Таленты Лунінеччыны: Людміла Швед
Адбылася чарговая сустрэча ў народнай паэтычнай студыі «Муза» пры гарадскім Доме культуры. На гэты раз удзельнікі і госці знаёміліся з талентам нашай зямлячкі Людмілы Андрэеўны Швед, увасобіўшай у сабе шматгранны творчы патэнцыял настаўніцы, педагога-лагапеда, спявячкі з шырокім вакальным дыяпазонам і, нарэшце, адкрыўшай у сабе талент мастачкі з непаўторным жанрам.
Мы, госці, ўвачавідкі прыкмячалі
Вялікі талент сціплае жанчыны,
К таму ж усенародна адзначалі,
Што не прызнаць усё гэта немагчыма.
Чароўны пэндзаль у яе руках,
Ці спрытны рух звычайнага алоўка,
Ствараюць вобразы, якія на вачах
Характары нам адкрываюць лоўка.
Цудоўны жанр мастачкі-педагога
Падкрэслівае моманты, імгненні,
Якія пражыла на міласць бога
На скрыжаваннях лёсу ў цярпенні,
З пяшчотай, з міласэрнасцю вялікай,
Што ўласціва мабыць ёй адной,
Душой багатай і душой адкрытай,
Таленавітай, творчаю душой.
Хай талент твой, шаноўная Людміла,
Пачэснае цяпер займае месца.
Прасвядную ўзгадаваўшы ніву,
Больш расквітнее, шырай разаўецца.
Трэба адзначыць і высокі творчы ўзровень падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства кіраўніком «Музы» Галінай Рыгораўнай Абрамчук. Прадстаўляючы кожную карціну мастачкі-дэбютанткі, Галіна( сама таксама піша карціны!),бы прафесійны крытык, па-майстэрску апісвала эмоцыі, якія выклікалі вобразы і партрэты на карцінах. Сама дэбютантка адзначыла, што гэта яе першая выстава карцін, і іх толькі палова на гэты раз, але абавязкова прэзентуе ў будучым усе свае работы. Вялікую пашану і ўдзячнасць выказвалі мастачцы ўдзельнікі мерапрыемства, чыталі прысвечаныя ёй вершы, здумоўвалі сумеснае супрацоўніцтва ў мінулым, адлюстроўвалі свае ўражанні ў прыгожым памятным сшытку. Творчасць Людмілы Андрэеўны падтрымліваюць сыны, нявесткі, дачка, зяць і шматлікія ўнукі, якімі вельмі ганарыцца наша таленавітая зямлячка. Сустрэча атрымалася насычаная, душэўная, на высокім узроўні.
Валянціна Трухнова