добра ведаю, што абавязковы медагляд неабходна прайсці ў месяц іх нараджэння. Так сталася, што малодшы Міхаіл паявіўся ў жніўні – штогод «шчасціла» на небывалы ажыятаж у паліклініцы з-за вялікіх чэргаў. Бацькі з навучэнцамі і дашкалятамі імкнуліся ўзяць даведкі менавіта перад вераснем.

Сёлета сітуацыя змянілася. Новаўвядзенні папрасілі пракаменціраваць раённага педыятра Алену Новак:

– Сапраўды, да нядаўняга часу напярэдадні новага навучальнага года некаторыя мамы і таты, заклапочаныя абавязковым прафілактычным аглядам сваіх сыноў і дачушак, “штурмавалі” кабінеты ў педыятрычным аддзяленні Лунінецкай паліклінікі. Даводзілася нервавацца дзецям і дарослым. Іншы раз вялікую нагрузку адчувалі і самі ўрачы, таму што лета – перыяд чарговых водпускаў. Аднак з 2023 года ў краіне дыспансерызацыя праходзіць у новым фармаце. У адпаведнасці з Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 09.08.2022 г. №83 “Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва”, штогадовыя прафілактычныя агляды павінны закрануць усіх непаўналетніх пацыентаў. А зрабіць гэта неабходна ў месяц нараджэння хлопчыкаў і дзяўчынак. Даведка аб стане іх здароўя будзе дзейнічаць тэрмінам на адзін год.

Напрыклад, дзіця нарадзілася ў лістападзе. На працягу гэтага месяца трэба пабываць у вузкіх спецыялістаў, заверыць дакумент ва ўчастковага педыятра і прадаставіць яго класнаму кіраўніку. Да лістапада наступнага года даведка лічыцца сапраўднай. Калі ўсе мамы і таты строга прытрымліваліся б такога парадку, то ніякіх чэргаў напярэдадні 1 верасня не ўзнікала б.

Нагадаю, каб атрымаць даведку аб стане здароўя, бацькам варта падчас амбулаторнага прыёму звярнуцца да ўчастковага педыятра. Урач вызначыць, якія абследаванні трэба прайсці, здаць аналізы і чые заключэнні атрымаць. Урэшце, юнага пацыента агледзяць, дадуць рэкамендацыі, вызначаць групу здароўя. Дзіця можа наведваць установу адукацыі да заканчэння тэрміну дзеяння гэтага дакумента.

Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть