Неплацельшчыкі аліментаў у Лунінецкім раёне: ад спагнання ў судовым парадку да крымінільнай адказнасці
МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

Неплацельшчыкі аліментаў у Лунінецкім раёне: ад спагнання ў судовым парадку да крымінільнай адказнасці

Бацькі абавязаны клапаціцца пра сваіх дзяцей, нават калі іх сямейны саюз распаўся. На жаль, ідэальна завяршыць сумеснае жыццё атрымліваецца не заўсёды. І адказнасць за свайго сына ці дачушку чамусьці мае патрэбу ў доказах. Аб гэтым вядзем гутарку са старшым памочнікам пракурора Лунінецкага раёна Ганнай ПЕНЕР:

– У нейкім сэнсе сапраўды становіцца дзіўна, калі ў рабоце сутыкаемся з упартымі неплацельшчыкамі аліментаў. Няўжо здаровыя, адэкватныя бацькі насамрэч не могуць зразумець простай ісціны – яны па законе абавязаны выхоўваць і фінансава ўтрымліваць нашчадкаў, ажыццяўляць догляд за імі, забяспечваць абарону правоў і інтарэсаў. Тым не менш, такіх “герояў” нямала. Сродкі на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей у іх спаганяюцца ў судовым парадку.

– У якім памеры?

– На аднаго сына ці дачку – 25 працэнтаў заробку ў месяц, на дваіх – 33, на трох і больш – 50 працэнтаў даходу. Пры гэтым для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў павінен складаць не менш як 50 працэнтаў на адно дзіця, 75 – на дваіх, 100 – на траіх і больш ад бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Алі-менты ўплачваюцца ў добраахвотным парадку ці шляхам утрымання з заработнай платы па месцы работы або атрымання пенсіі, дапамогі, стыпендыі, ажыццяўлення іншых выплат.

– Што пагражае тым, хто адмаўляецца плаціць?

– Сур’ёзныя наступствы чакаюць кожнага, хто ўступіць у канфлікт з законам. У частцы 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь змешчаны прававыя гарантыі, накіраваныя на забеспячэнне абароны інтарэсаў дзяцей. У адпаведнасці з ёй, прадугледжана крымінальная адказнасць за ўхіленне бацькоў больш як 3 месяцы на працягу года ад уплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Фігурантам падобных спраў пагражаюць грамадскія ці выпраўленчыя работы на тэрмін да 2 год, арышт ці абмежаванне свабоды да 3 год, пазбаўленне волі да 1 года. Куды больш жорсткім будзе новае пакаранне для бацькоў, якія ўжо мелі аналагічныя судзімасці раней.

Прывяду прыклад. У рады аліментшчыц 47-гадовая жыхарка адной з вёсак Лунінеччыны трапіла ў канцы 2020-га. Суд вызначыў, што яна абавязана ўплачваць сродкі на ўтрыманне непаўналетняга сына ў памеры 25 працэнтаў усіх відаў заробку штомесяц. Аднак выплаты ішлі не рэгулярна і не ў поўным аб’ёме. Добраахвотнай матэрыяльнай і іншай дапамогі гора-маці не аказвала, на пісьмовыя папярэ-джанні супрацоўнікаў аддзела прымусовага выканання аб працаўладкаванні і пагашэнні запазычанасці не рэагавала. Заробкі, якімі перабівалася час ад часу, траціла выключна на сябе: патрэбы сына ў планы не ўваходзілі. Доўг вырас да 3 тысяч рублёў. Улічваючы, што больш як 3 месяцы на працягу аднаго года жанчына ўхілілася ад уплаты аліментаў, гэта стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Як вынік – пакаранне ў вы-глядзе 240 гадзін грамадскіх работ.

– Колькі ўсяго разгледжана спраў названай катэгорыі?

– Сёлета – ужо 7, летась – 35. У 2021-ым гэтая лічба была крыху большай – 37. Ёсць выпадкі, калі на працягу доўгага перыяду часу бацькі ўхіляюцца ад кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей. Запазычанасць у некаторых перабольшвае 10 тысяч рублёў! А, значыць, ёсць над чым яшчэ працаваць.

– Ці ёсць рэцэпт ад бацькоўскага бяздушша?

– Вядома, ёсць. Прымусіць любіць сваё дзіця, напэўна, нельга, а вось матэрыяльна забяспечыць да паўналецця – можна. Галоўнай задачай застаюцца прафілактыка і прадухіленне падобных злачынстваў.

Гутарыла Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram  



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть