Клубніцы і не толькі…. Лунінчанка ў тэлепраграме Андрэя Малахава. Падрабязнасці
2023 - Год мира и созиданияКультураМикашевичиНовости районаОбщество

Клубніцы і не толькі…. Лунінчанка ў тэлепраграме Андрэя Малахава. Падрабязнасці

У праграме Андрэя Малахава 3 верасня  на тэлеканале «РТР-Беларусь» зноў пабачым нашых землякоў. На гэты раз у Маскве пабывала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці аг. Вулька 1 Лунінецкага раёна Вольга Мелюх.

Відэа па спасылцы

Прызнацца, калі гутарылі з Андрэем Канапацкім, які вясной гасцяваў у кінастудыі імя Горкага, міжволі падумаў, што менавіта Вольга Фёдараўна стане наступным візіцёрам – значную ж пад-трымку і дапамогу аказала тады.

– З Андрэем Канапацкім і здымачнай групай канала “Расія” цэлы дзень па раёне каталіся, каб сюжэт прыгожы зрабіць. І буслоў паказаць, і аб нашай роднай старонцы расказаць, – узгадвае зямлячка. – Тады і заўважылі мяне масквічы. Літаральна праз некалькі дзён патэлефанавалі і прапанавалі прыехаць.

Была запланавана перадача з удзелам Таццяны Буланавай і яе вяселлем. Аднак, за дзень да вылету папярэдзілі, што выпуск па незалежачых ад творчай групы прычынах адмяняецца.

– Прызнацца, нават заспакоілася. Відаць, так лепш. А калі напрыканцы мінулага тыдня зноў звярнуліся рэдактары і сказалі, што едуць да мяне здымаць, зразумела, што лёс не падманеш. Спраўдзілася мара дачкі Наталлі, яна ж таксама пісьмо ў Маскву пісала, каб я трапіла на перадачу. Дарэчы, менавіта яна аказала асноўную падтрымку ў паездцы, яна ж была самым галоўным і строгім гледачом у студыі.

Здымкі ў Вульцы 1 прайшлі лёгка. Вольга Фёдараўна вельмі хацела, каб расказалі пра работу, вяскоўцаў, якія захоўваюць традыцыйную культуру, аднак рэдактарская група была непахіснай. На гэты раз тэмай перадачы выбралі лёсы і гісторыі людзей – таму ў кадры расказвалі пра зямлячку. Пераказваць сюжэт не буду – самі паглядзіце! Калі? Абавязкова паведамім на старонках раёнкі напярэдадні выхаду ў эфір.

– А ў пачатку гэтага тыдня з дачкой паляцелі ў Маскву на запіс перадачы. Усё было добра, але пад Мінскам зразумела, што забыла адну вельмі важную рэч, якую падрыхтавала для Андрэя Малахава. Часу на роздум не было, сітуацыю трэба было выпраўляць. Дзякуй добрым людзям, якія дапамаглі. Сюрпрыз атрымаўся!

Расказваючы пра вядучага, вочы Вольгі Фёдараўны запальваюцца незвычайным бляскам. Яна параўноўвае Андрэя з анёлам, які вылучае дабрыню і святло. Пра гэта жанчына сказала Малахаву, калі той запрасіў яе на танец.

– І наогул, уся каманда ў яго падабралася выдатнейшая! Павага да людзей, пад-трымка ад кожнага на ўсіх этапах. Нават пра самыя малыя дробязі забываеш, усё настолькі прадумана! Сцэнарыю ў перадачы няма, нікога не спыняюць, дазваляюць гаварыць, колькі хочаш…

– Няўжо Вольга Фёдараўна і вас, быццам таго Астапа, “панесла”?

– Куды там, – смяецца. – Мне даверылі выступаць першай. Так адказна было і хвалююча. Разумела, што трэба “запаліць” залу, зарадзіць энергіяй, каб перадача “пайшла”.

– Атрымалася?

– А інакш і быць не магло! Хаця, здавалася, быццам знаходжуся ў іншым вымярэнні. Паўсюль камеры, усё свеціцца. Старалася не глядзець на іх, каб не збівалі. Выканала песню, а потым з падарункаў, якія прывезла, зрабіла шоу! А там былі і смачныя караваі, і вяленыя памідоры (хіба ж далёка ў нас да Італіі), і саламяныя лапцікі для ўсіх удзельнікаў перадачы… Сюрпрыз зрабіла і любімаму мужчыне №2. Цікава, ці здагадаюцца чытачы да выхаду перадачы, хто гэта?

– Ведаю, што і “брэнд раёна” прэзентавалі ў Маскве…

– Калі перадавала клубніцы – нашы, сапраўдныя, сакавітыя і духмяныя, Андрэй Малахаў здзівіўся. Сам паспрабаваў і гасцям студыі даў паласавацца.

– А што спявалі?

– Давайце не будзем расказваць, тады цікавей глядзець будзе. Скажу толькі, што падчас уручэння падарункаў выканала куплет песні на роднай мове. Вельмі хацела, каб жывы голас пачулі: я ж – народніца. Больш як 35 год у сферы культуры працую. Пазней жанчына-ўдзельніца падышла і сказала: “Вы так прыгожа праспявалі на нейкай цудоўнай, мілагучнай, замежнай мове”. А за сталом выканала раманс сваёй маладосці. Многія яго чулі ўпершыню.

На памяць пра перадачу засталося мноства фотаздымкаў і новых кантактаў. Цікавы факт: калі ў маскоўскім аэрапорце пачулі, што Вольга Мелюх вяртаецца са здымак перадачы Андрэя Малахава, незнаёмыя людзі прасілі сфатаграфавацца з нашай зямлячкай. Значыць, яна таксама зорка! Няхай сабе і з маленькай вёскі каля райцэнтра.

Аляксандр КОЎКА

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 

Теги


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть