Купальскія чары
На маляўнічым беразе ракі Цна ў Дварцы прайшло святкаванне самага загадкавага і чароўнага вечара, у які здараюцца цуды і збываюцца мары.
Па шматлікіх легендах ноч на Купалле валодае незвычайнай сілай, калі казачныя героі ўвасабляюцца ў рэальнасць і хо-дзяць па свеце. Ведзьмакі імкнуцца нарабіць шкоды, але на абарону прыходзяць станоўчыя персанажы. Яны дапамагаюць людзям знайсці папараць-кветку, якая ўвасабляе самае светлае.
Работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама падрыхтавалі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне. Дзяўчаты паявіліся ў нацыянальных уборах і прыгожых вянках з кветак. Неўзабаве апусцілі іх на павольную плынь ракі ў чаканні шчасця і здзяйснення сардэчных жаданняў.
На імправізаванай сцэне выступілі шматлікія фальклорныя калектывы раёна. На фоне яркай зеляніны шыкоўныя касцюмы артыстаў глядзеліся вельмі незвычайна, галасы набывалі асаблівы тэмбр і меладычнасць. Не дзіўна, што цікавая праграма вечара сабрала многа гасцей, пляцоўка на ўзбярэжжы ракі агучылася вясёлым смехам дзяцей і дарослых.
Усе з нецярпеннем чакалі, калі ўспыхне вялікае вогнішча – галоўны атрыбут свята. І вось у цемры паяўляецца факел, іскры слупом узнімаюцца ў неба. І святлее навокал. Утульней і цяплей стала ў душы кожнага, хто жыве з верай у лепшае, кахае і марыць. Жартоўны карагод сабраў разам зусім незнаёмых хлопцаў і дзяўчат, якія, быццам даўнія сябры, пад цудоўную музыку дружна спявалі і танцавалі.
Па сцэнарыю чароўную папараць-кветку знайшоў толькі адзін юнак. Але хочацца верыць, што на імгненне яна паказала сваё дзіўнае аблічча многім маладым сэрцам, якія чакалі гэтага і верылі ў незвычайнае. Няхай збудуцца ўсе жаданні, якія хвалююць, ярка палае агеньчык надзеі, і кожны з нас абавязкова стане шчаслівым!