Чароўнае свята для самых, самых, самых
Якое дзіця не марыць пра цуды перад Новым годам? Але іншы раз мнагадзетныя і малазабяспечаныя сем’і з-за матэрыяльных праблем не ў стане падарыць сваім крывіначкам навагоднюю казку. Нярэдкія выпадкі, калі дзецям замест падарункаў даводзіцца чуць п’яную лаянку, бачыць бойкі і нецвярозых бацькоў.
Які Новы год можна ўявіць без Дзеда Мароза і Снягуркі? Гэтыя казачныя героі паднімаюць настрой не толькі дзецям, але і дарослым, ствараючы атмасферу свята і чараўніцтва. Супрацоўнікі «Лунінецкіх навін» разам з прадстаўніцамі ГА “Беларускі саюз жанчын” чарговае падарожжа ажыццявілі ў Велуту. Спачатку завіталі ў паштовае аддзяленне, каб павіншаваць з навагоднімі святамі сувязістаў, якія з’яўляюцца надзейнымі партнёрамі “раёнкі”. Начальнік аддзялення Тамара Курак расказала, што напярэдадні навагодніх святаў, як заўсёды, работы прыбаўляецца, але гэта ніколькі не пагаршае настрой. Яна ж падказала, як праехаць па вызначаных адрасах.
Сям’я Алены і Аркадзя
Арэхваў, якія працуюць у СВК “Велута” жывёлаводамі, жыве ў доміку, які выдзелены мнагадзетнай сям’і гаспадаркай у 2007 годзе. Дагэтуль туліліся ў невялікай бацькоўскай хаце на ўскрайку вёскі. Цяпер жа лічаць, што ў іх сапраўдныя “харомы” – 4 пакоі.
На парозе нас сустрэў бацька сямейства і запрасіў у дом. У прыхожай адчулі пах дыму.
– Не палохайцеся, – супакоіў Аркадзь. – Гэта нашы гаспадынькі дранікі смажылі. Жонка разам з малодшым Мікітам зараз на ранішніку ў школе. Вось дзяўчынкі і стараюцца па меры магчымасці дапамагаць.
На парозе пакоя паявіліся дзве прыгажуні – 14-гадовая Анастасія і 13-гадовая Вікторыя. Зараз дзяўчынкі на канікулах, але не сумуюць. Малодшая ходзіць на рэпетыцыі ў сельскі дом культуры, з задавальненнем наведвае і секцыю па баскетболе. Дзевяцікласніца Настачка аддае перавагу дыскатэкам і не ўпускае шанц адпачыць, калі дазваляюць бацькі. У школе вучыцца нядрэнна і марыць стаць настаўнікам або бухгалтарам.
Калі даведаліся, што да іх у госці завіталі прадстаўнікі “раёнкі”, то нават узрадаваліся, бо “Лунінецкія навіны” заўсёды выпісваюць і з задавальненнем чытаюць…
Жыве ў Велуце і ся-
м’я Хлуд, у якой таксама выхоўваюцца трое дзетак. Яшчэ ў двары дома заўважылі, што асаблівай дбайнасцю гаспадары не вызначаюцца. Тая ж карціна была і ў самой хаце. Хаця невялікі атрыбут Новага года – упрыгожаныя яловыя галінкі нагадвалі пра свята, але яны губляліся на фоне зламанай мэблі і неахайнасці.
Гаспадыня Аксана і яе муж Аляксандр снедалі за сталом, а 6-гадовы Максімка гуляўся ў пакоі. Заўважыўшы Дзеда Мароза і Снягурку, малыш спалохаўся і схаваўся. Яго нават не прывабілі навагоднія падарункі. Як расказала жанчына, хлопчык нарадзіўся з пнеўманіяй лёгкіх. Пазней выявілі і іншыя хваробы, якія хутчэй за ўсё не дазволяць пайсці ў звычайную школу, куды ходзяць яго сястрычка Крысціна (7 клас) і брацік Дзмітрый (4 клас). На момант нашага візіту дзяўчынка была на ранішніку ў школе, а хлопчык – у бабулі.
– Максімка, давай я цябе сфатаграфую, – звярнулася да малыша. – І фотаздымак пакажу.
Спачатку ідэя спадабалася хлопчыку, але, як толькі ўбачыў сябе на фота, па-прасіў закрыць і паспяшаўся развітацца з гасцямі.
Павіншаваўшы з Новым годам і пажадаўшы не губляць надзеі ў выздараўленне Максімкі, паспяшаліся развітацца і мы…