Лунінчане сталі курсантамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь
МикашевичиНовости районаОбществоПрисяга

Лунінчане сталі курсантамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь

Якое яно, курсанцкае жыццё, зведалі маладыя людзі, якія не пабаяліся ўзяць на плечы падвоеную нагрузку. Курсантамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь сёлета сталі Іван Калянковіч з Ракітна, Дзмітрый Вячорка з Краснай Волі, Руслан Сеідаў з Міжлесся, а таксама лунінчане Крысціна Канапацкая і Міхаіл Бачароў.

Усе яны паспяхова здалі першую сесію і завіталі на малую радзіму ў водпуск. Некаторыя паспелі пабываць у школах з прафарыентацыйнай мэтай. За непрацяглы час юныя землякі праявілі сябе ў службе і вучобе, ганарацца спартыўнымі дасягненнямі. Наш дыялог пачаўся з пытання, як і чаму яны зрабілі выбар прафесіі на карысць абаронцаў Айчыны.

Прагучалі розныя варыянты. Хлопцы заўважылі, што сярод іх знаёмых і сяброў многа хто вучыцца на афіцэраў. Менавіта іх прыклад яны ўзялі для пераймання. Так, Іван і Дзмітрый выбралі факультэт ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення, Крысціна і Руслан – факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм упраўлення, Міхаіл – факультэт ваеннай разведкі.

– Шчыра прызнацца, бацькі спачатку не згадзіліся з маім рашэннем звязаць сябе з армі-яй, – зазначыла дзяўчына. – Маўляў, не жаночая справа, вельмі складаная. Між тым, Ваенную акадэмію лічу прэстыжнай ВНУ, і не склала цяжкасці пераканаць у гэтым сям’ю. Блізкія падтрымлівалі, калі праходзіла медыцынскі агляд, псіхалагічны адбор і праверку ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі. Іншы раз здавалася, што яны больш хваляваліся, чым я. Курсанцкую форму апранула крыху пазней за іншых – залічэнне ішло дадатковым наборам, калі курс маладога байца практычна падыходзіў да завяршэння.

– Нашы камандзіры любое практыкаванне па фізічнай, страявой, агнявой і тактычнай падрыхтоўцы паказваюць бездакорна, – падкрэсліў Іван. – Міжволі закрадвалася думка: колькі ж нам трэба трэніравацца, каб стаць падобнымі на іх? Але мы з таварышамі стараліся. Паступова ўсё давалася лягчэй. Выконваць распарадак дня, актыўна працаваць на занятках, строга захоўваць воінскую дысцыпліну і падтрымліваць унутраны парадак – усё ўвайшло ў звычку. Неўзабаве ў нас сфарміраваўся паўнавартасны калектыў, у якім пануюць выручка, узаемадапамога і павага.

– Яшчэ адзін важны момант: у Ваеннай акадэмii вялiкую ўвагу надаюць рознабаковаму развіццю кожнага курсанта, – дадаў Руслан. – Мы рэгулярна наведваем на бясплатнай аснове канцэрты, выставы, тэатры, спартыўныя спаборніцтвы. А ўсе заняткі праходзяць з выкарыстаннем найноўшых камп’ютарных тэхналогій, узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, трэнажораў, вучэбна-трэніровачных комплексаў. Ёсць магчымаць прайсці навучанне і атрымаць адпаведныя дакументы па кіраванні транспартнымі сродкамі катэгорыі “В” і “С”.

– Цвёрда перакананы ў тым, што зрабіў правільны выбар! – рашуча дадаў Міхаіл, якога ўжо заахвоцілі Граматай за выдатныя вынікі, стараннасць і ініцыятыву. – Пакуль будучыя студэнты грамадзянскіх ВНУ набіраліся сіл перад навучальным годам, мы ўжо на ўсю моц спазнавалі азы маючай адбыцца службы. З пачатку жніўня прайшлі курс маладога байца. Былі заняткі па ваеннаму праву, тактычнай, страявой і агнявой падрыхтоўках, агульнавоінскіх статутах. З першых хвілін быў акружаны клопатам сваіх камандзіраў. Яны – розныя па знешнасці і характарах, але кожнага аб’ядноўваюць прафесіяналізм і агульная мэта – выхаваць курсантаў мужнымі, упэўненымі ў сабе, падрыхтаваць маральна і фізічна да далейшай службы.

Падчас нашай гутаркі курсанты не забылі зрабіць акцэнт на перспектывах, якія адкрываюцца перад выпускнікамі. Гэта годныя заробкі, сацыяльныя гарантыі, прывілеі для вырашэння жыллёвага пытання, рост па кар’ернай лесвіцы. Пройдзе час, і выпускнікам Івану Калянковічу, Дзмітрыю Вячорку, Крысціне Канапацкай, Руслану Сеідаву і Міхаілу Бачарову заслужана ўручаць лейтэнанцкія пагоны. Веру, што яны стануць высакакласнымі спецыялістамі. Выбар на карысць ваеннай справы датычыць не толькі маладых людзей. Ён непарыўна звязаны з сям’ёй, бо ў любы момант людзі ў пагонах абавязаны стаць на абарону сям’і, дзяржавы, Радзімы.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ. Фота аўтара.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть