Зберагаюць гісторыю энтузіясты
Культура

Зберагаюць гісторыю энтузіясты

Практычна ў кожнай вёсцы нашага раёна можна знайсці людзей, якія захапляюцца гісторыяй роднага краю. Яны па крупінцы збіраюць рэдкія дакументы, фатаздымкі, сведчанні відавочцаў, не лічачыся з уласным часам і грашовымі выдаткамі. Менавіта дзякуючы клапатлівым, неабыякавым, захопленым і шчодрым душой энтузіястам, захоўваецца для будучых пакаленняў памяць пра мінулае роднай зямлі.

На нашу сустрэчу, што адбылася ў  Рэдзігераўскім сельсавеце, ветэран педагагічнай працы Галіна ДАНІЛОВІЧ прыйшла не з пустымі рукамі. Розныя дакументы, выразкі з газет, сярод якіх мелася нямала публікацый «Лунінецкіх навін», чорна-белыя і каляровыя фотаздымкі роўнымі стосамі былі раскладзены на стале.

– Гэта – толькі частка майго архіва, а першыя дакументы паявіліся каля 30 год таму, – расказвае Галіна Міхайлаўна. – На ідэю навяла думка пра тое, што час няўмольны да людзей. Яны адыходзяць у небыццё, а разам з імі – і адрэзак гісторыі, у тым ліку нашай сям’і. Менавіта з пошуку і збору інфармацыі пра свае карані і пачалося захапленне краязнаўствам. Малая радзіма бацькі – вёска Мокіш Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці – пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І хоць жыхары пакінулі населены пункт не адразу, цяпер ён застаўся толькі ў памяці людзей. Тата – Міхаіл Архіпавіч Чэкан – 18-гадовым дабравольцам пайшоў на фронт. Наводчыку 76-міліметровай гарматы Міхаілу Чэкану напачатку ліпеня 1943-га давялося прыняць удзел у адной з вырашальных бітваў Вялікай Айчыннай вайны каля знакамітай Прохараўкі, што пад Белгарадам, якая пазней атрымала назву Курскай дугі. Артылерысты адважна ваявалі супраць фашысцкіх «тыграў» і «пантэр». За мужнасць у тых баях юнак быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Ордэнам Славы ІІІ ступені яго адзначылі за бітву пад Пяціхаткай, дзе савецкія салдаты спынілі варожыя танкі, якія прарвалі абарону. Наступнымі ўзнагародамі сталі ордэны Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга… Доўгачаканую вестку пра Вялікую Перамогу салдат сустрэў у Чэхаславакіі. А праз некаторы час яго накіравалі ў Маскву. Там 24 чэрвеня 1945-га ён удзельнічаў у Парадзе Перамогі, які стаў гістарычным. Дэмабілізаваўся праз два гады. Мірнае жыццё пачалося ў Мікашэвічах, куды накіравалі намеснікам упаўнаважанага Міністэрства нарыхтовак, прапагандыстам Ленінскага РК КП(б)Б.

Частыя паездкі і пешыя падарожжы па раёне, сустрэчы з мясцовым насельніцтвам сталі часткай яго жыцця, – успамінае  Галіна Міхайлаўна. – Пасляваенны час быў вельмі цяжкім. Разбуральная вайна пакінула свае жорсткія шрамы на беларускай зямлі. Паходы на хутары і ў вёскі станавіліся небяспечнымі, таму што ў лясах яшчэ хаваліся бандыты…

Менавіта ў Мікашэвічах Міхаіл пазнаёміўся з бібліятэкарам, рускай дзяўчынай Лідзіяй Драбновай, з якой аб’ядноўвала нямала агульнага. І, у першую чаргу, ваеннае мінулае. У гады вогненнага ліхалецця разам са старэйшай сястрой Серафімай Лідзія вывозіла параненых салдат з фронта на санітарным цягніку. Неўзабаве пасля вяселля маладая сям’я па накіраванню Камуністычнай партыі пераехала на Далёкі Усход. У Мікашэвічы яны вярнуліся ў 1956-ым мнагадзетнымі бацькамі.

Інструктар райкама КПБ М.А. Чэкан арганізоўваў калгасы па ўсім тагачасным Ленінскім раёне Пінскай вобласці. У адну з такіх гаспадарак – рэдзігераў-скія «Запаветы Ільіча» – пазней яго накіравалі намеснікам старшыні. З той пары жыццё сям’і назаўжды пераплецена з гэтым краем.

– Тата заўсёды вельмі адказна і сумленна ставіўся да сваёй справы, знаходзячы нязменную падтрымку і разуменне ў мамы, – расказвае дачка. – Жылі мы небагата, а ўласнае жыллё ў сям’і з’явілася тады, калі старэйшыя дзеці – браты Вячаслаў і Сяргей, сястра Святлана – ужо заканчвалі школу. Праўда, матулі нядоўга наканавана было гаспадарыць у гэтай хаце. Яе не стала пасля цяжкай, невылечнай хваробы.

Шаснаццацігадовая Галіна пасталела вельмі хутка. Старэйшыя дзеці, на той момант ужо студэнты, імкнуліся, як мага часцей бываць у бацькоўскім доме. А на далікатныя плечы маладой дзяўчыны ляглі ўсе хатнія клопаты, якім яна прысвячала вольны ад школьных заняткаў час. Клопат пра тату прымусіў перагледзець планы на будучыню. Адразу пасля атрымання сярэдняй адукацыі яна ўладкавалася ў родную школу. Успамінаючы той перыяд, зараз самой не верыцца, што ўчарашняй школьніцы даручылі выкладанне матэматыкі і класнае кіраў-ніцтва. А яе выхаванцы, многія з якіх былі малодшымі за Г.М. Даніловіч усяго на пару год, заўсёды ўважліва слухалі сваю маладую настаўніцу. Хутка Галіна стала студэнткай дзённага ад-дзялення Брэсцкага педінстытута.

– А ў лістападзе выйшла замуж, – вяртаецца ў мінулае настаўніца. – Маім выбраннікам стаў адзін з сяброў старэйшага брата Сяргея. Выхадзец з Вічына прыехаў у рэдзігераўскую гаспадарку ветэрынарам. Андрэй вылучаў мяне ненадакучліва, прывозіў незвычайныя букеты кветак. А перад рэгістрацыяй шлюбу нават наведваў заняткі па вальсе ў клубе, каб быць на вышыні падчас урачыстасці. Сёлета наша сям’я ад-святкуе рубінавае вяселле.

Будучае працягваецца ў дзецях. Сын Андрэй жыве з сям’ёй у Жыткавічах, працуе начальнікам участка маторнага завода. Дачка Ірына асталявалася ў Сінкевічах, яна – эканаміст РУВП «Граніт». Тамара пераехала ў Вічын, прысвяціла сябе медыцыне.

– Дзеці зрабілі нас дзядулем і бабуляй цудоўных унука і 4 унучак, – кажа Галіна Міхайлаўна. – Назіраючы, як яны растуць, у каторы раз радуюся, што ў свой час стала займацца гісторыяй свайго роду і краю.

Сёння мясцовы краязнаўца “аднаўляе” гісторыю Рэдзігерава. Сучасная камп’ютарная тэхніка і доступ да інтэрнэта толькі палегчылі даследчую работу і пашырылі кола інтарэсаў. Гэтак жа, як калісьці прысвячала сябе вучням і школе, на заслужаным адпачынку з галавой ахунулася ў мінулае родных мясцін. Распытвае старажылаў, сістэматызуючы атрыманую інфармацыю, цікавіцца ўраджэнцамі краю, сярод якіх нямала знакавых асоб, знаёміцца з дамашнімі архівамі аднавяскоўцаў, занатоўваючы ў камп’ютарных архівах фотаздымкі, піша замалёўкі пра салдат Вя-лікай Айчыннай – жыхароў населеных пунктаў Рэдзігераўскага сельсавета, марыць пра напісанне кнігі…

У планах у Г.М. Даніловіч – мноства ідэй і задумак. Гэта дзякуючы ёй і такім, як яна, гісторыя ажывае і становіцца часткай сучаснасці, вучыць нас усведамляць, што малая радзіма – гэта не проста прыгожыя месцы, а край, якім трэба ганарыцца!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть