Адвыклі мы ад снежных зім і веснавога разводдзя// Вялікая вада на Палессі
МикашевичиНовости районаОбщество

Адвыклі мы ад снежных зім і веснавога разводдзя// Вялікая вада на Палессі

Вёска Дзятлы, ні ў якім разе не блытаць з Дзятлавічамі, уваходзіць у склад Дварэцкага сельскага Савета Лунінецкага раёна і размешчана, бадай, у самым маляўнічым і прыгожым месцы – на беразе паўнаводнай рачулкі як калісьці пісаў Уладзімір Караткевіч з “непрыгожай” назвай Смердзь. Сёння тут пражываюць 12 чалавек.

За Любачынам мінаем масток і трапляем у сапраўдную беларускую Венецыю – рака разлілася, утварыўшы ціхія завадзі. З вады, нібыта чорныя агаркі свечак, тырчаць камлі дрэў. Хутка расліннасць зазелянее, аздобіўшы наваколле ізумрудным колерам вясны і жыцця. Далей на машыне ходу няма. Нехта з кемлівых вяскоўцаў, каб дабрысці да сваёй сядзібы, пралажыў кладку. Як сапраўдныя палескія рабінзоны, пераскокваючы з дошкі на дошку, накіроўваемся да бліжэйшай хаты, што месціцца на ўзгорку. Напэўна, ніхто з чужых тут асабліва не з’яўляецца, таму, заўважыўшы няпрошаных гасцей, насустрач нам са свайго падворка шпацыруе гаспадар. Павітаўшыся, мужчына жартам канстатуе, што без гумавых чобатаў наўрад ці пройдзеш. Аказалася, што суразмоўцу завуць Мікалай Капылец. Ён нарадзіўся ў Дзятлах і пражыў тут усё жыццё.

– Гэта хата маіх бацькоў, – кажа вясковец. – Тут і я асталяваўся, нікуды не паехаў. Каля сарака гадоў адпрацаваў ва-дзіцелем у мясцовым калгасе. На ГАЗ-53 перавозіў збожжа, зерне кукурузы, сянаж, іншыя грузы. З’ездзіў увесь раён уздоўж і ўпоперак. Жонка шчыравала на ферме, даіла кароў. Разам выгадавалі траіх дзяцей. Зараз унукі падсабляюць. Дзеду з бабай прадуктаў з крамы прынясуць, адведаюць, абавязкова пацікавяцца, як маемся.

Мы стаім і размаўляем на прасёлкавай дарозе, праз якую бурным ручаём бяжыць мутная вада ў агарод вяскоўца, добрая частка якога ўжо падтоплена. Толькі невялікі лапічак зямлі застаўся з клубніцамі.

– Дык гэта яшчэ не паводка, – спакойна разважае зямляк. – Адвыклі мы ад снежных зім і веснавога разводдзя, калі сапраўды залівала. Хаця і зараз вада прыбывае. Думаю, што агарод давядзецца садзіць напрыканцы мая – у пачатку чэрвеня, раней не ўлезеш - Палессе.

Мікалай Іванавіч расказвае, што ў Дзятлах засталося некалькі жылых хат.

– Раней гэта хутар быў, а цяпер вёска, – кажа мужчына. – Чаму такая назва? Дакладна не ведаю. Мажліва, дзятлаў шмат у гэтых мясцінах гнездавалася, вось і пачалі так называць. А птушак гэтых тут і зараз хапае. Летам толькі і чуеш, як дзесьці раздаецца раўнамернае тук-тук. Прыгледзішся, а ён сядзіць на сасне і дзяўбе сабе, шукаючы караедаў – лясны доктар. Увогуле, ціха тут, спакойна і прыгожа.

Мясціны і сапраўды чароўныя. Сядзібы стаяць на ўскрайку сасновага бору, што багаты на грыбы ды ягады. Дастаткова выйсці за брамку і ўжо збірай баравікі ці чарніцы, толькі не лянуйся, крамяныя самі лезуць у кошык. Дзеці Мікалая Іванавіча таксама жывуць у вёсцы. Сын побач – у суседнім Любачыне, адна дачушка – у Вульцы 2, другая крыху далей – у Мар’інай Горцы. Але дарогу да бацькоўскага парога ніколі не забываюць. Вабяць да сябе Дзятлы, наталяюць сілай і пяшчотай роднай зямлі.

Кацярына Яцушкевіч.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram




Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть