Медработнікі Лунінеччыны, рамонты і абсталяванне на мільёны рублёў
МикашевичиНовости районаОбщество

Медработнікі Лунінеччыны, рамонты і абсталяванне на мільёны рублёў

Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў сустрэліся з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Святланай ХЛЕБУС. Дарэчы, сёлета Святлану Іванаўну ўзнагародзілі Ганаровым нагрудным знакам «Праца ў імя жыцця». Вось што яна расказала:

– Усяго ў медыцыне задзейнічаны 1605 чалавек, з іх – 212 урачоў і 767 – сярэдняга персаналу. Амбулаторна землякі могуць звярнуцца ў дзве паліклінікі, 15 амбулаторый урача агульнай практыкі, з якіх 4 дзейнічаюць пры ўчастковых бальніцах, і 24 ФАПы. Стараемся, каб нашы ўстановы адпавядалі самым сучасным патрабаванням, а калектывы працавалі на адну мэту – аказанне кваліфікаванай якаснай дапамогі.

Што датычыць бягучых спраў, то, як і зазначыў Прэзідэнт краіны, вялікую ўвагу надаем тэхнічнаму стану аб’ектаў у населеных пунктах раёна. Хачу падзякаваць кіраўнікам прадпрыемстваў, якія ідуць насустрач у вырашэнні хвалюючых пытанняў. Паспяхова функцыянуе кабінет камп’ютарнай тамаграфіі. Яго тэхналагічнае абсталяванне дазваляе праводзіць дыягностыку пры захворваннях на каронавірусную інфекцыю і анкалогію, паталогіях сардэчна-сасудзістай сістэмы… У цяперашні час рыхтуецца дазваляльная дакументацыя на адкрыццё новага рэнтген-кабінета ў Лунінецкай паліклініцы. Сродкі, затрачаныя з раённага бюджэту на яго ўладкаванне, перабольшылі 500 тысяч рублёў, а вось набыццё апарата “Уніэксперт-2плюс” адбылося, дзякуючы фінансавай падтрымцы з рэспублікі і ад мясцовай улады. Акрамя таго, пачаты работы па рэканструкцыі кіслародна-размеркавальнай станцыі з устаноўкай канцэнтратара. Грошы на гэтыя мэты ў суме без малога 3 мільёны рублёў выдзеліла вобласць. Да таго ж сёлета ў канцы года ці пачатку наступнага запланавана ўстаноўка новых мамографа і флюрографа, а таксама мадэрнізацыя кабінетаў пад названыя апараты.

Як і ў іншых калектывах, у нас ёсць свае слаўныя традыцыі. Адна з іх – “Дошка гонару”, якую нядаўна абнавілі. Наведвальнікі ў фае змогуць убачыць партрэты ўрачоў агульнай практыкі Наталлі Заступневіч і Таццяны Віднікевіч, хірурга лячэбнага корпуса Міхаіла Раковіча, нефролага Алены Казун, рэнтгенолага Эміліі Дамашэвіч, педыятра Уладзіслава Крывапуста, кардыёлага Ірыны Клюка, нарколага Алены Качановіч, урача па медыцынскай прафілактыцы Жанны Кулеш, медсястры ўльтрагукавой дыягностыкі Таццяны Якушавай, фельчара-лабаранта Людмілы Вайцяхоўскай, старшай медсястры Лунінецкай паліклінікі Кацярыны Антановіч, загадчыкаў амбулаторый: у Луніне – Алены Мацкевіч, у Вульцы 2 – Вольгі Насковіч, а таксама ФАПаў: у Сітніцы – Марыны Царыкевіч, Міжлессі – Аляксея Бусько, медсястры агульнай практыкі Лахвенскай амбулаторыі Людмілы Трухановіч, памочніка ўрача ў Яз-вінках Дар’і Іовіч, начальніка аддзела кадраў Алены Глінка і загадчыцы гаспадаркі Мікашэвіцкай бальніцы Ларысы Чырэц.

Насычанай на цікавыя мерапрыемствы з’яўляецца работа прафсаюзнага камітэта. Вандроўкі па прыгожых і памятных мясцінах, спартыўныя спаборніцтвы, турыстычныя злёты – усюды гучаць імёны лунінецкіх медыкаў. Гэта пацвярджае, што нашы ўрачы і медсёстры не толькі ўмеюць працаваць, але і адпачываць! Асобны накірунак у дзейнасці – па лініі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Пярвічную арганізацыю ўзначаліла тры гады таму. На гэтай ніве таксама ёсць чым ганарыцца.

Ад душы віншую ўсіх медыцынскіх работнікаў і дзякую за плённую працу, уменне суперажываць і змагацца да апошняга. Няхай хапае сіл пачынаць кожную змену з усмешкай! Няхай блізкія акружаюць вас увагай і клопатам, а калегі падтрымліваюць і дапамагаюць! Будзьце вернымі выбранай справе, адданымі пацыентам і імкніцеся да прафесійных вышынь! Са святам!

Наталля Паўлюкевіч

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть