Раённы этап конкурсу “Уладар сяла” прайшоў у Кажан-Гарадку
Конкурс

Раённы этап конкурсу “Уладар сяла” прайшоў у Кажан-Гарадку

За званне пераможцы спаборнічалі тры сям’і – Іван  і Сняжана Верасы з аграгарадка Любань, Фёдар і Алена Сарока з Вулькі 1, а таксама Іван і Алена Раковічы з аграгарадка Кажан-Гарадок.

Праграма конкурсу ўтрымлівала некалькі відаў спаборніцтваў. Ад-крылася яна візітоўкай “Вітаем па-беларуску”. Нягледзячы на тое, што накірунак быў вызначаны адразу, на роднай мове звярнуцца да журы і гледачоў рызыкнула толькі сям’я Сарока, чым і зарабіла сабе дадатковыя балы, вырваўшыся наперад.

Пасля гэтага маладыя вяскоўцы спаборнічалі ў спрыце пры распілоўванні і  колцы дроў, з якіх як мага хутчэй трэба было скласці на траве слова “сям’я”. І зноў найбольш спрытнымі паказалі сябе муж і жонка Сарокі. А вось у жартоўнай “Вясковай эстафеце” з бульбай, чыгунком, віламі ды мехам зерня перамаглі Іван і Алена Раковічы.

Аднолькава высокія балы зарабілі ўдзельнікі конкурсу пры ацэнцы дасягненняў сямейнай гаспадаркі. Але калі дайшла справа да меркавання журы пра падрыхтаваныя загадзя для конкурсу “Сялянскія прысмакі” пачастункі, суддзі аднадушна аддалі перавагу гаспадыні, якая не толькі прапанавала спрадвечныя беларускія стравы, але і хораша пра іх расказала. А гаспадыняй гэтай стала Алена Сарока.

У выніку сям’я Сарока набрала найбольшую колькасць балаў – 48. На другім месцы з невялікім адрывам – Іван і Алена Раковічы, на трэцім – Іван і Сняжана Верасы. Усе сем’і атрымалі каштоўныя падарункі, пра якія паклапаціліся РКЦ №18 г. Лунінца ААТ “Бел-аграпрамбанк”, грамадскія аб’яднанні “Белая Русь” і БРСМ, раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам прафсаюза работнікаў аграпрама, прадстаўніцтва “Бел-дзяржстраху”, рэдакцыя газеты “Лунінецкія навіны”.

Конкурс прайшоў, як кажуць, на адным дыханні і прадэманстраваў галоўнае, чым ужо сёння ў поўнай меры валодаюць нашы маладыя вяскоўцы – зайздроснай жыццёвай энергіяй, імкненнем падтрымліваць адзін аднаго ва ўсіх справах і той спрадвечнай беларускай мудрасцю, якая нязменна з’яўляецца крыніцай і гаючым вытокам дабрыні.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть